АД ІНФЕКЦЫЙ ЗАСЦЕРАЖЭ ПРЫШЧЭПКА

Общество

З 21 па 27 красавіка па ініцыятыве Еўрапейскага рэгіянальнага бюро сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў краінах еўрапейскага рэгіёна, у тым ліку і ў Беларусі, праводзіцца Еўрапейскі тыдзень імунізацыі, мэта якога – павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва аб неабходнасці абароны ад інфекцыйных захворванняў з дапамогай вакцынапрафілактыкі. Каляндар прафілактычных прышчэпак у Беларусі ўключае 9 інфекцый: дыфтэрыю, паліяміэліт, слупняк, коклюш, туберкулёз, адзёр, гепатыт В, краснуху і эпідпаратыт. У краіне рэгламентавана таксама правядзенне прафілактычных прышчэпак па эпідэмічных паказчыках супраць 19 інфекцый. У многіх краінах Заходняй Еўропы, напрыклад, у такі каляндар уключаны прышчэпкі і супраць Hib-інфекцыі, пнеўмакокавай інфекцыі.

Планавая імунізацыя супраць паліяміэліту, слупняку, дыфтэрыі і коклюшу штогод выратоўвае жыцці прыкладна 3 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце. Мільёны засцерагае ад пакут, звязаных з цяжкімі хваробамі і пажыццёвай інваліднасцю. Па дадзеных сусветнай арганізацыі аховы здароўя, прышчэпкі ад дыфтэрыі прадухіляюць штогод 5 тысяч выпадкаў смерцяў. У першай палове ХХ стагоддзя гэта хвароба забірала дзесяткі тысяч людзей. У пачатку 60-х гадоў масавая імунізацыя дзяцей дыфтэрыйным анатаксінам прывяла да рэзкага зніжэння захворвання і нават знікнення. Аднак пазней і пацыенты, і ўрачы перасталі ўспрымаць яго як сур’ёзнае. Знізіўся ахоп насельніцтва прафілактычнымі прышчэпкамі, і ў выніку – у 90-х гадах дыфтэрыя зноў стала актуальнай праблемай. За перыяд з 1990 па 1996 гады ў рэспубліцы было зарэгістравана 965 выпадкаў захворванняў і 28 выпадкаў смерцяў.

Успышкі інфекцыйных захворванняў ствараюць пастаянную сур’ёзную пагрозу. Дзякуючы эфектыўным праграмам вакцынацыі, многія не адчуваюць на сабе іх разбуральных наступстваў. У людзей з’явілася пачуццё самазаспакаення, а таксама меркаванне, што вакцына яшчэ больш небяспечная, чым сама хвароба. Гэта памылковая думка прывяла да зніжэння ўзроўню імунізацыі і росту такіх інфекцыйных захворванняў, як адзёр, дыфтэрыя, краснуха і коклюш.

Да ўвядзення планавай імунізацыі дзяцей інфекцыйныя хваробы былі асноўнай прычынай дзіцячай смяротнасці. У сярэднім у свеце штогод памірае каля 1,7 мільёна дзяцей ад хвароб, якія можна было папярэдзіць, зрабіўшы прышчэпку. Напрыклад, адзёр у 2003 годзе ў краінах еўрапейскага рэгіёна забраў больш за 4,5 тысячы маладых жыццяў.

Безумоўна, поспехам і дасягненнем імунапрафілактыкі ў ХХI стагоддзі стала зніжэнне ў нашай краіне многіх інфекцыйных захворванняў. Так, зусім знік паліяміэліт, адсутнічаюць выпадкі мясцовай краснухі (43000 выпадкаў у 1997 годзе), не рэгіструюцца або назіраюцца адзінкавыя выпадкі захворвання адром (у дапрышчэпачны перыяд – каля 70000 выпадкаў у год), з 2011 года адсутнічае такое захворванне, як дыфтэрыя (у дапрышчэпачны перыяд – да 14000 выпадкаў у год), у 9,9 раза знізілася захворванне вірусным гепатытам В (з 1266 выпадкаў у 1998 годзе да 128 у 2011-м), рэгіструюцца толькі адзінкавыя спарадычныя выпадкі слупняку.

Вольга СЯЛІЦКАЯ,

урач-эпідэміёлаг ДУ “Валожынскі райЦГіЭ”.

 



Добавить комментарий