АБ’ЯДНАЛА ЛЮБОЎ ДА КВЗ

Официально

Маладыя, артыстычныя, упэўненыя ў сабе, з выдатным пачуццём гумару і непаўторным стылем выканання… Усё гэта пра членаў раённай каманды Клуба вясёлых і знаходлівых “Няма часу”, якія год таму дастойна перанялі эстафету ў сваіх папярэднікаў – каманды “Першае каханне”.

А нядаўна на другім абласным фестывалі КВЗ сярод навучэнцаў і працуючай моладзі валожынскія гумарысты занялі ганаровае 2-е месца, саступіўшы толькі камандзе Жодзіна. Ва ўрачыстай абстаноўцы пяцёрцы лепшых маладзёжных каманд КВЗ вобласці, у якую, акрамя жодзінскай і нашай, увайшлі каманды Нясвіжа, Беразіно і Салігорска, былі ўручаны дыпломы і кубкі “Лепшая каманда фестывалю”.

Сёлета ў Салігорск з’ехаліся 16 каманд. Такой вялікай колькасці ўдзельнікаў не хапіла б і некалькіх дзён, каб паказаць усё запланаванае. Таму замест правядзення традыцыйных конкурсаў было вырашана прадставіць па адной мініяцюры, прычым, так неардынарна і запамінальна, каб і прэзентаваць каманду, і прадэманстраваць адметнасць гумару, і раскрыць музычна-тэатральныя здольнасці. Вось і давялося юнакам і дзяўчатам за некалькі гадзін да пачатку кардынальна мяняць праграму выступлення, выбіраць усё лепшае і самае цікавае. Аднак валожынцы не разгубіліся. Аўтар тэкстаў Святлана Рывінская тут жа скампанавала новую праграму, гукарэжысёр Алена Жданюк падабрала музычную частку. Трапны гумар валожынцаў на тэму жыцця аграгарадкоў, маладзёжнага адпачынку, суботнікаў быў успрыняты публікай “на ўра”. А сапраўднай “фішкай” нашай каманды сталі жарты на беларускай мове, дарэчы, адзіныя на фестывалі. Такі яркі “почырк” быў ацэнены і журы, у склад якога ўвайшлі многія прафесійныя “кавээншчыкі”.

Валожынская каманда не навічок у гульні КВЗ. Яна ўпэўнена заявіла пра сябе яшчэ ў кастрычніку мінулага года, калі абараняла гонар раёна на першым фестывалі. Што аб’яднала такіх розных па прафесіі маладых людзей – начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Вераніку Загорскую, настаўніка фізічнай культуры Аляксея Садоўскага, аўтаслесара Віталія Ганчарыка, інжынера лясной гаспадаркі Віктара Есьмана, падатковага інспектара Святлану Рынкевіч і псіхолага Алену Жданюк? На гэта пытанне ўсе ў адзін голас адказалі: “Актыўная жыццёвая пазіцыя, мэтанакіраванасць і, вядома ж, любоў да КВЗ”.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота з архіва каманды.

 



Добавить комментарий