НЕ ЗАБЫЦЬ І ПЕРАДАЦЬ НАСТУПНЫМ…

Общество

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Леанід Аляксандравіч Іванькоў з Івянца, нягледзячы на тыя праблемы са здароўем, што прынеслі ўзрост і жыццёвыя турботы-клопаты, да гэтай пары захоўвае крыштальную яснасць аналітычнага розуму. У свой час гэтага патрабавала служба ў войсках НКУС, куды, як вядома, абы-хто трапіць не мог. І сёння франтавік ва ўсім кіруецца старой загартоўкай, у яго памяці даты, факты, падзеі амаль што сямідзесяцігадовай даўнасці нібыта раскладзены па паліцах – вобразна кажучы, толькі працягні руку ды вазьмі…

25 гадоў, 6 месяцаў і 22 дні – столькі часу праслужыў ва Узброеных Сілах мой субяседнік! Ураджэнец вёскі Гарбачэва, што на Віцебшчыне, пайшоў у партызаны 15 чэрвеня 1942 года разам са стрыечным братам. Разам з іншымі прайшлі курсы падрыўнікоў. Дзякуючы гэтым людзям, гітлераўскія акупанты ў вайну страцілі эшалон з боепрыпасамі і ваеннай тэхнікай, не змаглі рэалізаваць многія свае каварныя планы з-за разбураных камунікацый – падарваных мастоў. У 1943 годзе Леанід Аляксандравіч перайшоў на службу ў войскі НКУС, на яго асабістым рахунку – шматлікія баявыя дзеянні на карысць паспяховай рэалізацыі аперацыі “Баграціён”.

Нарэшце надышоў час, калі адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай. Але вайна для франтавіка не закончылася. У складзе войскаў КДБ змагаўся з узброеным падполлем у Літве. Як ні дзіўна, але, па прызнанні ветэрана, нават самыя жорсткія баі з фашыстамі не былі такімі цяжкімі і небяспечнымі, як тыя… У такіх умовах праляцелі 10 гадоў. Неўзабаве Леанід Аляксандравіч трапіў пад скарачэнне. Але выдатны ад прыроды стратэг і тактык з унушальным баявым вопытам не пажадаў спыняцца на гэтым. Ён працягнуў службу ў войсках Сярэднеазіяцкай пагранічнай акругі – спачатку памочнікам, а потым начальнікам заставы.

Прыгадаў Леанід Аляксандравіч Іванькоў і адну з гісторый франтавога жыцця, якіх назапасіў безліч. Члены партызанскай брыгады імя Калініна, якая ў 1942 годзе дзейнічала на Віцебшчыне, атрымалі ад камандавання чарговае заданне: перавесці за лінію фронту мабілізаваных салдат і 600 яўрэяў, якім пашчасціла ўратавацца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Частка шляху прайшла без інцыдэнтаў, але вайна на тое і вайна, што там няма месца шанцу са шчаслівым завяршэннем. Калі ў прыцемках прабіраліся паўз нямецкія дазорныя вышкі, нехта выпадкова зачапіў нагой расцягнуты над самай зямлёй сігнальны дрот. Фашысты, развярнуўшы кулямёты ў бок падазронага шуму, адкрылі агонь. Партызаны, дзякуючы ўдзелу ў шматлікіх баявых аперацыях, абышліся малой крывёй, а вось амаль сто чалавек грамадзянскіх кулі ўсё ж такі дагналі. Паміралі яны страшна і… моўчкі! Разумелі: калі вораг пачуе выпадковы стогн, не ўратуецца ніхто…

Калі надышла пара звальняцца ў запас, капітан Іванькоў вырашыў вярнуцца ў родны Івянец. Тут працаваў дырэктарам мясцовага кінатэатра, а затым, як надарылася магчымасць, перайшоў у мясцовую школу выкладчыкам дапрызыўнай падрыхтоўкі, да 2002 года ўзначальваў савет ветэранаў Івянца.

«Дзень Перамогі для нас, франтавікоў, – свята асаблівае. Не крыўдуйце, але і ўспрымаем мы яго інакш, чым вы», – зазначае адзін з нешматлікіх ужо воінаў-вызваліцеляў. І мае рацыю.

Наша пакаленне, вядома ж, ведае пра пакуты і жахі Вялікай Айчыннай, пра цану здабытай многімі жыццямі свабоды. А яны ўсё гэта бачылі на свае вочы і цану тую плацілі. Таму наш святы абавязак сёння – запомніць, не забыць і перадаць наступным…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий