КАЛІ СЛОВА СВЯТКУЕ Ў ДУШЫ…

Общество

Адна англійская пісьменніца трапна заўважыла, што “журналіст – гэта чалавек, які валодае дарам штодзённа запаўняць пустату”. У важнай місіі распаўсюджвання інфармацыі неацэнная роля належыць і работнікам друкаваных СМІ. Нягледзячы на папулярнасць тэлебачання, радыё, Інтэрнэту, газеты па-ранейшаму былі і застаюцца правераным часам летапісам гісторыі. 

У апошняе дзесяцігоддзе рэгіянальная прэса значна пашырыла аўдыторыю сваіх чытачоў, бо адчувальна палепшыўся дызайн газет, павялічылася палоснасць, больш шырокім стаў і спектр тэм, якія хвалююць чытачоў. Агульны тыраж дзяржаўных перыядычных выданняў Мінскай вобласці цяпер складае 164 тысячы 258 экзэмпляраў. У гэтым аб’ёме доля нашай раёнкі займае 6700 асобнікаў. Мы шчыра ўдзячны кожнаму падпісчыку за адданасць і вернасць сваёй газеце. Некаторыя чытачы сябруюць з любімай раёнкай ужо 40 і больш гадоў!

З нагоды прафесіянальнага свята – Дня друку – дасылаем шчырыя віншаванні ўсім, чый лёс быў некалі звязаны з “Працоўнай славай”: былому рэдактару газеты Сямёну Уладзіміравічу Ломацю, які рэдагаваў газету больш 20 гадоў, ён, дарэчы, у гэтыя дні адзначае і свой дзень нараджэння, а таксама Софіі Ігнатаўне Кавязе, якая кіравала калектывам рэдакцыі 10 гадоў. З журналістыкай звязаў сваё жыццё і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Самуіл Ісакавіч Штэйнер. Гэтай дарогай пайшлі і яго дачка Наталля, і ўнучка Вікторыя.

Раённая газета стала творчай прыступкай у прафесію для многіх выпускнікоў школ раёна. Амаль штогод нехта з іх абавязкова выбірае журналістыку. Сёлета заканчваюць журфак Белдзяржуніверсітэта два студэнты з Валожыншчыны. Па рэкамендацыі нашай рэдакцыі на гэтым прэстыжным факультэце вядучай ВНУ краіны на першым курсе цяпер вучацца Анастасія Лявінская з Івянца і Кацярына Кашкан з райцэнтра. Сёлета таксама сярод выпускнікоў раёна ўжо ёсць жадаючыя звязаць свой прафесіянальны выбар з работай у друку.

Рэдакцыя газеты шчыра віншуе ўсіх, хто працуе і некалі працаваў у калектыве, а таксама нашых актыўных няштатных аўтараў.

Праз некалькі дзён прафесіянальнае свята будуць адзначаць работнікі радыё. Радуе, што багата прыхільнікаў мае і наш мясцовы радыёэфір.

Са святам усіх, хто працаваў і працуе ва ўстановах друку і паліграфіі, сувязі! Няхай белая веснавая квецень напаўняе вашы сэрцы цяплом, дабрынёй, радасным адчуваннем вялікага дару – жыць на нашай прыгожай зямлі, услаўляць яе працай і неўміручым газетным радком…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий