Скарбніца валожынскай даўніны

Культура

Першыя краязнаўчыя музеі ўзніклі на Беларусі даўно. Збіранне прадметаў даўніны лічылася прэстыжным і годным заняткам для шляхты, якая гэтак ашчадна захоўвала памяць продкаў. Таму першыя зборы старадаўніх рукапісаў, партрэтаў, аўтографаў былі створаны людзьмі, якія вельмі часта былі сапраўднымі знаўцамі і захавальнікамі беларускай даўніны. Дастаткова ўзгадаць славутыя зборы Тышкевічаў, Храптовічаў, Ельскіх. На жаль, большая частка сабраных калекцый была згублена падчас рэвалюцыйных падзей пачатку дваццатага стагоддзя. Новая хваля стварэння краязнаўчых музеяў прыйшлася на савецкі час, калі ў многіх адміністрацыйных цэнтрах узнікла цэлая сетка музейных устаноў.

У памяці нашых сучаснікаў  сённяшні музей асацыіруецца з дзіцячым садком, што доўгія гады мясціўся за дзвярыма старадаўняга будынка. Аднак прайшоў час, памяшканне было перададзена аддзелу культуры райвыканкама, які і вырашыў размясціць у гістарычных мурах краязнаўчы музей. Некалькі гадоў дзейнічала рабочая група, што займалася распрацоўкай канцэпцыі будучага “храма муз”, і толькі з мінулага года ідэя набыла, нарэшце, афіцыйны музейны статус.

На сённяшні дзень наяўнасць свайго краязнаўчага музея – важны паказчык культурнага ўзроўню любога населенага пункта. На шчасце, і Валожын мае гонар пахваліцца ўласным музеем. Сёння мы гутарым з Наталляй Паўлаўнай ЛОЎЧАЙ, дырэктарам Валожынскага раённага краязнаўчага музея.

Асабняк на ўскрайку

Будынак Валожынскага музея адметны. Яго бела-ружовыя сцены, акруглыя выгіны лесвіц, масіўныя парапеты ды незвычайны дах выразна гавораць аб прыналежнасці да мінулых эпох. Нават сёння музей стаіць амаль што на ўскрайку горада. У далёкім жа 1921 годзе, калі быў створаны Валожынскі павет у складзе Навагрудскага ваяводства, мясціна знаходзілася, па сутнасці, у прадмесці. Прыданне мястэчку новага статусу падштурхнула да будаўніцтва новай вуліцы для павятовых служачых, якую тады называлі проста – Дамкі. Архітэктурным цэнтрам Дамкоў стаў прыгожы дом павятовага старасты, у якім і размяшчаецца сучасны музей.

Наталля Паўлаўна сустракае мяне ў дэмакратычнай абстаноўцы. У невялічкім кабінеце знайшлі сабе месца тры простыя сталы, некалькі шафаў з кнігамі. Дырэктар уздымаецца насустрач, некалькі дзяўчат, супрацоўнікаў музея, ветліва вітаюць мяне са сваіх рабочых месцаў. Мы спускаемся на першы паверх старога асабняка, туды, дзе плануецца пачатак будучай экспазіцыі.

– За мінулы год мы зрабілі даволі шмат. Удалося завяршыць рамонт будынка, сфарміраваць штат. Пачаўся збор экспанатаў. На сённяшні дзень музей валодае калекцыяй памерам каля шасці тысяч экспанатаў, – расказвае Наталля Паўлаўна. – Зараз пачалося стварэнне экспазіцыі.

Чалавеку недасведчанаму можа падацца, што стварыць экспазіцыю – значыць, проста расставіць старадаўнія рэчы па паліцах. На самой справе гэта доўгая і складаная праца, падобная на напісанне навуковага трактата. Больш таго, каб экспазіцыя атрымалася прыгожай, цікавай і прафесійнай, патрэбны грошы і грошы немалыя.

– Наш музей ужо расчыніў дзверы для наведвальнікаў, аднак сёння мы прапануем толькі часовыя выставы ў зале на першым паверсе. Экспазіцыя змяняецца кожны месяц, экспанаты прывозім з Мінска, Маладзечна і іншых гарадоў Беларусі, – тлумачыць дырэктар.

Карысная плошча ўсіх памяшканняў будынка – 282 квадратныя метры. Зразумела, што для раённага краязнаўчага музея гэта зусім няшмат. Невялікі калектыў, які складаецца з дырэктара, захавальніка фондаў і двух навуковых супрацоўнікаў займае адзін кабінет ды невялічкі камп’ютарны клас.

Чучала, каб прывабіць гасцей

Невялічкія залы, утульныя старасвецкія калідорчыкі, драўляная лесвіца на другі паверх – усё дыхае даўніной, чысціня ж нядаўняга рамонту, не разбураючы атмасферы, дадае адчуванне сучаснасці і дагледжанасці. Я цікаўлюся ў сваёй субяседніцы тым, як будзе выглядаць будучая экспазіцыя музея.

Аказваецца, увесь першы этаж будзе аддадзены разделу пад назвай “Прырода і экалогія”. У мяне ў галаве ўзнікае вобраз першага напаўпадвальнага яруса сталічнага гістарычнага музея, аднак Наталля Паўлаўна перапыняе мае асацыяцыі.

– Значную частку тэрыторыі нашага раёна займае Налібоцкая пушча. Таму мы проста не можам абысці ўвагай гэтую тэму, – тлумачыць яна. Аснову гэтай часткі экспазіцыі павінна скласці грунтоўная таксідэрмічная калекцыя – іншымі словамі калекцыя чучалаў – ужо сабраная і гатовая да паказу.  Асобная частка раздзела будзе прысвечана тэме радыеактыўнага забруджвання, ад якога пацярпела Валожыншчына. Цікавы збор дазіметраў – прыбораў для вымярэння атрыманай дозы радыяцыі – і рэдкай літаратуры па тэме таксама ўжо чакае свайго часу ў сховішчах музея.

–Першы паверх раскажа пра найбольш адметныя рысы нашай прыроды, пазнаёміць з цікавымі фактамі, а магчыма, і падштурхне да рэальнай паездкі ў пушчу, каб на свае вочы пабачыць усе налібоцкія “экспанаты”! – з захапленнем у голасе дзеліцца сваім бачаннем дырэктар музея.

Зразумела, што будучы раздзел “Прырода і экалогія” можа стаць выдатнай пляцоўкай для правядзення незвычайных і высокаэфектыўных урокаў па прыродазнаўчых дысцыплінах для школьнікаў. Трэба сказаць, што ўжо сёння, нягледзячы на незавершанасць экспазіцыі, школьныя групы складаюць значную частку наведвальнікаў музея.

Другі паверх у будучай экспазіцыі будзе пазначаны назвай “Падзеі і людзі”. Самыя разнастайныя краязнаўчыя знаходкі і гістарычныя экспанаты распавядуць аб найбольш цікавых, значных ды знакамітых людзях, што ў розныя часы жылі на валожынскай зямлі. Унікальныя дакументы, арыгінальныя старадаўнія прадметы побыту, аўтэнтычнае адзенне, старыя фотаздымкі, гістарычныя манеты і шмат іншых экспанатаў раскажуць аб жыцці і дасягненнях нашых землякоў, якія пакінулі свой след у беларускай і сусветнай гісторыі.

Ліцейня ў падвале

Усе мы добра памятаем з кніг, што якім бы прыгожым ды багатым не здаваўся старадаўні замак альбо палац, усё самае каштоўнае заўсёды захоўвалася пад зямлёй, у глыбокіх ды змрочных падзямеллях.

Ці то стваральнікі канцэпцыі нашага музея і яго сённяшнія гаспадары сапраўды трымаліся старой традыцыі, ці то проста цесната прымусіла іх спусціцца ў сваіх праектах пад зямлю, аднак найбольш адметная частка будучай экспазіцыі на самой справе будзе схавана ў скляпеннях будынка. Вось толькі ўся змрочнасць павінна ператварыцца ў загадкавасць і незвычайнасць.

– Галоўная адметнасць нашай канцэпцыі – рэканструкцыя першага на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага жалезаліцейнага завода, закладзенага Храптовічамі ў Вішневе ў далёкім 1770 годзе.  – расказвае Наталля Паўлаўна. – Вялікая экспазіцыя па ліцці жалеза ды кавальскай справе размесціцца ў падвалах музея.

Славуты жалезаліцейны завод у Вішневе існаваў каля ста гадоў. Пастаўкі таннага металу з уральскіх рэгіёнаў Расіі прымусілі яго стваральнікаў і гаспадароў спыніць вытворчасць, пераключыўшы сваю камерцыйную ўвагу на іншыя напрамкі. Аднак сам факт існавання поўнавартаснай ліцейнай вытворчасці ў Беларусі яшчэ ў васемнаццатым стагоддзі шмат гаворыць аб узроўні развіцця нашай краіны ў мінулым, кладзе яшчэ адну цаглінку ў падмурак нашай нацыянальнай самасвядомасці. Цікава і тое, што падчас паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі зброя для змагароў за волю, у тым ліку і славутыя касінерскія косы, выраблялася і на вішнеўскім заводзе.

“Прыму ў дар…”

Ці задумваўся хто з нас, адкуль бяруцца экспанаты ў музеях? Асабліва цяпер, калі ў эпоху камерцыі і бясконцага прадпрымальніцтва самая простая вясковая бабуля чакае атрымаць за “старэнькую качаргу” як мінімум сотню-іншую якіх-небудзь замежных грошай?

– Якім чынам Вы шукаеце будучыя экспанаты? – пытаюся я ў Н. П. Лоўчай.

– Старыя добрыя экспедыцыі ніхто не адмяняў, – крыху саркастычна адказвае яна. – Мы пастаянна выязджаем у вёскі. Прыходзім да людзей, тлумачым, просім. Зразумела, часта людзям бывае цяжка растацца з фамільнымі каштоўнасцямі, сямейнымі фотаздымкамі, напрыклад. Але ж мы ўгаворваем, упрошваем. Ды і грошы ўсё ж такі выдзяляюцца на набыццё экспанатаў і нашым раённым бюджэтам, і абласным.

Некаторую частку экспанатаў прыносяць мясцовыя аматары-краязнаўцы і людзі, жыццё якіх так ці інакш звязана з Валожыншчынай.

– Вось, літаральна на мінулым тыдні адзін краязнаўца прынёс нам старыя паперы польскага і ваеннага часу. Беларускія літаратары, якія родам з нашых мясцін, ужо традыцыйна дасылаюць нам па экзэмпляры сваіх новых кніг.

Хтосьці скажа, маўляў, экспазіцыі няма, дык чым жа займаюцца гэтыя «музейшчыкі»? На самой справе невялікі калектыў, якім кіруе Наталля Паўлаўна Лоўчая, акрамя нябачнай, але па-сапраўднаму тытанічнай працы па стварэнні экспазіцыі, займаецца мноствам цікавых і карысных спраў.

Праводзяцца навуковыя даследаванні ў архівах Маладзечна і Мінска, у перспектыве – праца ў адпаведных установах Вільні, Варшавы, Кракава. Распрацоўваюцца разнастайныя сувеніры з выявамі найбольш значных і прыгожых гістарычных помнікаў Валожыншчыны, інфармацыйныя буклеты аб іх, якія могуць набыць усе госці нашага горада і наведвальнікі музея. У плане – дакументальны фільм аб гісторыі і культуры нашага краю. Асобны накірунак дзейнасці краязнаўчага музея – ахова гісторыка-культурных каштоўнасцей па ўсім раёне, а налічваецца іх німнога-німала – трыццаць тры…

Аднак найбольш цікавая ды клопатная праца звязана з падарожжамі. На сённяшні дзень распрацавана пяць турыстычных маршрутаў па найбольш цікавых мясцінах раёна. Супрацоўнікі музея не толькі праводзяць цікавыя і пазнавальныя экскурсіі, але могуць дапамагчы вырашыць і шмат чыста тэхнічных пытанняў, звязаных з арганізацыяй падарожжа, напрыклад, праблему забеспячэння транспартам.

– Самы папулярны наш маршрут – навагодняе падарожжа ў Налібоцкую пушчу, – гаворыць кіраўнік музея. – Прычым мы распрацавалі некалькі варыянтаў як для дзетак, так і для дарослых груп. Звычайна мы сустракаем гасцей у Валожыне, знаёмім з гісторыяй, самымі адметнымі і прыгожымі помнікамі горада. Потым група рушыць у пушчу. Зімовым часам мы прымаем падобным чынам па пяць-сем турыстычных аўтобусаў штодзень!

Пра лыжку дзёгцю…

“Не існуе на свеце такой бочкі мёду для якой не знайшлася б лыжка дзёгцю!” – гаворыць адно са следстваў славутага закона Мэрфі. На жаль, гэта правіла дзейнічае і ў сферы музейнай дзейнасці. Адносна нядаўна валожынцы маглі на свае вочы пабачыць выставу славутых роставых васковых фігур. Але ж не пабачылі. Калекцыя, што прыехала з далёкага Санкт-Пецярбурга, экспанавалася ў суседнім Маладзечна, і яе арганізатары прапаноўвалі наведаць і Валожын. Аднак адсутнасць на той момант сістэмы аховы ў будынку музея зрабіла выставу немагчымай.

На шчасце, зараз музей ужо знаходзіцца пад надзейным наглядам службы аховы, аднак… Не абыходзіцца без складанасцей і сёння. Вось што расказвае аб гэтым мая субяседніца:

– Нядаўна нам чалавек прынёс вельмі рэдкую манету 1638 года. Але ж, на жаль, мы не можам яе прыняць, таму што ў музея няма ліцэнзіі на захаванне каштоўных металаў, а манета сярэбраная…

 

Вырашэнне, канешне, ёсць і ў гэтай праблемы. На сённяшні дзень музей не з’яўляецца самастойнай дзяржаўнай установай, а прадстаўляе ўсяго толькі структурнае падраздзяленне аддзела культуры раённага выканкама. Пасля заканчэння стварэння экспазіцыі з’явіцца магчымасць статус змяніць, а значыць будуць бухгалтар, эканаміст, выканаюцца іншыя патрабаванні для атрымання ліцэнзій.

А пакуль што… На жаль, каб нехта з мясцовых аматараў даўніны раптоўна адкапаў на сваім гародзе, напрыклад, цудам ацалелую касінерскую касу альбо іржавае напалеонаўскае ружжо, то музей не змог бы іх прыняць, бо захаванне зброі таксама патрабуе адмысловай ліцэнзіі. Што ж, застаецца толькі адно – чакаць таго чароўнага моманту, калі новая пастаянная экспазіцыя музея ўсё ж такі адкрые свае дзверы для наведвальнікаў.

Асабіста ў мяне склалася ўражанне, што калектыў музея робіць усё магчымае для таго, каб гэты дзень наступіў як мага хутчэй. Але ж сіламі чатырох пар нават самых працавітых жаночых рук цяжка ператварыць голыя сцены ў прафесійна і па-мастацку аформленую экспазіцыю на амаль што трох сотнях квадратных метраў пустой плошчы.

Калі праглядаеш старонкі Інтэрнэта, цікавячыся сусветным музейным жыццём, здзіўляешся разнастайнасці і незвычанасці музеяў ва ўсім свеце, якія ўсё больш імкнуцца адысці ад стандартаў мінулага стагоддзя з экспанатамі, адгароджанымі ад людзей браніраваным шклом. Музейшчыкі ўсяго свету пачынаюць разумець, што простае захаванне і “дыстанцыйны” паказ прадметаў даўніны не дае таго адукацыйнага, выхаваўчага, асобафарміруючага ўздзеяння, якое чакаецца ад сучаснага музея. Таму ўсё большую папулярнасць пачынае набываць ідэя “жывога музея”, у якім наведвальнік з простага гледача ператвараецца ва ўдзельніка, уцягваецца ў актыўныя дзеянні.

Па задумцы стваральнікаў Валожынскага краязнаўчага музея гэты падыход знойдзе сваю рэалізацыю ў новай экспазіцыі. Паводле слоў дырэктара музея Наталлі Паўлаўны Лоўчай у падвальнай частцы, прысвечанай гісторыі жалезаліцейнай справы на Валожыншчыне, плануецца стварэнне дзеючай кузні, дзе кожны зможа не толькі на свае вочы пабачыць працу сапраўднага каваля, але і прыняць непасрэдны удзел у апрацоўцы гарачага металу.

–      У кожным музеі павінна быць свая “ізюмінка”, свая адметная рыса, – лічыць Наталля Паўлаўна. – І тады ў яго пойдуць людзі.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.


 



Добавить комментарий