ДАВЯРАЙ, АЛЕ ПРАВЯРАЙ!

Закон и порядок

Кожны год каля 4 мільёнаў чалавек становяцца ахвярамі гандлю людзьмі, з іх больш за мільён – дзеці. Людзей крадуць і прадаюць у рабства ў 127 краінах свету. Вельмі высокі ўзровень актыўнасці такіх выкрадальнікаў у 11 краінах, сярод якіх Расія, Украіна, Літва, Малдова. На жаль, уваходзіць у гэты небяспечны спіс і Беларусь. Як прыклад, за 6 месяцаў мінулага года ахвярамі гандлю людзьмі сталі 202 жыхары нашай краіны, у тым ліку 30 непаўналетніх дзяўчат.

У гандляроў людзьмі ёсць мноства спосабаў пошуку патэнцыяльных ахвяр. Адзін з іх – аб’явы ў газетах і Інтэрнэце, прапановы мадэльных або турыстычных агенцтваў. І калі раней дзяўчатам ці жанчынам абяцалі работу гувернантак, афіцыянтак ці танцоўшчыц, то апошнія некалькі гадоў работадаўцы-гандляры прама прапануюць кліенткам “легальна” займацца прастытуцыяй за мяжой. Але нават калі прапанова падаецца зусім прыстойнай, варта задумацца, бо высокааплачваемая работа з мінімальнымі патрабаваннямі можа апынуцца пасткай.

Нярэдка вярбоўшчыкамі аказваюцца выпадковыя знаёмыя, якія прапануюць лёгка вырашыць фінансавыя праблемы і абяцаюць “залатыя горы” разам з магчымасцю пажыць за мяжой. Варта памятаць, што вярбоўшчыкамі могуць быць і тыя, каму мы давяраем, – сябры, знаёмыя, суседзі.

Калі вы ўсё ж вырашылі адправіцца на пошукі шчасця або работы за мяжу, прыслухайцеся да няхітрых рэкамендацый, якія дапамогуць засцерагчыся ад злачынцаў. Перш-наперш праверце прапанову аб рабоце. У работадаўцы павінна быць ліцэнзія на працаўладкаванне за мяжой. Спісы фірм, што маюць такую ліцэнзію, ёсць ва Упраўленні па працоўнай міграцыі пры Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь. Заключыце працоўны дагавор яшчэ да выезду за мяжу. У ім абавязкова павінны быць указаны звесткі пра работадаўцу, дата заканчэння кантракта, умовы працы, пражывання, аплаты і медыцынскай страхоўкі. Паведаміце сваім блізкім аб тым, што збіраецеся паехаць працаваць за мяжу. Пакіньце дома адрас і тэлефон месца, дзе вы плануеце спыніцца, копію пашпарта, візы і кантракта. Копіі ўсіх дакументаў варта мець і пры сабе.

Алена ЛУЖЫНСКАЯ,

інспектар аддзялення па грамадзянстве

і міграцыі Валожынскага РАУС.

 



Добавить комментарий