“ЯШЧЭ РАЗ ЗІРНУ НА СОНЦА…”

Общество

Кожны год аддаляе ад нас гераічныя падзеі ваеннага ліхалецця. Аднак не становяцца ад гэтага менш урачыстымі пераможныя майскія парады і салюты, не згасае слава воінаў, што ў жорсткіх баях адстаялі для сваіх нашчадкаў права на жыццё і свабоду. На жаль, усё менш застаецца жывых сведкаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Большасць з іх ужо размянялі дзевяты і дзесяты дзесятак.

У добрым здароўі сустракае чарговую гадавіну Вялікай Перамогі жыхар вёскі Ракаў Мікалай Ігнатавіч Шумейка. Мікалай Ігнатавіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны работнік Мінскага аўтапарка № 5, мае шмат ваенных і працоўных узнагарод. Гледзячы на гэтага сівавалосага ветэрана, ніколі не скажаш, што яму ўжо 90 гадоў. Нават у такім паважаным узросце ён нядрэнна сябе адчувае, па-мужчынску прыгожы, бадзёры і мужны. Ды і занятак знайшоў сабе па душы – ахвотна займаецца пчалярствам. Дом яго размешчаны ў вёсцы па вуліцы Маладзёжнай. “Можа таму, – смяецца ветэран, – маю яшчэ жыццёвыя сілы і на падворку тое-сёе зрабіць, і пасеку дагледзіць, што мой заліхвацкі настрой адпавядае гэтай назве”.

Мікалай Ігнатавіч не любіць успамінаць ваенныя гады. Надта жорсткімі і крывавымі яны паўстаюць перад яго вачамі. На фронт трапіў толькі ў пачатку 1944-га, і адразу на перадавую. Служыў радавым у батальёне сувязі. Нашы войскі ў той час шпарка адцяснялі ворагаў на Захад. Батальён удзельнічаў у вызваленні Польшчы і яе сталіцы Варшавы, канцлагера Майданак, гарадоў на Дунаі, у прыватнасці, Будапешта. Памятае ветэран, і як фарсіравалі рэкі Одэр і Віслу. Здавалася, не было больш жорсткіх і страшных баёў, чым тут. Вось толькі нядаўна побач з табой бег салдат, і ўжо яго няма – застрэлены. З тых, хто выжыў, амаль ніводны не застаўся без ранення. Здавалася, нават прырода адпавядала гэтаму моманту – ураз пачарнелі дрэвы, кусты, зямля, у рэках пацякла крывава-чырвоная вада. Мікалай Ігнатавіч не ведаў, ці выжыве. Кожную хвіліну не пакідала думка: “Яшчэ раз зірну на сонца, бо можа, у апошні раз”. Аднак лёс дараваў яму жыццё, у той “мясарубцы” была пашкоджана толькі левая рука. Ён дайшоў да Берліна, кожны куток якога таксама адваёўвалі са страшэннымі баямі. Іх батальён трапіў у акружэнне. 6 мая, за пару дзён да Перамогі, Мікалай Ігнатавіч быў паранены ў сцягно. У цяжкім стане яго адправілі ў шпіталь у Гамбург. Там і сустрэў Дзень Вялікай Перамогі. Пасля вайны яшчэ каля года служыў у Карпатах, на чэхаславацка-ўкраінскай мяжы, змагаўся з бандэраўцамі, якія доўгі час не давалі наладжваць мірнае жыццё мясцоваму насельніцтву.

У 1946-м вярнуўся на радзіму. Аднак заставацца ў роднай вёсцы Ласокіна не было жадання – усё тут навявала сумныя ўспаміны пра тое, як да вайны прызналі ворагам народа і раскулачылі бацьку. Таму ўладкаваўся вадзіцелем у Мінскі аўтобусны парк. Сёння за плячамі Мікалая Ігнатавіча сотні тысяч кіламетраў бясконцых дарог, бо працаваў не толькі на гарадскіх, але і на міжгародніх рэйсах. Выгадаваў дзвюх дачок, дачакаўся ўнукаў, праўнукаў. Цешыцца, што мае магчымасць жыць сярод сваіх родных. А калі пайшоў на пенсію, пераехалі з жонкай у Ракаў – моцна паклікалі вясковыя карані.

“Раны даўно зарубцаваліся, аднак не дае супакоіцца памяць, не сціхае боль у сэрцы. Не дай Бог яшчэ раз перажыць такое. Але не дай Бог і яго забыць…”, – са слязамі на вачах гаворыць ветэран.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий