АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА КРАСАВІК 1967 ГОДА

Культура

ВЫРАБЫ НЕ ЗАЛЕЖВАЮЦЦА

На Івянецкай фабрыцы мастацкай керамікі і вышыўкі выпускаецца каля 200 розных відаў вырабаў. І куды б яны не паступалі, нідзе не залежваюцца на прылаўках магазінаў.

Вырабы івянецкіх майстроў высокамастацкія і арыгінальныя. Яны ўпрыгожваюць дамы людзей, выкарыстоўваюцца ў якасці сувеніраў. Гэта з густам аформленыя посуд, вазы і кубкі, памятныя падарункі і дзіцячыя цацкі, статуэткі і інш. Традыцыяй стаў выраб ваз у гонар памятных дат і выдатных людзей. Летась на фабрыцы асвоена і ўкаранёна ў вытворчасць 46 новых відаў вырабаў. Многія з іх адпраўлены на Лейпцыгскі кірмаш, на сусветную выставу ў Манрэаль.

ПЛАН ПЕРАВЫКАНАНЫ

На 6 дзён раней тэрміну выканалі план першага квартала па продажы малака жывёлаводы саўгаса “Ракаўскі”.

Дзяржаве адпраўлена 1881 цэнтнер малака – на 31 цэнтнер больш, чым прадугледжвалася.

СУСТРЭЧА З ГЕРОЕМ

У Валожын з’ехаліся работнікі народнай асветы з усяго раёна. Тут праходзіў дзень адпачынку настаўнікаў.

КАЛІ ЗАВЯЗУЦЬ ТАВАРЫ?

У нашай вёсцы Гіравічы пабудаваны прыгожы магазін. І загадчыкам яго прызначана маладая энергічная дзяўчына Галіна Патаповіч. Але большасць людзей, якія наведваюць магазін, вельмі часта пакідаюць яго незадаволенымі.

Справа ў тым, што работнікі праўлення Ракаўскага сельпо не турбуюцца аб забеспячэнні магазіна таварамі. Доўгі час сюды не завозяць газы, алею, часта адсутнічае цукар, соль, мыла. Жыхары вёскі неаднаразова скардзіліся на дрэннае забеспячэнне іх прадметамі першай неабходнасці. На гэта кіраўнікі праўлення адказвалі, што ў сельпо няма транспарту. Калі ж кіраўніцтва саўгаса накіроўвала ў Ракаў трактар ці падводу, то яны часта вярталіся ў Гіравічы пустымі.

УСІМ БЫЛО ВЕСЕЛА

Часта праводзяцца тэматычныя вечары ў Манькаўшчынскай васьмігодцы. Цікава прайшоў і вечар на тэму “За што я люблю сваю Радзіму”.

Яго рыхтавалі васьмікласнікі пад кіраўніцтвам настаўніцы Г. Е. Цэневай. У праграму былі ўключаны літаратурная кампазіцыя, песні, танцы, вершы, захапляльныя гульні. Адным словам, у школе ў гэты вечар было весела, і сумаваць нікому не давялося. Гасцямі свята сталі бацькі вучняў.

ЗА ВУЧОБАЙ

У канторы калгаса імя Леніна вісіць вялікі аркуш паперы. І кожны, хто прыходзіць сюды, кідае на яго позірк. Гэта ведамасць паспяховасці тых калгаснікаў, якія займаюцца ў вячэрняй школе.

Вось імёны механізатара У. Мучынскага, брыгадзіраў І. Кудрыцкага і М. Косіка, паляводаў С. Борыса, У. Рая, Н. Бараноўскай і інш. Без адрыву ад вытворчасці яны павышаюць свой агульнаадукацыйны ўзровень. У калгасе вучацца многія. Працуючы, вучыцца нялёгка. Трэба быць настойлівым, умець правільна размяркоўваць свой час. Аднак набытыя веды дапамогуць у працы. Загадчыца свінафермы Л. Кулікоўская займаецца завочна ў Смілавіцкім зааветэрынарным тэхнікуме. Для заатэхніка Ч. Рымшы гэта ўжо пройдзены этап. Ён займаецца ў Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце. Завочна вучыцца і загадчыца фермы буйной рагатай жывёлы В. Невядомская, а на экзаменацыйныя сесіі ездзіць у Гродна. Праз паўгода скончыць Жыравіцкі тэхнікум механік М. Рубацкі. Тры чалавекі займаюцца ў Вілейскім сельскім прафтэхвучылішчы.

ДА ЦЯБЕ, ЧЫТАЧ!

У райгазеце адкрываецца новы аддзел “Куток прыроды”. Тут будуць змяшчацца матэрыялы пра энтузіястаў аховы прыроды, заметкі пра жывёльны і раслінны свет.

Можна будзе даведацца нямала цікавага аб звычках звяроў і птушак, прачытаць байкі паляўнічых і рыбаловаў. Будзе весціся на старонках газеты непрымірымая барацьба з браканьерствам. Няхай яны адчуюць справядлівае абурэнне сапраўдных сяброў прыроды. Просьба да чытачоў стаць актыўнымі аўтарамі новага аддзела.

ПЕРШЫЯ ГЕКТАРЫ

Хто першы выведзе трактар у поле, пракладзе першую баразну? Гэтага з нецярплівасцю чакалі ў сельгасарцелі імя М. Горкага.

Гонар пачаць палявыя работы выпаў трактарысту Віктару Трахімовічу. Выбарачным парадкам ён вядзе цяпер культывацыю пад бульбу і цукровыя буракі. Глеба яшчэ не ўсюды добра падсохла, але механізатар штодня культывіруе больш за 5 гектараў у першай паляводчай брыгадзе. Хлебаробы ўжо пачалі падсеў шматгадовых траў і травасумесяў. Больш за 40 гектараў падсеялі іх пад покрыў азімых у чацвёртай брыгадзе. А ўсяго падсеяна амаль 100 гектараў сумесі канюшыны з цімафееўкай. Пачалася развозка ўгнаенняў па ўчастках.

ЖЫВЕ – НЕ СТАРЫЦЦА

Ціт Іванавіч Жук – пенсіянер. Яму ўжо амаль 70 год, але старэйшы хлебароб па-ранейшаму працуе ў родным калгасе “Чырвоны сцяг”. Кожную раніцу ў любое надвор’е спяшаецца ён на брыгадны двор, каб атрымаць нарад.

У мінулым годзе Ціт Іванавіч выпрацаваў на розных работах у сёмай паляводчай брыгадзе каля 200 працадзён. Цяпер ён актыўна нарыхтоўвае мясцовыя ўгнаенні. Ветэран працы карыстаецца заслужанай павагай сярод хлебаробаў.

КУПЛЯЮЦЬ МАШЫНЫ

Папаўняецца машынна-трактарны парк сельгасарцелі “Чырвоны сцяг”.

Летась гаспадарка набыла два трактары, два камбайны, дзве бульбакапалкі, бульбасаджалку, лафетную жняярку і інш. У гэтым годзе на папаўненне новай тэхнікі выдаткавана 19 тысяч рублёў.

ЗАЦВІТУЦЬ КВЕТКІ

Веснавым цёплым днём выйшлі на нядзельнік вучні Белакорацкай школы.

Яны навялі парадак не толькі ў сваім двары, але добраўпарадкавалі тэрыторыю ля канторы мясцовага калгаса, ля магазіна. А ў школьным двары рабяты разбілі клумбы, на якіх у хуткім часе пасеюць кветкі.

ШКОЛЕ – 100 ГАДОЎ

Ракаўская сярэдняя школа мае багатую і доўгую гісторыю. Яшчэ ў 1863 годзе ў Ракаве было адкрыта народнае вучылішча, якое размяшчалася ў грамадскім доме. Тэрмін навучання працягваўся тры гады. Адначасова была створана і царкоўнапрыходская школа з чатырохгадовым тэрмінам навучання. Пасля рэвалюцыі яна была зачынена.

У дарэвалюцыйны час у Ракаве працавала і рамеснае вучылішча, дзе рыхтавалі кавалёў, слесараў і сталяроў. Пазней у Ракаве было створана Вышэйшае пачатковае вучылішча. Сюды прымалі дзяцей, якія скончылі пачатковае вучылішча ці царкоўнапрыходскую школу. Узначальваў яго І. І. Цэханоўскі, выпускнік-выдатнік Пецярбургскага ўніверсітэта, які валодаў некалькімі замежнымі мовамі. Тут вучылася каля 200 юнакоў і дзяўчат з Ракава і навакольных вёсак. У 1921 годзе яно было зачынена. Потым у Ракаве адкрылася польская пачатковая школа, якая пазней была ператворана ў сямігадовую школу. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі адкрылася савецкая сямігадовая школа. Яе дырэктарам стаў М. М. Глазуноў. У гады вайны ён быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Калі Ракаў вызвалілі ад нямецкіх захопнікаў, школа-сямігодка зноў была адноўлена, а з 1948 года – ператворана ў сярэднюю. Першы выпуск адбыўся ў 1951 годзе, скончылі яе тады толькі 22 вучні. З той пары было 16 выпускаў, закончылі школу больш за 500 чалавек, 3 – з залатымі медалямі, 26 – з сярэбранымі. Больш за 300 вупускнікоў скончылі або вучацца ў ВНУ. Педагагічны калектыў, які зараз налічвае 44 настаўнікі, і вучні рыхтуюцца да юбілею школы.

БУДУЮЦЦА РАБОЧЫЯ

Калі бываеш у населеных пунктах Багданаўскага сельсавета, то адразу заўважаеш новабудоўлі. За пасляваенны перыяд 889 рабочых саўгасаў “Багданаўскі” і “Падбярэззе” справілі наваселлі.

Толькі летась 22 сям’і рабочых перасяліліся ў новыя дамы. 35 дамоў знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва. Многія працаўнікі перасяліліся з хутароў. Дамы ўзводзяць прасторныя, з вялікімі вокнамі, пад чарапічнымі, бляшанымі, шыфернымі дахамі. Вялікую дапамогу забудоўшчыкам аказваюць саўгасы і сельсавет. Хлебаробам у першую чаргу прадастаўляецца транспарт, адпускаюцца будматэрыялы, выдаюцца крэдыты.

ЦІКАВЫ ВЫПАДАК

У аддзел “Куток прыроды” даслаў ліст М. Сухадолец. Ён піша: “Адбылося гэта ў студзені. Мы з сябрам пайшлі на паляванне на зайцоў ва ўрочышча “Капусціна”.

Неўзабаве амаль з-пад ног выскачыў заяц-русак і паімчаўся да бліжэйшага лесу. Калі да яго заставалася метраў сто, з вышыні на зайца спікіраваў ястраб-цецеравятнік. Русак, відаць, заўважыў ворага і рашыў уступіць з ім у барацьбу. Ён імгненна перавярнуўся на спіну і нагамі адбіў першую атаку. Але драпежнік не хацеў пакідаць сваю ахвяру, зноў і зноў накідваўся на яе. Гэта паўтарылася разоў восем. Цяжка сказаць, чым бы гэта скончылася, каб не падаспеў сабака. Ён і вырашыў зыход паядынку. Нічыя. Заяц, узняты сабакам, пабег у лес, а ястраб ад трапнага выстралу майго сябра ўпаў на зямлю”.

НАШЫ ГОСЦІ – СТАЛІЧНЫЯ АРТЫСТЫ

Днямі валожынцы пазнаёміліся з яшчэ адной пастаноўкай Дзяржаўнага Рускага драматычнага тэатра БССР імя М. Горкага – спектаклем “Вяселле на ўсю Еўропу” па п’есе А. Арканава і Р. Горына.

Гэта сатырычная камедыя ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР А. А. Даброціна вельмі спадабалася глефдачам райцэнтра, якія яшчэ раз сустрэліся са сваімі любімымі артыстамі Я. Палосіным, А. Ільіным, Э. Аўчыннікавай і інш.

Старонкі газеты гартала

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий