ДА СОНЦА ПАЦЯГНУЛАСЯ АЛЕЯ ДЗІЦЯЧЫХ МАР, ПАМКНЕННЯЎ І НАДЗЕЯЎ

Общество

2012 год – юбілейны для ГА «БРПА». Хутка піянеры краіны адзначаць 90-годдзе магутнага руху, які ў свой час аб’яднаў стваральныя сілы многіх пакаленняў маладых ленінцаў. І хоць афіцыйна Усесаюзнай піянерскай арганізацыі не стала ў 1991 годзе, узнятая яе прадстаўнікамі слаўная традыцыя дапамагаць Радзіме квітнець і працвітаць няўхільна падтрымліваецца. Гэта на справе даказалі юныя валожынцы, якія на мінулым тыдні ўнеслі свой уклад у добраўпарадкаванне роднага горада.

«Алея піянерскага сяброўства» – так дружна назвалі вынік калектыўнай плённай працы члены раённага аддзялення ГА «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя», якія па прапанове дырэктара Цэнтра дзіцячай творчасці К. В. Кароль, заручыўшыся падтрымкай спецыялістаў гэтай і некаторых іншых устаноў, выйшлі да перакрыжавання вуліц Кастрычніцкай і Луначарскага райцэнтра. Пад бадзёрыя песні, «назапашаныя» за 90 гадоў слаўнай гісторыі некалі самай буйной дзіцячай арганізацыі, пасля пранікнёнай прамовы Кацярыны Валер’еўны і добрых слоў нязменнай піянерважатай, ініцыятара многіх выдатных маладзёжных спраў Антаніны Уладзіміраўны Трацэўскай, хлопчыкі і дзяўчынкі з сімвалічнымі чырвона-зялёнымі гальштукамі прыступілі да пасадкі маладзенькіх дрэўцаў. Дапамагалі ў азеляненні горада юным валожынскім актывістам іх старэйшыя сябры з сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя – члены валанцёрскага атрада «Мара». Неўзабаве абапал дарогі ўжо пачалі набіраць пад промнямі цёплага вясновага сонца пажыўную сілу саджанцы клёнаў. І піянеры, і валанцёры спадзяюцца, што дрэўцы ўсе прыжывуцца – месца тут прыдатнае, ценю няма, побач рака Валожынка шчодра падпітвае жыццядайнай вільгаццю зямлю…

Пройдзе колькі гадоў – і зашумяць, зазелянеюць клёны, а бліжэй да восені набяруцца чырванню іх лісты – нібыта тысячы маленькіх піянерскіх кастроў будуць нагадваць прахожым і праезджым пра наша агульнае мінулае, пра перанятыя з яго лепшыя стваральныя традыцыі на карысць грамадства, краю, будучыні.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий