РАЗЛІКІ АПРАЎДАЮЦЦА, БО СЕЙБІТЫ СТАРАЮЦЦА

Общество

Тэхніка ААТ «Агра-Вішнеўскі» выйшла ў поле яшчэ 10 красавіка. Хлебаробы гаспадаркі, не марудзячы, прыступілі да пасеву ячменю: вясна сёлета выдалася скупой на дажджы, таму важна, каб зярняткі атрымалі сваю порцыю жыццядайнай вільгаці, пакуль зямля яшчэ не прасохла.

1100 гектараў урадлівай вішнеўскай глебы адведзена сёлета пад клопаты сейбітаў таварыства. На 600 размясціліся азімыя, астатнюю плошчу зоймуць яравыя культуры: на 100 гектарах размесціцца пшаніца, 201 гектар зойме ячмень, 54 – зернебабовыя, 50 – грэчка. Кукуруза на зерне ў бягучым годзе будзе пасеяна на 90 гектарах, на 5 – авёс.

Як адзначае галоўны аграном ААТ «Агра-Вішнеўскі» Аліна Эдуардаўна Шахрай, сёлета тут разлічваюць на добры ўраджай. Згодна з планамі спецыяліста, гаспадарка павінна выйсці на сярэднюю ўраджайнасць зерневых 35,8 цэнтнера на круг. Кукуруза на зялёны корм, якую вішнеўскія рупліўцы пасеялі на 220 гектарах, павінна даць 259,1 цэнтнера з кожнага. Разлік робіцца і на цукровыя буракі – 408,3 цэнтнера на круг пры пасаджаных 120 гектарах.

Пакуль на палетках гаспадаркі вядзецца падрыхтоўка глебы, няма спакойнай хвіліны ў Юрыя Францавіча Давідовіча і Уладзіміра Ільіча Базыка. Абодва механізатары спачатку ўносілі мінеральныя ўгнаенні (207 і 547 гектараў адпаведна), а з першых дзён вясновай кампаніі заўзята ўзяліся за апрацоўку палеткаў. Нягледзячы на адсутнасць такога вопыту, які займеў Юрый Францавіч за гады, праведзеныя за рулём, Уладзімір не адстае ад калегі. За дзень яны выконваюць вызначаную кожнаму норму ў 22 гектары, а потым і перакрываюць яе. Па стане на 12 красавіка Юрый Давідовіч пакінуў за плячамі 151 гектар адчызеляванай зямлі, Уладзімір Базык, які выйшаў у поле на некалькі дзён пазней за таварыша, – 30.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий