ЖАДАНАЯ ДАРОГА Ў РОДНЫ ДОМ…

Молодежный курьер

Масіўныя дзверы нечакана адчыніліся. На лесвічнай пляцоўцы мы аказаліся візаві  высокага, стыльна апранутага юнака. Намеснік дырэктара Івянецкага дома-інтэрната расказала карэспандэнтам, што гэта іх выпускнік – Аляксандр Бялькевіч.

Журналісты вырашылі падкарэкціраваць свой далейшы творчы план, каб знайсці час і для гутаркі з гэтым маладым чалавекам…

У той веснавы дзень Аляксандр прыехаў у дом-інтэрнат як госць. На знешнім абліччы юнака выразна ляжала пячатка даросласці. Першы год ён прымярае на сябе самастойнае жыццё. Пра звыклы гоман, мітусню домінтэрнатаўскага жыцця яму цяпер аддалена напамінаюць хіба толькі шумныя вуліцы Мінска. Але гарадскі тлум не надта раздражняе чалавека, які больш за 10 гадоў правёў у вялікай сям’і дома-інтэрната. У яго цяперашнім жыцці больш цішыні, засяроджанасці і галоўнае – адказнасці за кожнае прынятае рашэнне. Аляксандр ужо працуе менеджарам у адной з мінскіх фірмаў. Яго служба не звязана толькі з працай у кабінеце. Некалькі разоў у месяц бываюць камандзіроўкі па Беларусі, у асноўным на Слуцкі мясакамбінат.

…Ёсць людзі, якія па сваёй прыродзе цяжка пераносяць паездкі, часовыя адлучкі з дому. Няпроста, відаць, у псіхалагічным плане і А. Бялькевічу. Бо адна яго нага назаўсёды, скажам так, засталася з выразнай пячаткай інваліднасці. Не раз аперыравалі і другую. Але з горкім лёсам хлопец даўно звыкся, а можа наадварот – навучыўся яму ўпарта супраціўляцца. Бо жывучы ў доме-інтэрнаце, наглядзеўся зусім не дзіцячых фізічных пакут, калецтва. Вагу горкай чашы лёсу сваіх равеснікаў кожны міжволі параўноўваў з уласнай чашай. І найчасцей шкадаваў іншага, каму было яшчэ горш. Перажываў за таго, хто назаўсёды быў прыкаваны да інваліднай каляскі. Таму Аляксандр ніколі не наракаў на свой лёс, бо цаніў, што ў адрозненне ад іншых сваіх равеснікаў можа хадзіць, хоць гэта не вельмі проста.  Зрэшты, шчырае спачуванне іншым людзям жыве ў сэрцы ўсіх дзяцей, якія прайшлі праз дом-інтэрнат.

Як вялікі жэст дабрачыннасці ўспрыняў Аляксандр  нечаканы званок з Мінска ад даўняга прыяцеля. Аднойчы Аляксандр праходзіў чарговы курс рэабілітацыі ў сталічнай клініцы. Там з траўмай нагі ляжаў мінчанін Андрэй. Так маладыя людзі і пазнаёміліся, і нават паспелі пасябраваць. Міласэрны па характары Андрэй заўсёды падтрымліваў выхаванца Івянецкага дома-інтэрната не толькі зычлівымі словамі, але і шчодрымі гасцінцамі. Не разлучыўся з новым сябрам і пасля выпіскі з бальніцы. Разам з калегамі Андрэй рэгулярна прыязджаў у Івянцкі дом-інтэрнат. Тут яны былі заўсёды жаданыя госці, наладжвалі розныя мерапрыемствы, прывозілі падарункі. Так цягнулася шмат гадоў.

А калі перад Андрэем паўстала задача ў сталічнай  фірме тэрмінова ўкамплектаваць вакантную пасаду менеджара, добразычлівы хлопец тут жа ўспомніў пра Аляксандра Бялькевіча. Пазваніў па мабільнаму і прапанаваў працаваць разам. Аляксандр на першым часе, вядома ж, сумняваўся: ці атрымаецца ў яго, ці варта асвойваць новую прафесію: нядаўна ж закончыў Мінскі каледж электронікі. І ўсё ж рызыкнуў паспрабаваць.

Андрэй і ў прафесіянальным станаўленні падтрымлівае Аляксандра, бо пераканаўся, што А. Бялькевіч – хлопец старанны, са здаровым пачуццём самалюбства, мэтанакіраваны. Пакуль адміністрацыя сталічнай фірмы ні разу не пашкадавала, што прыняла ў штат малавопытнага маладога спецыяліста. Прафесіянальны рэйтынг Аляксандра расце. Ён унікліва спасцігае няпростыя “ўніверсітэты” зносін з дзелавым светам, вучыцца эфектыўна і хутка вырашаць вытворчыя пытанні.

Наш герой даволі паспяхова спазнае і мудрагелістую навуку самастойнага дарослага жыцця. Пасля дома-інтэрната, сцены якога былі надзейнымі і ўтульнымі, аказацца у новай сістэме каардынат для кожнага выпускніка гэтай установы, відаць,  вельмі няпроста. А. Бялькевіч вучыцца ашчадна размяркоўваць заробак, спрабуе фарміраваць індывідуальны стыль адзення. Дбае ён і пра хлеб духоўны: захапляецца гістарычнай літаратурай, цікавіцца вакалам, любіць паблукаць і ў інтэрнэт-прасторы. Умее рамантаваць і тэле-радыёапаратуру, “на ты” ён і з камп’ютарамі любой складанасці.  А ў выхадныя дні нярэдка свядома не расстаецца з фотаапаратам. Яго  стыхія – шукаць незвычайныя фотасюжэты ў жывой прыродзе.

Ён здымае толькі светлыя, добрыя  кадры, хоць на сэрцы часам і балюча “скрабуць кошкі”… Пры жывой маці аказаўся лішнім у роднай сям’і. Рэдкай госцяй была яна і ў Івянецкім доме-інтэрнаце, хаця толькі некалькі кіламетраў раздзялялі з сынам-інвалідам. Ну а “мінскім жыццём” сына яна ўвогуле перастала цікавіцца.

Але недастаючае цяпло і нязведаную сапраўдную любоў бацькоўскага гнязда яму заўсёды кампенсавалі інтэрнатаўскія сцены, якія за гады вучобы сталі па-сапраўднаму роднымі.

Родныя душы знайшоў гэты хлопец і ў сонечнай Італіі, дзе ні адзін год адпачываў у час летніх канікулаў. І цяпер добразычлівая італьянская сям’я падтрымлівае Аляксандра ў яго ўжо дарослым жыцці, штомесяц аплачвае кошт жылплошчы ў сталіцы. Рэгулярна звоняць з Італіі, звязваюцца з ім і дзякуючы магчымасцям Інтэрнэту. Запрашаюць у госці. Не раз прапаноўвалі назаўсёды перабрацца на пастаяннае жыхарства ў іх краіну. Але ён пакуль не спяшаецца з такім кардынальным паваротам лёсу. Бо ведае, што ўсюды ёсць свае “складанасці і тонкасці”, свае цяжкасці, хаця да апошніх даўно прывык. Аляксандр імкнецца ўсяго дасягнуць толькі ўласнай працай і стараннем. І кожнай сваёй удачай, радасцю хлопец стараецца падзяліцца з тымі, хто яго вучыў, выхоўваў у інтэрнаце. Гэта для яго і цяпер самыя родныя і дарагія людзі. Пра іх заўсёды ўспамінае з удзячнасцю. Таму ў адну з пятніц спецыяльна адпрасіўся з работы, каб прыехаць у Івянецкі дом-інтэрнат і асабіста павіншаваць дырэктара Алену Сігізмундаўну Петрашкевіч з залатым юбілеем. Ён разумее, як многаму абавязаны гэтай установе. Тут навучылі яго цаніць і памятаць дабро, і шчодра дзяліцца ім з іншымі людзьмі.

Толькі шкада, што ў яго роднай маці і праз столькі гадоў разлукі не ўспыхнуў хоць слабы агеньчык дабрыні і спагады да свайго сына. Дзе ўзяць той чароўны ліхтар, які ў халодным тумане расстання пакліча насустрач два родныя сэрцы. Верыцца, што ў лабірынтах лёсу гэтае святло ўсё ж калі-небудзь заіскрыцца…

У канцы нашай размовы я свядома задала свайму субяседніку правакацыйнае пытанне:  “Калі б раптам ты выйграў вялікую суму грошай, куды б патраціў”.

Аляксандр запэўніваў мяне, што палову выйгрышу абавязкова ахвяраваў бы Івянецкаму дому-інтэрнату, з якім звязаў яго лёс. Ну і толькі затым частку грошай пусціў бы, напэўна, на развіццё прыватнай справы…

“Ну а кватэрнае пытанне хіба не захацелася б вырашыць дзякуючы латарэйнаму шчасцю?”– пацікавілася я.

На гэта мой субяседнік зазначыў: “Набыццё кватэры я стопрацэнтна адклаў бы на вельмі далёкую перспектыву”.

Так разважае наш герой не выпадкова, бо, відаць, сапраўднае пачуццё роднага дома ўжо даўно пасялілася ў сэрцы юнака. Адрас гэтага светлага, жаданага дома Аляксандр не забудзе ніколі. І дарога сюды заўсёды жаданая. У доме-інтэрнаце ён не выпадковы  госць, а родны і любімы сын у вялікай і дружнай сям’і…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий