ЗА ГОНАР ЁЙ МАТУЛЯЙ ЗВАЦЦА…

Общество

«Сям’я, дзе шмат дзяцей, – радасць», – дзеліцца самымі патаемнымі, глыбока асабістымі душэўнымі развагамі шматдзетная матуля з вёскі Камень А. У. Карасенка. Гэтае меркаванне выпеставана з малых гадоў: Алена Уладзіміраўна і сама расла-сталела побач з братамі ды сёстрамі. Як, зрэшты, у свой час і яе бацькі… Сёння бязмежнае, палымянае матуліна сэрца жыве траімі сваімі крывінкамі, суперажывае іх маленькім няўдачам і шчыра радуецца поспехам.

З Аленай Уладзіміраўнай мы сустрэліся на яе рабочым месцы – у Каменскім дзіцячым садку-сярэдняй школе, дзе жанчына працуе загадчыкам гаспадарчай часткі. У школу яе таксама прывёў не інакш, як лёс, які адзначыў надзвычайную цеплыню і мацярынскія адносіны да падрастаючага пакалення і дазволіў колішняй загадчыцы мясцовага магазіна рэалізаваць іх на новым месцы працы.

Якія ж яны, яе гонар і слава, лепшыя надзеі і самыя балючыя хваляванні – яе дзеткі? Старэйшы Дзіма ў свае 12 гадоў ужо многага дасягнуў у вучобе, мае шмат грамат і водзіць цеснае сяброўства з камп’ютарам. Для яго высокатэхналагічная электронная вылічальная машына не прыстасаванне для віртуальных цацак, а сродак паглыбляць свае веды, уменні і навыкі. Хаця, вядома ж, выкройвае час і на тое, каб прайсці пару-тройку новых квестаў у любімай камп’ютарнай гульні. Дзевяцігадовая Дзіяна – разумніца і надзвычай творчая дзяўчынка. Яна пастаянна задзейнічана ва ўсемагчымых школьных мерапрыемствах, а нядаўна прымала ўдзел і ў раённай вучнёўскай канферэнцыі. Прыгажуньцы ж Анечцы, якая справіла свой 8-мы дзень нараджэння, па-праву дастаецца львіная доля бацькоўскіх любові і клопату, бо яна самая маленькая і таму патрабуе найбольшай апекі.

Радуецца, гледзячы на любімых дзетак, Алена Уладзіміраўна, цешыцца дружнай і ладнай сям’ёй і яе галава – Яўген Аляксандравіч. Калі спытаць у іх, у чым сакрэт такой згоды, з адказам не замарудзяць: у адзінстве думак, пажаданняў бацькоў і дзяцей, у гарачым імкненні таты і мамы паставіць сваіх птушанят на крылы, атуліць іх сямейным цяплом і ласкай. Маленькія ж сэрцы адгукаюцца моцнай гарачай любоўю да самых родных людзей, там не застаецца месца для крыўдаў і расчараванняў.

Нездарма па выхадных святы абавязак дарослай паловы сям’і Карасенка – як мага больш часу ўдзяляць дзецям. Гэта прыемная звычка тоіць у сабе шматлікія гульні і забавы, пікнікі на прыродзе, нярэдка здараюцца і паездкі «ўсім саставам» у сталіцу, дзе кожны задавальняе свае цікавасці і патрэбы ў крамах і парках адпачынку, на атракцыёнах і відовішчных мерапрыемствах… Абавязкова разам робяць і ўрокі. «Блакітная мара» бацькоў – зрабіць жыццё сына і дачок добрым, зручным і камфортным, ад гэтага не адступаюцца ні на хвіліну.

Трошкі нават здзівіўся, калі Алена Уладзіміраўна назвала сваю любімую справу. Аказваецца, жанчына – заўзяты повар, кандытар, кулінар… Яе стыхія – кухня і смачныя эксперыменты раніцай, у палудзень і на сняданак. Здавалася б, апетытных «спакус» безліч, але любімая страва сям’і дастаткова простая – халаднік! А па нядзелях традыцыйна казыча нос прыемным водарам мачанка з блінамі, пасля якой часта на стале з’яўляюцца выпечаныя ўласнымі рукамі торты, пячэнні, булкі. Усё хутка і смачна, бо прыпраўлена самым, бадай, важным інгрэдыентам – стараннем для самых родных і дарагіх людзей на ўсёй зямлі.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота з дамашняга архіву сям’і Карасенка.

 



Добавить комментарий