“АСЦЯРОЖНА – МАТАЦЫКЛІСТ!” –

Закон и порядок

пад такой назвай у апошнюю пятніцу красавіка ў раёне прайшоў Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху.

Штогод з наступленнем вясенне-летняга перыяду ўзрастае колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам вадзіцеляў матацыклаў, мапедаў і іншых двухколавых транспартных сродкаў. Статыстыка паказвае, што часцей за ўсё ў такіх аварыях атрымліваюць траўмы і гінуць людзі ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў, якія садзяцца на матацыкл без вадзіцельскага пасведчання, не выкарыстоўваюць моташлемы, а надараецца, што знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Менавіта гэтыя ўмовы і становяцца прычынамі цяжкіх паследкаў.

Яшчэ адзін важны момант: у мінулым годзе былі факты, калі ў аварыю траплялі непаўналетнія дзеці, якія кіравалі матацыклам. Амаль што год назад у Валожыне на месцы сутыкнення загінуў дзевяцікласнік, а ўсё з-за таго, што бацькі своечасова не заўважылі, не спынілі, у выніку – вялікае гора для сям’і. І ўжо сёлета таксама не абышлося без здарэнняў на дарозе з удзелам непаўналетніх. Так, 30 сакавіка, вечарам, жыхар Каменя, вучань 11 класа, ехаў на матацыкле, не маючы праў на кіраванне дадзеным транспартным сродкам. Не ўпэўніўшыся ў бяспечнасці манеўру, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з легкавым аўтамабілем. З цяжкімі траўмамі падлетак быў дастаўлены ў бальніцу. Пацярпеўшы кіраваў матацыклам без моташлема.

Таму, паважаныя бацькі, кантралюйце адпачынак вашых дзяцей: кожны з вас павінен разумець, што для непаўналетняга, які не мае праў на кіраванне матацыклам, тым больш навыкаў ваджэння, матацыкл – не цацка! Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, не дазваляйце ім самавольна браць матацыкл і садзіцца за руль. Дапамажыце сваім дзецям, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту, падрыхтавацца, здаць экзамены ў ДАІ і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне адпаведнай катэгорыі, каб яны бяздумна не ганялі на матацыкле, падвяргаючы сваё жыццё небяспецы.

Не менш вострая праблема на дарогах раёна – дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам веласіпедыстаў. Зразумела, што для жыхароў сельскіх населеных пунктаў веласіпед замяняе аўтамабіль і з’яўляецца асноўным сродкам перамяшчэння. У большасці на веласіпедах ездзяць людзі сярэдняга і пажылога ўзростаў, а таксама дзеці і падлеткі. Таму вялікая просьба да вадзіцеляў: каб папярэдзіць сутыкненні, памятайце, што веласіпедыст – аб’ект павышанай бяспекі. Убачыўшы яго на дарозе, пралічыце магчымыя варыянты яго раптоўных манеўраў і, адпаведна, скаардынуйце свае дзеянні за рулём: загаддзя падайце гукавы сігнал, знізьце хуткасць, калі магчыма – абмініце, а ў выпадку неабходнасці – спыніцеся.

На дарозе вельмі важна, каб кожны разумеў, у незалежнасці – вадзіцель вы аўтамабіля ці двухколавага транспартнага сродку: веданне Правіл дарожнага руху і іх выкананне неабходны для сваёй жа бяспекі і захавання жыцця.

Міхаіл ЛІШТВАН,

начальнік ДАІ Валожынскага РАУС.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *