ДАПАМОГА ГАРАНТАВАНА!

Общество

«Прамая лінія» са старшынёй райвыканкама У.А.Наумовічам, якая прайшла на мінулым тыдні, традыцыйна была ажыўленай. Уладзімір Антонавіч прыняў 18 тэлефонных званкоў ад жыхароў горада і раёна. Гэта значыць, паменшае ў хуткім часе колькасць людскіх праблем, бо для кіраўніка раённай вертыкалі кожная з іх – не менш важная, чым асабістая.

Пачалася «прамая лінія» з прыемнай ноты: жыхарка Сугваздаў К. К. Урбановіч падзякавала старшыні райвыканкама і адказным раённым службам за дапамогу ў перакрыцці страхі на яе хаце, пенсіянерка была па-добраму ўражана аператыўнасцю, з якой вырашылася яе праблема. А вось наступны званок крануў Уладзіміра Антонавіча, як кажуць, «за жывое»: у вёсцы Кульшычы Івянецкага сельсавета няма вады! «У самы блізкі час з’явіцца», – запэўніў жанчыну, якая тэлефанавала ад імя вяскоўцаў, кіраўнік раёна. І ўзяў справу пад асабісты кантроль.

Сярод тых, хто звярнуўся да старшыні райвыканкама з просьбамі, былі І. І. Бункевіч (гараджанку непакоіла неахайнасць на берагах Валожынкі), Н. П. Зіновіч з райцэнтра. Паскардзілася на праблемы з забеспячэннем прыродным газам жыхарка Валожына Н. Я. Тарановіч. Уладзімір Антонавіч даў указанне адпаведным службам закрыць балючае для жанчыны пытанне да 9 мая.

Некалькі званкоў былі з Гарадзечна, людзей цікавіла, чаму закрылі іх магазін – без папярэджванняў і тлумачэнняў – і ці адкрыюць яго зноў. У бліжэйшы час вяскоўцы атрымаюць неабходную інфармацыю. Не задаволены і жыхары вёскі Сугвазды, якія жывуць у двухпавярхоўках: дахі дамоў працякаюць, напісана шмат заяў, а канкрэтнай работы няма. Жыльцы гатовы і заплаціць колькі трэба, абы перастала даймаць вада. Іх праблема таксама будзе вырашацца.

Сутыкнуліся з нязручнасцямі і жыхары Івянецкага рэгіёна: вяскоўцы з Раднікоў, Праўжалаў занепакоены, што выпісаць і прывезці дровы аказалася чамусьці вельмі складанай справай, хоць, здавалася б, і лес побач. У наступнай жа рэспандэнткі – М. П. Янушкевіч з Суднікаў – аказаўся цэлы «букет» абгрунтаваных скаргаў наконт водаразборнай калонкі, паломкі агароджы падчас спілоўвання дрэў і дрэннага стану печы. Дапамогу жанчына атрымае.

Карыстаючыся магчымасцю, патэлефанавалі да старшыні райвыканкама і жыхары вёскі Гардынава: людзі выказалі публічную падзяку старшыні Валожынскага сельвыканкама С. Ф. Глінскаму за адказнае стаўленне да спраў і своечасовую дапамогу ў вырашэнні важных для гардынаўцаў пытанняў і праблем. Некалькі званкоў на «прамую лінію» насілі асабісты, прыватны характар.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий