ТРАГЕДЫЯ Ў СІНЯЙ ГАРЫ ЗДАРЫЛАСЯ Ў ВАЙНУ…

Общество

Вясна асвяжыла зямлю жыватворнай зялёнай фарбай. Аслаблыя ад зімовага холаду галінкі прыдарожных дрэўцаў таксама бадзёра зайгралі маладой лістотай. Такое абнаўленне ў прыродзе міжволі адгукаецца ў сэрцы радаснымі ноткамі. Але тут жа гэта пачуццё чорнай лініяй перакрэслівае зразумелы сум: у карунках-галінах стромкіх ліп здалёк бачны тры надмагільныя крыжы. Хто ж пахаваны ў некалькіх метрах ад прасёлкавай дарогі паблізу вёскі Сіняя Гара? Па свежай раллі, пратоптваючы вузкую сцежку, мы ідзём да помнікаў.

Імклівы час, нібы рукой, змахнуў выразнасць надпісаў на помніках. Але, напружваючы зрок, можна расчытаць некаторыя звесткі: Юроіць, Каранік, Матус. Жыцці гэтых людзей спыніліся ў адзін дзень 1941 года.

Хто дапоўніць скупую інфармацыю пра гэтых ахвяр вайны. Вядома ж, першым чынам спадзяешся сустрэць у вёсцы некага з карэнных жыхароў пачцівага ўзросту, якія маглі б адгарнуць старонку ў далёкае былое.

Нам шанцуе. На першай жа сядзібе пры ўедзе ў вёску Сіняя Гара Вішнеўскага сельсавета сустракаем кабету мудрага ўзросту – Алену Нікадзімаўну Юхнеўскую. Ёй ужо амаль восемдзесят. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Алене было толькі восем гадоў. Але дзіцячая памяць учэпіста захавала многае з трагічнага летапісу ваеннай пары. Жыла дзяўчынка з бацькамі ў суседняй вёсцы Вуглы, што за два кіламетры адсюль.

Алена Нікадзімаўна, нібы лёгкую ажурную хустку з галавы, здымае другарадныя на гэты час успаміны, і засяроджвае сваю памяць толькі на пары далёкага дзяцінства, што даўно закацілася за небакрай імклівага жыцця. Памятае, як вярнуўся з Валожына ўстрывожаны бацька. Ён прынёс чорную нечаканую навіну: немцы распачалі вайну. Ніхто не згаджаўся паверыць у гэта! Некаторыя вяскоўцы нават папракалі яго ў распаўсюджванні правакацыйных звестак, пагражалі паскардзіцца ўладам.

Радыё ў вёсках не было, таму праўдзівасць трывожнай інфармацыі ніхто не мог пацвердзіць ці абвергнуць… Але неспакой усё ж разладзіў мірныя планы людзей. У кожнага неадчэпна круцілася ў галаве: а можа, і сапраўды пачалася вайна?! Прадчуванне і чаканне абвешчанай бяды ўзмацнялася з цягам часу. Многія пачалі рыхтавацца да самага горшага. Але ўсё роўна ва ўсіх наступіў псіхалагічны ступар, калі нечакана на чорных матацыклах у вёсцы на самой справе з’явіліся немцы…

Чужынцы палохалі сялян ужо адным сваім грозным выглядам. Ходзячы па хатах, яны пачалі ўнікліва “вывучаць сітуацыю”, бо вёска размяшчалася ў блізкай мяжы ад лясоў. А гэта заўсёды патэнцыяльная пагроза для акупантаў. У час кантактаў з немцамі нехта з сінягорцаў праявіў маладушнасць, калі расказаў, што, калі па вёсцы пранеслася пагалоска, што Германія распачала вайну, асабліва актыўна процістаялі гэтай чутцы Антось Юроіць, Геранім Матус і Антось Каранік.

…Па волі абставін у адзін з летніх дзён гэтыя тры мужчыны аказаліся на вуліцы разам, ды і жылі яны па суседстве. У той час, расказвае А. Н. Юхнеўская, у вёсцы Сіняя Гара ды і навакольных хутарах чамусьці было шмат сабак, хворых на шаленства. Невядома адкуль прыблукалі сюды летам і яшчэ дзве небяспечныя жывёліны. Мужчыны, узброіўшыся віламі, выганялі гэтых сабак за ваколіцу. Па дарозе ім нехта паўжартам сказаў: “Не тым вы, маўляў, займаецеся! Трэба збіраць пажыткі, бо немцы ўжо ў Валожыне”. Трое мужчын успрынялі тую навіну, як няўдалы розыгрыш, але ў бок немцаў не прамінулі ўсё ж адпусціць некалькі праклёнаў і слоў лаянкі. Сказалі пры гэтым, што савецкая ўлада гэтых “праклятых фрыцаў радзелае пад арэх”. Калі акупанты, завітаўшы ў вёску, мэтанакіравана пачалі дазнавацца, хто ж з мясцовых жыхароў найбольш адданы савецкім парадкам, нехта хутчэй за ўсё, відаць, і працытаваў словы тых мужчын. Прысуд з боку фашыстаў быў неадкладны і вельмі суровы. Двух Антосяў і Гераніма пад дуламі аўтаматаў фашысты вывелі за вёску і расстралялі. Было кожнаму з гэтых нявінных ахвяр пад шэсцьдзясят гадоў. У тое лета ніхто з іх і падумаць не мог, што такі горкі лёс ім угатаваны. У Юроіця асірацела адразу чацвёра дзяцей, у Караніка – трое, Матус са сваёй жонкай былі бяздзетныя. Калі здарылася гэта няшчасце, вяскоўцы папрасілі дазволу ў немцаў пахаваць нябожчыкаў. Тыя злітасцівіліся. Тутэйшыя жыхары выкапалі магілы, паставілі сціплыя драўляныя крыжы. А ўжо пасля вайны памяць пакутнікаў увекавечылі добрымі цэментавымі помнікамі. Пасадзілі ліпкі. Праз некалькі гадоў адбылося перазахаванне астанкаў гэтых людзей у брацкую магілу ў вёсцы Багданава. А пастаўленыя некалі надмагільныя помнікі пры дарозе вырашылі не разбураць. Так і стаяць яны да гэтага часу маўклівымі сведкамі далёкай ваеннай пары…

Алена Нікадзімаўна Юхнеўская расказвае, што ў яе роднай вёсцы Вуглы, у суседніх Мяхах і Сіняй Гары за час вайны больш ахвяр, на шчасце, не было. Усе вярнуліся дадому, дзякаваць Богу, жывымі і з франтоў, і з партызанскіх атрадаў. А што такое вайна, адчай і страх, зведалі спаўна і малыя, і старыя, бо жылі на акупіраванай тэрыторыі. Пасля авіяналётаў Заходняя Бярэзіна часта набывала крывавае адценне. Немцы з паветра адсочвалі перамяшчэнне і дыслакацыю Чырвонай Арміі і наносілі ўдары. Водная плынь несла трупы людзей, забітых і пакалечаных пасля авіяналётаў. Целы, якія чапляліся за прыбярэжныя кусты, якія прыбівала да берага імклівым цячэннем, спагадлівыя вяскоўцы па хрысціянскім звычаі заўсёды стараліся аддаць зямлі. Шмат такіх безыменных магіл-курганкоў было тады ў ваколіцах. Хавалі сваіх, а здаралася, і чужынцаў. Бо смерць страшная і ненавісная ў любых яе праявах…

У Вуглах на адной сядзібе быў надта харошы цяністы сад. Нямецкія матацыклісты, напэўна, асцерагаючыся магчымых авіяатак з боку чырвонаармейцаў, старанна хавалі пад цяністымі шатамі дрэў свае матацыклы. У вялікім садзе такіх транспартных сродкаў умяшчалася да сарака адзінак. Гаспадары той сядзібы, вядома ж, вельмі перажывалі, што акупанты так дратуюць родную зямлю, так вольна сябе паводзяць у чужой старане. Але пярэчыць ім баяліся, бо можна было пазбавіцца жыцця. Што зробіш, прыходзілася цярпець. Цярпеў і маўклівы вялікі сад. Але прырода нібы адпомсціла яму за тое, што вымушана даў прытулак нямецкай тэхніцы. На наступны год невыносны мароз знішчыў пладовыя дрэвы. Усе да аднаго…

Равеснікам Алены Нікадзімаўны, чыё дзяцінства было абпалена вайной, многае прыйшлося зведаць, перажыць. У Юхнеўскіх было пяць дачок. Бацькі баяліся, каб немцы не вывезлі іх у Германію. У старой пуні спецыяльна зрабілі схованку. Уваход замаскіравалі ўсялякім ламаччам. Колькі трывожных дзён і начэй правялі там дзяўчаты ў голадзе і страху.

Здаралася, адчуваючы нядобрае, свае хаты пакідалі надоўга і цэлыя сем’і. Асноўным прытулкам былі для вяскоўцаў закінутыя бліндажы і замурожаныя акопы, якіх у ваколіцах засталося багата яшчэ з Першай сусветнай вайны.

У час адступлення немцы, багата нарабаваўшы рознай маёмасці, прымусілі многіх мужчын, якія мелі ўласных коней, ісці ў абозе на захад. Такая доля напаткала і бацьку А. Н. Юхнеўскай. Але аднойчы ноччу дзесьці пад Лідай ён усё ж рызыкнуў, крадучыся, скіраваць сваю кабылку з невялікага абрыву і стрымгалоў падаўся ў прыдарожны лес. Уцёк закончыўся ўдала, праз некалькі тыдняў бацька вярнуўся ў родную сям’ю.

…За вёскай Сіняя Гара адкрываюцца маляўнічыя далягляды. Але з паўночнага боку прасцяг для вачэй абмежаваны. Высокая гара, пакрытая лесам, упіраецца прама ў неба. Зялёныя кроны лесу, здаецца, і сапраўды афарбаваны ў нябесную просінь. Алена Нікадзімаўна расказвае, што раней там было рэдкалессе, вяскоўцы часта ганялі туды на выпас кароў. А асноўнымі пастушкамі былі, вядома ж, дзеці. Асцярожная жывёла баялася ўзнімацца на гэту “піраміду”. Затое дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак заўсёды цягнула туды нейкая магічная сіла. На самым піку Сіняй Гары была такая “кругавіна”, а ў сярэдзіне яе – адтуліна. Набраўшы прыгаршчы каменьчыкаў, беглі туды дзеці, праз адтуліну кідалі ўніз каменьчыкі. Яны ляцелі доўга-доўга, а праз нейкі час адзываліся звонкім рэхам. Сівая спрадвечная легенда сведчыць, што на гэтым месцы некалі стаяў храм, які аднойчы неспадзявана праваліўся глыбока пад зямлю. Выдумка гэта ці быль – адзін Бог ведае…

…Чалавек, які пражыў на зямлі амаль 80 гадоў, таксама можа з адных толькі ўспамінаў “насыпаць” сваю гару – столькі падзей, эпізодаў, здарэнняў, выпрабаванняў зведана ў жыцці. І на гэтай гары таксама стаіць сімвалічны калодзеж памяці. Кінь туды каменьчык-успамінаў, і тут жа адзавуцца гады светлым і звонкім рэхам. А вайна – адзавецца толькі шчымлівым болем…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий