РАБОТУ Ў СУБОТУ ПРЫСВЯЦІЛІ КРАІНЕ І ДЗЕЦЯМ

Официально

Рэспубліканскі суботнік, які на мінулым тыдні сабраў пад працоўнымі сцягамі тысячы жыхароў Валожыншчыны, прынёс не толькі вялікую карысць добраму выгляду нашай малой радзімы, але і прывёў раён да значных эканамічных здабыткаў. Дзякуючы нястомным руплівым рукам гараджан і вяскоўцаў, падчас генеральнага добраўпарадкавання было зароблена звыш 123 мільёнаў рублёў.

Поплеч з карэннымі ўраджэнцамі Валожынскага краю працавалі ў той дзень і шматлікія прадстаўнікі нацыянальных меншасцей Беларусі, якіх у той дзень гасцінна сустрэла Івянецкая зямля! Па ініцыятыве Упаўнаважанага  па справах рэлігій і нацыянальнасцей сумяшчалі ўдзел у суботніку з рэспубліканскай акцыяй «Тыдзень лесу» армяне, азербайджанцы, украінцы, грузіны, грэкі, літоўцы, расіяне, чувашы і нават карэйцы… Аўтобус, запоўнены пазітыўна настроенымі і энергічнымі людзьмі розных узростаў і прафесій, спыніўся непадалёк ад гарадскога пасёлка. На ўскрайку ўчастка, прызначанага ДВЛГУ «Валожынскі вопытны лясгас» для пасадкі новага лесу, 30 чалавек пераапрануліся ў нацыянальныя касцюмы, прайшлі мэтавы інструктаж, «узброіліся» саджанцамі елак і бярозак, неабходным тэхнічным інвентаром і прыступілі да справы…

Падводзячы вынікі, дырэктар лясгаса Д. А. Апанасёнак з задавальненнем адзначыў якасную работу гасцей. Закладзены ў духу цеснага сяброўства паміж прадстаўнікамі розных народаў і рас, для якіх Беларусь стала другім домам, маладзенькі лес з 15 тысяч дрэў раскінецца на плошчы ў 2,4 гектара і будзе радаваць густой ігліцай ды белымі стромкімі стваламі вочы не аднаго пакалення жыхароў гарпасёлка і навакольных вёсак. Такі ж лясок праз дзесяцігоддзі вырасце і каля Кіяўца, дзе шчыравала на пасадцы другая група ўдзельнікаў «зялёнай» акцыі пад кіраўніцтвам першага намесніка міністра лясной гаспадаркі Фёдара Лісіцы.

Пасільны ўклад у правядзенне агульнадзяржаўнага суботніка ўнеслі многія. Члены працоўных калектываў Валожыншчыны добраўпарадкавалі свае арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы, шчыравалі на іншых, папярэдне размеркаваных тэрыторыях – надавалі гораду і раёну належны выгляд. Не адставалі і вяскоўцы: кожны палічыў абавязкам прыхарошыць двор, навесці парадак у гаспадарцы. Паклапаціліся ўдзельнікі маштабнага працоўнага фэсту пра мемарыяльныя комплексы, месцы баявой і воінскай славы, захаванні воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны.

Сёлетняе генеральнае добраўпарадкаванне краіны не стала выключэннем, заробленыя грошы (толькі ў адной Мінскай вобласці гэтая сума перавышае 4 мільярды рублёў) таксама будуць выкарыстаны на добрыя, карысныя мэты. Фінансавыя сродкі з Валожынскага і астатніх раёнаў Мінскай вобласці паступяць у аблвыканкам, адтуль палову атрыманай сумы пералічаць Міністэрству фінансаў, яшчэ 50 працэнтаў накіруюць на падрыхтоўку аздараўленчых летнікаў да сезона, на развіццё і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Частка сродкаў, пералічаных Мінфіну, будзе накіравана Міністэрству культуры для будаўніцтва новага музея Вялікай Айчыннай вайны і стварэнне яго музейнай экспазіцыі.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *