КІРАЎНІК У БЕЛЫМ ХАЛАЦЕ

Общество

Мала каму прыйдзе ў галаву спрачацца са старой мудрасцю, якая сцвярджае: “Было б здароўе, а ўсё астатняе прыкладзецца”. Мала хто можа не пагадзіцца з невымернай важнасцю такой прафесіі, як урач. Калі ж чалавек узначальвае калектыў раённай бальніцы, то важнасць яго прафесіяналізму ўвогуле немагчыма пераацаніць.

Аб жыццёвым і прафесійным шляху, аб поглядах на жыццё і сваё месца ў ім, аб сям’і і густах расказвае галоўны ўрач ЦРБ Святлана Здзіславаўна ГЛЕБКА.

– Святлана Здзіславаўна, прафесійны шлях кожнага чалавека пачынаецца з той адукацыі, якую ён атрымлівае. Дзе, калі і чаму вучыліся Вы?

– Я скончыла Мінскі медыцынскі інстытут у 1988 годзе, прайшла інтэрнатуру ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Пазней, ужо з’яўляючыся практыкуючым урачом, прайшла перападрыхтоўку на кафедры арганізацыі аховы здароўя Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Гавораць, што сапраўдны ўрач ніколі не спыняе сваёй адукацыі. Таму на сённяшні дзень я завочна вучуся ў аспірантуры БелМАПА.

– Цікава даведацца, як складвалася Ваша працоўная біяграфія.

– Яшчэ на пачатку свайго працоўнага шляху, толькі што прайшоўшы інтэрнатуру, была накіравана ў Уздзенскую цэнтральную раённую бальніцу, дзе амаль што сямнаццаць гадоў адпрацавала ўчастковым урачом-тэрапеўтам. Пасля атрымання дыплома Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі была прызначана на пасаду намесніка галоўнага ўрача бальніцы. Чатыры гады на новай пасадзе праляцелі хутка, і раптам лёс распарадзіўся такім чынам, што я апынулася ў Валожыне. Са студзеня бягучага года ўзначальваю Валожынскую раённую цэнтральную бальніцу.

– Што прывяло ў медыцыну? Чаму Вашым інстытутам стаў менавіта медыцынскі?

– Мая мама заўсёды марыла ўбачыць мяне ўрачом. Чамусьці яна бачыла ў ва мне толькі медыка, хаця я спачатку ўяўляла сябе ў якой-небудзь эканамічнай спецыяльнасці. Аднак склаўся нейкі сямейны стэрэатып, што я павінна абавязкова быць урачом. Напэўна, гэта аказала найбольшы ўплыў на мой выбар. Хаця праца медыка мне таксама заўсёды падабалася, і некаторыя сваякі мелі дачыненне да медыцыны. Таму ўяўленне аб будучай прафесіі мела, і мой выбар быў добра ўсвядомлены.

–  Калі ішлі паступаць у медінстытут, ці не было страшна – і навучанне ў гэтым ВНУ складанае, і адказнасць урача вялікая?

– Ведаеце, як ні дзіўна, ні тады, ні пазней ніколі не было страшна. Я заўсёды была ўпэнена, што для мяне цалкам рэальна дасягнуць пастаўленай мэты, і ніколі нават не задумвалася аб тым, што шлях можа аказацца вельмі складаным. Дагэтуль шмат хто заўважае, што мне ўласціва ісці да апошняга, заўсёды дабівацца запланаванага. А тое, што было складана, я звычайна заўважала ўжо пасля. У год майго паступлення ў медінстытуце быў вельмі вялікі конкурс. Нават мне, каб паступіць, маючы залаты медаль, трэба было здаць усе іспыты толькі на вышэйшы бал. Але ж усё атрымалася.

– Ваша сённяшняя пасада ў значнай ступені адміністратарская. Ці не значыць гэта, што паводле свайго прызвання Вы больш арганізатар, чым доктар?

– Думаю, што працуючы арганізатарам, я ні на момант не перастала быць доктарам. Хаця на сёння я не маю часу, каб практыкаваць, як урач-тэрапеўт, аднак прыкладаю шмат намаганняў да таго, каб не толькі захаваць, але і пастаянна павышаць свой урачэбны ўзровень. Не веру, што можна быць добрым адміністратарам, дасканала не валодаючы ўсімі тонкасцямі той сферы, якой яму даводзіцца кіраваць. Медыцыны гэта тычыцца асабліва.

– Святлана Здзіславаўна, што Вас звязвае з Валожыншчынай?

– Шчыра кажучы, да таго моманту, калі мне давялося ўзначаліць раённую бальніцу, нават не вельмі добра ўяўляла, дзе знаходзіцца Валожын на карце Беларусі. Але зараз скажу толькі адно: Валожыншчына – бясконца прыгожы край, які ўражвае сваёй прыродай, радуе вока сваімі краявідамі. Але ж з іншага боку – гэта край, дзе яшчэ трэба вельмі шмат зрабіць.

– Якія чалавечыя рысы звяртаюць на сябе Вашу ўвагу, калі даводзіцца мець стасункі з валожынскімі людзьмі?

– Напэўна, вельмі моцная выражанасць славутай беларускай памяркоўнасці. Мясцовыя людзі здаюцца мне значна больш спакойнымі, ураўнаважанымі, стараннымі, чым тыя, з якімі давялося працаваць раней. З іншага боку, мне часам здаецца, што некаторыя новыя патрабаванні, якія ставіць перад намі час  –  мабільнасць, хуткасць у прыняцці рашэнняў, самастойнасць – не да канца зразумелыя і блізкія некаторым з маіх новых калег. Вельмі хацелася б, каб мы хутчэй адчулі той новы жыццёвы рытм, што ўжо стаў нормай для большасці іншых рэгіёнаў Беларусі і краін свету, і пачалі адчуваць сябе камфортна ў новай сітуацыі.

– Раскажыце, калі ласка, аб Вашай сям’і.

– Заўсёды любіла і люблю сваіх родных, не задумваючыся аб тым, хто чаго дасягнуў. Кожны з іх знайшоў свой шлях, сваё месца ў гэтым жыцці.  Мама – педагог, усё жыццё працавала ў школе і ў органах кіравання адукацыяй. У бацькі – дзве адукацыі, адна педагагічная, другая заатэхнічная, таму ён працаваў і ў школе, і ў сельскай гаспадарцы. Муж – хірург, урач вышэйшай катэгорыі, адзіны пластычны хірург ва ўсім Уздзенскім раёне. Працуе ў Уздзенскай раённай бальніцы, на практыцы асвойвае самыя сучасныя методыкі прыгажосці. А па паходжанні ён сваяк славутага беларускага літаратара Пятра Глебкі. Мы выхоўваем дваіх дзяцей, яны – студэнты факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта, добра валодаюць англійскай і нямецкай мовамі. Напэўна, нейкі літаратурны ген перадаўся і дзецям – дачка Анастасія не без поспеху спрабуе сябе на паэтычнай ніве.

– Ці валодаеце Вы замежнымі мовамі?

– Так, я вольна валодаю англійскай мовай.

– Якія якасці павінен мець чалавек, каб стаць сапраўдным урачом?

– Усё проста – трэба любіць кожнага чалавека. Калі абіраеш шлях у медыцыну, ты з самага пачатку ведаеш, што прыйдзецца сутыкацца з болем і звязанымі з ім адмоўнымі эмоцыямі. І вось, сапраўдны ўрач павінен усё гэта прыняць душой, нават палюбіць, каб стаць здольным дапамагчы кожнаму пацыенту. Акрамя гэтага неабходны настойлівасць, уменне мабілізаваць сябе, здольнасць адшукаць унутраны матыў для самааддачы. І безумоўна, магчыма нават больш, чым у іншых прафесіях, патрэбна пастаяннае імкненне да ведаў, да пастаяннага павышэння прафесіянальнага ўзроўню. У наш час імклівага руху наперад, калі ты, часам, толькі на адзін дзень спыніўся, не вывучыў новыя даныя, то для пацыента ты можаш адстаць, па сутнасці, на цэлы месяц, аказацца не здольным даць чалавеку тое, што ён ад цябе чакае.

– Што перашкаджае на цяперашняй пасадзе рэалізаваць Ваша бачанне таго, якой павінна быць наша раённая бальніца?

– Думаю, што сёння няма ніякіх прынцыповых праблем, якія б перашкаджалі дасягнуць задуманага. Патрэбна, мабыць, толькі крыху мабілізавацца – і ўсяму калектыву, і кожнаму асобнаму работніку – і ўсё атрымаецца. Лічу, што калектыў Валожынскай бальніцы на самой справе вельмі добры і абсалютна працаздольны. Спадзяюся, што з маім прыходам нам удасца змяніць сітуацыю толькі да лепшага і зрабіць нешта сапраўды карыснае для валожынскай зямлі. Якіх небудзь па-сапраўднаму сур’ёзных праблем я не бачу.

– Ці можаце ўявіць сябе ў іншай прафесіі?

– На сённяшні дзень – ужо не. Калі за маёй спінай было толькі гадоў дзесяць у медыцыне, я думала: “Вось дарма я не пайшла ў эканоміку!” Тады часам сумнявалася, ці на сваім я месцы. Але ж зараз упэўнена, што маё месца ўсё ж такі ў медыцыне і толькі ў ёй.

– Славутая клятва Гіпакрата, якую даюць усе выпускнікі-медыкі, на Вашу думку – рытуал, альбо сапраўдная клятва?

– Мяркую, што ў большай ступені – усё ж такі рытуал. Бо кляніся ты, не кляніся, а ўсё залежыць ад тваіх асабістых якасцей, ад таго, які ты спецыяліст. Можна сказаць любыя словы, але, калі ты не здольны дапамагчы пацыенту – ці таму, што не хочаш, ці таму, што не можаш – яны нічога не зменяць. Справа не ў клятве, а ў прафесіяналізме.

– Як адносіцеся да нетрадыцыйных, народных спосабаў лячэння?

– Лічу, што ў першую чаргу трэба спрабаваць вырашыць праблему з дапамогай прафесійнага ўрача, а ўжо потым можна карыстацца і іншымі сродкамі, канешне, калі яны правераныя. Калі ёсць рэальная карысць ад пэўных дадатковых метадаў лячэння – чаму б іх не выкарыстоўваць. Але ж для мяне галоўным бачыцца наяўнасць асабістага доктара – у нашым выпадку ўчастковага тэрапеўта, з якім існуюць чалавечыя адносіны, заснаваныя на даверы. З гэтага ўсё павінна пачынацца. А ўжо далей магчыма выкарыстоўваць самыя розныя апрабіраваныя сродкі і метады.

– Вы любіце падарожнічаць?

– Так, вельмі люблю! Кожны водпуск стараюся кудысьці паехаць. Падарожнічаем і ўсёй сям’ёй, і з дзецьмі, і на аўтамабілі, і на цягніку, і самалётам. Апошнім часам мы з дачкой, напрыклад, адкрылі для сябе Карпаты.

– Аддаеце перавагу пасіўнаму ці актыўнаму адпачынку?

– Безумоўна, актыўнаму! Не магу доўга сядзець на адным месцы.

– Якое Ваша стаўленне да мастацтва? Што Вам бліжэй – кіно, тэатр, літаратура?

– Вельмі люблю кіно, тэлебачанне, асабліва навуковыя праграмы. Часта наведваю канцэрты. Люблю эстраду. На жаль, апошнім часам стала не хапаць часу, каб пачытаць кнігу. Шаную жывапіс. Быў час, калі і сама няблага малявала, нават на палатне.

– Любіце гатаваць? Ці ёсць у Вас “фірменная” страва?

– Калі ёсць вольны час, вельмі люблю. Але ж калі няма – часам хочацца, каб гэта зрабіў нехта іншы. А “фірменных” страў у мяне шмат. На самой справе ў кожнага члена маёй сям’і ёсць свае адмысловыя рэцэпты. Калі ўлетку збіраемся разам з дзецьмі, то абавязкова гатуем нешта незвычайнае.

Бліц-апытанне:

– Любімы час года?

– Позняе лета – ранняя восень.

– Любімы напітак?

– Натуральны сок.

– Любімы аўтар?

– Сяргей Ясенін.

– Любімы фільм?

– Мультфільм “Ну, погоди!”

– Любімае месца на Зямлі?

– Бабулін хутар пад Баранавічамі.

Гутарыў Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий