ПАСПЯХОВЫ ДЭБЮТ

Общество

Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу навуковых работ “Біблейскія сюжэты ў сусветным мастацтве”, які праходзіў у Мінску ў Інстытуце тэалогіі імені святых Мяфодзія і Кірыла пры Белдзяржуніверсітэце. Школьнікі і навучэнцы нашага раёна ўпершыню прынялі ў ім ўдзел. І такі дэбют аказаўся паспяховым. Іх можна павіншаваць з пяццю ўзнагародамі.

Арганізатары конкурсу прапанавалі моладзі паразважаць на тэму веры, хрысціянскага ўяўлення аб ісціне і сэнсе жыцця, узаемадзеянні веры і навукі як двух узаемадапаўняльных шляхоў спасціжэння свету, ролі біблейскіх матываў у літаратуры, музыцы, выяўленчым мастацтве і інш. На конкурс даслана 956 работ. І кожная ўважліва разгледжана журы, а ў адрас аўтара і куратара адпраўлены падзячныя лісты. На фінальны этап адабрана толькі 50 работ. Усе размеркаваны па трох секцыях: біблейская тэматыка ў выяўленчым мастацтве і літаратуры, у еўрапейскай музычнай традыцыі, праваслаўным іканапісе.

У літаратурнай намінацыі дыплома I ступені ўдастоена работа “Рыфма, накіраваная да Бога” (Асаблівасці ўспрыняцця малітвы “Ойча наш…” у рускай літаратуры ХIХ ст.) гімназістак-дзевяцікласніц Алесі Казерскай і Кацярыны Яблонскай (кіраўнік Т. І. Саевіч). Дыплом II ступені ў гэтай жа намінацыі атрымала першакурсніца Валожынскага ліцэя Алена Бекіш і яе работа “Паэтычны малітоўнік” (па творах паэтаў, якія маюць дачыненне да Валожыншчыны” (кіраўнік Г. А. Круглік).

Заахвочвальныя дыпломы конкурсу ўручаны вучню 9 класа Каменскага ВПК Антону Роману за работу “Біблейскія сюжэты ў творах выяўленчага мастацтва” (кіраўнік І. У. Арлоўскі), васьмікласніцы Вайганаўскага ВПК Ксеніі Трывашкевіч за работу “Хрысціянскія матывы ў творчасці М. Багдановіча (кіраўнік М. В. Круцько) і вучаніцы 9 класа Дубінскога ВПК Марыне Пашкоўскай за работу “Біблейскія сюжэты эпохі Адраджэння. Рафаэль Санці” (кіраўнік С. В. Рамановіч).

На выніковым пасяджэнні, якое адбылося 28-29 сакавіка, першы прарэктар інстытута епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім уручыў пераможцам памятныя падарункі – кнігі серыі “Расійская імперыя ў колеры (1909-1915 гг.)”. Надоўга запомняцца школьнікам і выкладчыкам экскурсія ў Нацыянальны мастацкі музей і канцэрт духоўнай музыкі.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий