НАШЧАДКІ ДЗЯКУЮЦЬ ЗА МІР!

Общество

У гонар Дня Перамогі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская піянерская арганізацыя 5-9 мая праводзяць патрыятычную акцыю «Дзякуй за Перамогу!».

Адкрыў рэспубліканскую акцыю ганаровы мітынг, які адбыўся 5 мая на плошчы Перамогі ў Мінску. Акцябраты, актывісты БРПА і БРСМ, прадстаўнікі маладзёжных субкультур павіншавалі ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, усклалі кветкі і вянкі да манумента Перамогі.

Да мітынгу далучыліся ўдзельнікі Міжнароднага злёту рэтра- і класічных аўтамабіляў з Вялікабрытаніі, Беларусі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны, Фінляндыі, Эстоніі. У сталіцы ў дзень старту святочныя мерапрыемствы прайшлі таксама на пляцоўках каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Палаца спорту.

Актывісты БРСМ ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі 5-9 мая віншуюць ветэранаў, уручаюць ім паштоўкі з пажаданнямі ад моладзі, сувеніры. Валанцёры руху «Добрае сэрца» ў сваю чаргу аказваюць пасільную дапамогу ў быце. Падчас акцыі запланаваны конкурсы патрыятычнай песні, сустрэчы дзяцей і падлеткаў з ветэранамі Вялікай Айчыннай.

Акцыя «Дзякуй за Перамогу!» прызвана выхоўваць у падрастаючага пакалення нацыянальную і грамадзянскую самасвядомасць, развіваць у дзяцей і падлеткаў актыўную жыццёвую пазіцыю. Удзельнічаючы ў акцыі, маладыя людзі аддаюць даніну павагі подзвігу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзначылі ў БРСМ.

Сімвалам акцыі стала чырвоная зорка з надпісам «Дзякуй за Перамогу!». Такой зоркай актывісты саюза моладзі і піянерскай арганізацыі, валанцёры БРСМ «Добрае сэрца» ўпрыгожылі дзверы дамоў, кватэр, дзе пражываюць удзельнікі Вялікай     Айчыннай вайны.

 

Па матэрыялах БелТА.

 



Добавить комментарий