СЯРОД УЗВЫШШАЎ І ЛАГЧЫН ЗНАЙШЛА ГІСТОРЫЯ ЗАЧЫН

Культура

Вядома, што людзі з першых крокаў свайго асэнсаванага існавання пакланяліся сілам прыроды – шанавалі агонь і ваду, жывёл і птушак, дрэвы і расліны. Але найбольш за ўсё павагай карысталіся горы, узгоркі, а таксама камяні. Яшчэ ў кнігах “Старога завету” шматразова згадваецца пра шанаванне вышыняў (напрыклад, горы Арарат і Сінай на Бліжнім Усходзе). У старажытных грэкаў міфалагізаванымі былі горы Парнас, Алімп, Осса, Пеліён, Кіфера, Іда. Лічылася, што на некаторых гарах жывуць багі. У антычным свеце існаваў звычай узводзіць на горках свяцілішчы, храмы (Парфенон у Афінскім Акропалі, храм Юпітэра на Капіталійскім узгорку ў Рыме). У Японіі свяшчэннай з’яўляецца гара Фудзіяма, у Афрыцы – Кіліманджара.

У міфалогіі гара ўспрымаецца, як мадэль сусвету, у якой адлюстраваны ўсе асноўныя элементы і параметры космасу.

Вобраз гары шырока распаўсюджаны ў фальклоры розных народаў. Традыцыі адлюстравання свяшчэнных гор доўга трымаліся і ў іканапісе. У беларускім і літоўскім фальклоры часта сустракаюцца паданні аб узнікненні ўзгоркаў з камянёў, якія кідалі волаты, або з саміх волатаў, што раптам акамянелі. Шмат культавых узгоркаў вядома на тэрыторыі славян і балтаў. Непасрэдна на тэрыторыі Беларусі звесткі пра культавыя ўзгоркі ёсць у шматлікіх публікацыях па археалогіі, гісторыі і этнаграфіі.

Даследчыкі адзначаюць, што ў старажытнасці сакральнае значэнне мелі тыя ўзгоркі, за якімі замацаваліся назвы тыпу Красная Горка, Дзявочая Горка, Перунова Гара, Святая Гара, Турава Гара, Лысая Гара і інш. На такіх узгорках калісьці існавалі язычніцкія свяцілішчы, былі ахвярнікі, ставілі ідалаў, будавалі язычніцкія бажніцы.

На тэрыторыі Беларусі сустракаюцца ўзгоркі з назвамі тыпу Дзявочая Гара.

Пасля ўвядзення хрысціянства некаторыя ўзгоркі, звязаныя раней з культам багіні Дзевы, сталі прысвячацца Дзеве Марыі – Маці Боскай. Так узніклі назвы ўзгоркаў – Марыліна Гара, Паненская Гара, Маруленя Гара, Баб’я Гара, Бабіна Горка, Мар’іна Горка і г. д.

Са старажытнейшымі культамі звязаны назвы пагоркаў – Чорная Гара і Белая Гара. З такімі назвамі суадносяць Белабога і Чорнабога ў славянскай міфалогіі.

Даволі часта сустракаюцца назвы тыпу Лысая Гара, Чортава Гара і да таго падобныя. У беларускай міфалогіі Лысыя Горы лічацца месцамі збору нячыстай сілы і ад сутыкнення з ёю (нячыстай сілай) горы і аблыселі.

Вялікай увагі вартыя пагоркі пад назвамі Сіняя Гара. Некалькі формаў з такімі назвамі вядомыя ў Латвіі. Сустракаюцца таксама і культавыя камяні з назвамі Сіні Камень. Ёсць Сіняе Возера, Сіні Калодзеж. Сіні – гэта эпітэт у архаічных уяўленнях аб загробным свеце. На Сініх горках пакланяліся продкам, душам памерлых.

Да нашага часу амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах захаваўся звычай адзначаць абрады, асабліва вясеннія (Вялікдзень, Сёмуху) на ўзгорках, што адносяць да культавых. Шматлікія ўзгоркі, дзе спраўляюць Купалле, ужо згубілі свае старажытныя назвы, але ўсё роўна вызначаюцца народам.

Увагі вартыя таксама назвы Вялікая Гара, Гара Замэчак. На паўночным захадзе Беларусі захаваліся старажытнабалцкія назвы культавых горак.

У геамарфалагічных адносінах тэрыторыя Валожынскага раёна ўяўляе сабою складанае спалучэнне Мінскага і Ашмянскага ўзвышшаў, а таксама нізін, звязаных з далінамі Нёмана, Бярэзіны і Іслачы. Каля 15 працэнтаў тэрыторыі месціцца на вышынях 250-300 метраў над узроўнем мора, амаль трэцяя яе частка – на ўзроўні 200-250 метраў, 36 працэнтаў – на 150-200 метраў і каля 12,5 працэнта на ўзроўні ніжэй за 150 метраў. Самая высокая адзнака (335 метраў) знаходзіцца на ўсходзе раёна – Гара Маяк, каля в. Шапавалы Залескага сельсавета, найніжэйшы пункт (140,3 метра) – у даліне р. Бярэзіны на мяжы Валожынскага і Іўеўскага раёнаў.

Тэрыторыя Валожынскага раёна вельмі цікавая з пункта гледжання на гляцыямарфалагічныя асаблівасці, бо тут у антрапагенавым чахле добра вылучаюцца дзве буйныя гляцыямарфалагічныя структуры: Івянецка-Мінскі вуглавы масіў і Ашмяна-Лагойска-Докшыцкі франтальны пас канцова-марэнных утварэнняў.

Івянецка-Мінскі вуглавы масіў, гісторыя ўтварэння якога цесна звязана не толькі са старажытнымі (дадняпроўскімі) зледзяненнямі, але і з асаблівасцямі субантрапагенавага рэльефу, у час буйнай сожскай стадыі перадапошняга дняпроўскага зледзянення быў лёдападзельным узвышшам, з-за наяўнасці якога ледавік гэтай стадыі ў сваім паступальным руху з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход (так званы балтыйскі паток) вымушаны быў падзяліцца на дзве асобныя лопасці, якія атрымалі назву вілейскай і мінскай.

Ашмяна-Лагойска-Докшыцкі франтальны комплекс канцова-марэнных градаў уяўляе сабой досыць складаную ледавікова-акумуляцыйную структуру, тыповую для перыферыі ледавіковых языкоў.

Рэльеф тэрыторыі Валожынскага раёна, у адрозненне ад іншых, вельмі зменлівы. Найбольш выразны ён па поўнач ад г. Валожына, дзе на значнай частцы тэрыторыі, абмежаванай вёскамі Брылькі, Дубіна-Баярская, Забрэззе, Філіпіняты, шырока распаўсюджаны камава-марэнна-градавыя формы, утвораныя на працягу перадапошняга (дняпроўскага) зледзянення. Невялічкі масіў такога ж кшталту захаваўся на крайнім паўночным усходзе раёна (в. Гіравічы), дзе абсалютныя адзнакі дасягаюць 330 і болей метраў над узроўнем мора. На поўдень ад гэтага масіву пачынаецца платападобнае ўзвышша з западзінамі, якое шырокай паласой распасціраецца ад паўночна-ўсходніх межаў раёна аж да г. Валожына. На паўночным захадзе раёна (в. Сакаўшчына, Вішнева, Багданаў) вылучаецца дробна- і сярэднеўзгорыста-градавае ўзвышша з камамі, катлавінамі і лагчынамі. На крайнім захадзе раёна, да правабярэжжа р. Альшанкі прымеркавана плоская марэнна-зандравая раўніна з неглыбокімі лагчынамі і западзінамі. На паўднёвым усходзе (в. Суднікі, Душкава, Пярэжары) распасціраецца сярэднеўзгорыста-градавае ўзвышша, якое ў заходнім накірунку паступова пераходзіць ва ўзгорыста-хвалістую марэнную раўніну, а потым – у спадзістахвалістую водна-ледавіковую раўніну з выдмамі (дзюнамі), астанцамі марэннай раўніны з катлавінамі і лагчынамі. Яшчэ далей на захад (в. Белакорац, Баркі Нізавыя, Чартавічы, Букатова) пачынаецца плоскахвалістая азёрна-алювіяльная нізіна з фрагментамі водна-ледавіковай раўніны і выдмамі. Прыкладна па дыяганалі тэрыторыю раёна (ад Ракава на Валожын і далей на в. Сакаўшчыну) падзяляе нешырокая (да 10-15 км) паласа дробна- і сярэднеўвалістага ўзвышша з лагчынамі і ярысталагчынным расчляненнем.

Паводле вынікаў, атрыманых у ходзе навукова-даследчых работ, мэтазгодна вылучыць 18 геалагічных і геамарфалагічных аб’ектаў у якасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, сярод якіх прадстаўлены 4 ландшафтныя геолага-геамарфалагічныя і геамарфалагічныя заказнікі, 14 геамарфалагічных і геалагічных помнікаў прыроды. З іх 3 ландшафтныя геолага-геамарфалагічныя заказнікі, 3 геамарфалагічныя і 7 геалагічных помнікаў прыроды варта абвясціць ААПТіА рэспубліканскага значэння, астатнія 5 аб’ектаў – помнікамі прыроды мясцовага значэння.

Па матэрыялах

Інстытута геалагічных навук Беларусі.

 



Добавить комментарий