Летапісец роднага краю

Культура

Ганаровае званне “Ветэран працы” прысвойваецца за трыццацігадовы працоўны стаж. Герой жа гэтага нарыса – “ветэран працы ў квадраце”, за яго плячыма – шэсцьдзесят гадоў працоўнай біяграфіі. Паўстагоддзя Мечыслаў Францавіч НОВАК з Валожына аддаў служэнню на ніве народнай адукацыі, яшчэ дзесяць гадоў – раённаму краязнаўчаму музею.
Нарадзіўся ў Валожыне ў простай сялянскай сям’і. Новакі мелі тры гектары зямлі, якую апрацоўвалі самастойна. Каб мець лішнюю капейку, бацька ў зімовы перыяд займаўся сталяркай: рабіў вокны, дзверы, мэблю або наймаўся па дагавору на будаўніцтва ваенных гарадкоў у Валожынскім і Маладзечанскім раёнах. Дзякуючы яго руплівасці, дамачадцы не галадалі, на стале быў заўсёды хлеб і да хлеба.
Мечыку заўсёды лёгка давалася навука, і ў тым, што ён будзе настаўнікам, хлопец ні на хвіліну не сумняваўся. Пасля заканчэння сярэдняй школы ён паступае ў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага на гістарычны факультэт. Працоўную дзейнасць Мечыслаў Францавіч распачаў настаўнікам у СШ № 1. У 1964 годзе пад яго кіраўніцтвам быў створаны адзін з першых у раёне школьных краязнаўчых музеяў. Дарэчы, Мечыслаў Францавіч быў піянерам многіх педагагічных спраў. Напрыклад, мала якая сталічная школа магла пахваліцца такой выдатнай геаграфічнай пляцоўкай, што была створана пры СШ № 1 Валожына. Быў там надзіва прыгожы глобус з рэльефнымі ўзвышшамі і нізінамі, зялёнымі лясамі і жоўтымі пустынямі. Мечыслаў Францавіч рабіў гіганта разам з вучнямі, дапамагалі ім ваенныя інжынеры.
Больш за дваццаць гадоў М. Ф. Новак працаваў інспектарам, загадчыкам метадычнага кабінета аддзела народнай адукацыі Валожынскага райвыканкама. Выконваючы асноўныя свае абавязкі па службе ў РАНА, ён адначасова адказваў за стан турыстычна-краязнаўчай работы ў школах раёна. Назапашаны вопыт пазней лёг у аснову прац па гісторыі раёна. Па ініцыятыве Мечыслава Францавіча штогод праводзіліся турыстычна-краязнаўчыя злёты і экскурсіі, з яго дапамогай у 9 сярэдніх і 4 базавых школах раёна былі адкрыты краязнаўчыя музеі.
У час працы галоўным захавальнікам фондаў музея ім была праведзена вялікая работа па збору экспанатаў для афармлення экспазіцый музея. Ён часта выступаў перад школьнікамі, калектывамі ўстаноў і салдатамі мясцовай ваеннай часці, праводзіў экскурсіі па гораду і раёну.
Працуючы ў музеі, М. Ф. Новак адначасова выконваў абавязкі адказнага сакратара раённага аддзялення “Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”.
Яго пяру належаць фундаментальныя працы па краязнаўству раёна, гэта гістарычныя нарысы “Адчуванне Бацькаўшчыны”, “Шлях да хрысціянскіх святыняў Валожыншчыны”, “Крывавы след нямецка-фашысцкай акупацыі ў гісторыі Валожынскага раёна (1941-1942 г.г.), біяграфічны даведнік “Гонар і слава Валожыншчыны”. Нарысы грунтуюцца на рэальных фактах жыцця, напісаны добрай, зразумелай мовай, лёгка чытаюцца. Іх як даведнікі могуць выкарыстоўваць вучні, настаўнікі, экскурсаводы і бібліятэкары, а таксама ўсе людзі, хто цікавіцца мясцовым краязнаўствам. Творчасць М. Ф. Новака мае не толькі пазнавальнае, інфармацыйнае, але і выхаваўчае значэнне. Народ, які не шануе мінуўшчыны, не можа разлічваць на шчаслівую будучыню. Мы павінны памятаць і ганарыцца тым, што зрабілі і пакінулі нам нашы продкі. Зараз падрыхтавана да друку “Кніга памяці вогненных вёсак Валожынскага раёна (1941-1944 г.г.), прымеркаваная да 65-годдзя Вялікай Перамогі, а творчыя планы Мечыслава Францавіча ўжо поўняцца новымі задумкамі. Магчыма, знойдзецца спонсар, які дапаможа краязнаўцу выдаць яго гістарычныя нарысы буйным тыражом, каб гэта грунтоўная праца дайшла як мага да большага кола чытачоў.
За шматгадовую работу на ніве народнай аду-кацыі і актыўную дзейнасць па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны раёна М. Ф. Новак узнагароджаны знакам “Выдатнік народнай асветы БССР”, медалямі “За доблесную працу” і “Ветэран працы”, Ганаровымі граматамі Міністэрства асветы БССР, абласнога і раённага аддзелаў народнай адукацыі, Прэзідыума Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” і аддзела культуры райвыканкама.

Алена ЗБІРЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий