ПАД ВЕТРАЗЕМ ПЯШЧОТЫ І ЛЮБОВІ

Общество

Бязмерную любоў, непадробную шчырасць і пяшчоту сямейных адносін, узаемапавагу і падтрымку, а таксама рознабаковыя здольнасці і таленты ў чарговы раз прадэманстравалі на сцэне РЦК шматдзетныя сем’і, якія прынялі ўдзел у традыцыйным раённым конкурсе “Лепшая шматдзетная сям’я Валожынскага раёна-2012”.

На ўдзел у конкурсе сёлета падалі заяўкі 8 сем’яў. І хоць усе яны людзі рознага ўзросту і сацыяльнага статусу, жаданне праявіць сябе, расказаць пра сваю сям’ю і яе традыцыі, дасягненні аказалася аднолькавае. Многія на такой вялікай сцэне выступалі ўпершыню. Урачыста адкрыла свята намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне З. М. Дубіна. Шмат цёплых слоў гучала са сцэны ў адрас матуль, бацькоў, якія з’яўляюцца ім сапраўднай надзейнай апорай, кветачак іх жыцця – дзетак. Толькі ў сям’і, дзе пануюць гарманічныя адносіны паміж дарослымі, дзеці вырастаюць дастойнымі, выхаванымі людзьмі, якімі ў будучым бацькі змогуць па-сапраўднаму цешыцца і ганарыцца.

Шлях да перамогі пачаўся яшчэ ў фае раённага Цэнтра культуры. Тут на прыгожа аформленых сталах занялі сваё пачэснае месца кулінарныя “шэдэўры” гаспадынь шматдзетных сем’яў. Тут жа можна было ўбачыць фотаздымкі з сямейных альбомаў, шматлікія ўзнагароды, творчыя работы дзетак, прыгожыя і патрэбныя ў гаспадарцы рэчы, зробленыя майстравітымі рукамі бацькоў. А на сцэне кожная сям’я падрыхтавала яркую, змястоўную самапрэзентацыю. Старэйшыя дзеці спявалі, ігралі на гітары, акардэоне, фартэпіяна, чыталі вершы і разыгрывалі гумарыстычныя сцэнкі, малодшыя падтанцоўвалі ў такт і шчыра пляскалі ў далоні. Дзесьці праз дзве гадзіны стала зразумела, што хваляванні засталіся ззаду, а наперадзе – толькі прыемнае чаканне падвядзення вынікаў.

І ўсё ж найцяжэй у гэты дзень было журы. З самага пачатку свята стала зразумела, што абмежавацца традыцыйным “першым”, “другім” і “трэцім” месцамі не атрымаецца. У кожнай з сем’яў ёсць “изюминка”, кожная ярка, арыгінальна, з выдумкай праявіла сябе з розных бакоў: музычнага, тэатральнага, кулінарнага, дэкаратыўна-прыкладнога. Таму, верагодна, і было прыдумана шмат намінацый. Вынікі спаборніцтва аб’явіла член журы, дырэктар ТЦСАН Г. Ф. Рай. У намінацыі “Лепшы кулінарны шэдэўр” прыз атрымала сям’я Наталлі Іванаўны і Івана Міронавіча Шкарампотаў з Суднікаў. Вялікі торт у выглядзе мядзведзя, а менавіта такі заўсёды выпякае гаспадыня для сваёй сям’і, міжволі прыцягваў увагу прысутных. Наталля Юр’еўна, Юрый Іванавіч Дзенісы і іх трое сыноў з Івянца сталі пераможцамі ў намінацыі “Умелыя ручкі”. Мама Наталля Юр’еўна на выставе-прэзентацыі прадставіла столькі навагодніх касцюмаў, зробленых уласнымі рукамі, што пазайздросціць любы тэатральны гурток. Ды і Юрый Іванавіч – майстар на ўсе рукі: вырабляе рэчы са скуры, займаецца разьбой па дрэве, заўзяты сталяр. Да працавітасці, стараннасці прывучаюць і сыноў.

У вялікай сям’і святло і радасць перамяжоўваюцца са штодзённай працай. Святлану Міхайлаўну і Ігара Валянцінавіча Шчасноўскіх з Манькаўшчыны, штогадовых удзельнікаў раённага конкурсу, ведаюць перш за ўсё як добрых гаспадароў. Заўсёды чыста і ўтульна ў іх доме, парадак на сядзібе, якая з вясны да восені амаль патанае у кветках, дагледжана вялікая гаспадарка. А дзеці – першыя памочнікі маме і тату. Усё гэта пацвердзіла і відэапрэзентацыя. Яны атрымалі прыз у намінацыі “Самая працавітая сям’я”.

У намінацыі “Самая таленавітая сям’я” ўсе сімпатыі аднагалосна былі на баку сям’і Сельвясюк з Сакаўшчыны. У мастацкай самадзейнасці пры мясцовым СДК удзельнічае сама Наталля Мікалаеўна. Спяваюць, танцуюць, іграюць на музычных інструментах, дэкламуюць вершы і яе шасцёра дзяцей. Да таго ж хлопчыкі паказваюць нядрэнныя спартыўныя вынікі.

Значна цяжэй было справіцца з падрыхтоўкай самапрэзентацыі сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеткі-дашкольнікі. У намінацыі “За волю да перамогі” прыз атрымалі Вольга Міхайлаўна Махіна з райцэнтра і яе трое маленькіх сыноў, якія ўпершыню ўдзельнічалі ў такім конкурсе. Іх перамогі, лепшыя творчыя нумары, безумоўна, яшчэ наперадзе. Прыз глядацкіх сімпатый па праву атрымалі таксама ўдзельнікі конкурсу са стажам з Бабровічаў – Інга Уладзіміраўна, Віктар Міхайлавіч Макей і іх пяцёра дзяцей. А вось самай стыльнай былі прызнаны Эма Дзмітрыеўна Ластоўская з дачушкай-школьніцай і сынамі-гарэзамі, апранутымі сапраўды па-джэнтльмэнску. Большасць убораў жанчына і яе памочніца-дачка шыюць самі, а потым дэманструюць сваім мужчынам. На жаль, Віктар Іосіфавіч, ды і многія іншыя бацькі, з-за спецыфікі працы не змаглі паўдзельнічаць у конкурсе. Гонар сям’і давялося абараняць жанчынам.

Самым інтрыгуючым момантам стала аб’яўленне пераможцаў. Першае месца журы прысудзіла сям’і Ганны Віктараўны і Сяргея Уладзіміравіча Лінкевічаў, якія да таго ж атрымалі прыз у намінацыі “За цеплыню душы”. Менавіта гэта надзвычай музычная і духоўна багатая сям’я, у якой выхоўваюцца шасцёра дзяцей, прыме ўдзел у аднайменным абласным конкурсе. На другім месцы аказалася сям’я Дзеніс, на трэцім – мінулагоднія прызёры – сям’я Сельвясюк. Усе атрымалі памятныя падарункі, спонсарамі якіх сталі прадпрыемствы і арганізацыі, дзе працуюць бацькі.

Гэты конкурс у чарговы раз пацвердзіў, што сямейнае жыццё для такіх людзей не пагражае стаць сумным і манатонным. Умеюць яны і папрацаваць, і адпачыць, і ад душы павесяліцца. А цяжкія моманты, праблемы, складанасці (у якой сям’і іх не бывае) толькі закаляюць характары, выпрабоўваюць сямейныя адносіны на трываласць.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *