САЛЮТАВАЛІ ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОЗЕ!

Официально

67 гадоў аддзяляе нас ад таго дня, калі скончылася вайна, 67 разоў святкавалі мы, нашы бацькі, дзяды, прадзеды Дзень Вялікай Перамогі. І кожны раз гэта свята напоўнена радасцю і  шчасцем ад таго, што жывём пад мірным небам.

Кожны год па традыцыі ў Дзень 9 Мая ўшаноўваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Іх рады значна парадзелі за апошні час. І хоць у раёне налічваецца зараз 110 ветэранаў, у раённым свяце змаглі прыняць удзел толькі 17 з іх.

Распачалося святочнае мерапрыемства ў кінатэатры “Юнацтва”. Тут ветэранаў чакаў накрыты стол – своеасаблівы знак увагі ад кіраўніцтва раёна. Узнёслы святочны настрой стварыў і ўзорны духавы аркестр Валожынскай дзіцячай музычнай школы, у выкананні якога ўвесь час гучалі ваенныя мелодыі. Пасля сустрэчы з раённай уладай праз жывую алею кветак, паветраных шарыкаў, флажкоў, што трымалі ў руках школьнікі, калона ветэранаў прайшла да брацкай магілы на плошчы Свабоды, дзе адбыўся мітынг. Адкрыў урачыстае мерапрыемства старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч. Уладзімір Антонавіч горача павіншаваў усіх ветэранаў, а таксама гараджан і гасцей з Днём Перамогі, пажадаў усім міру і дабра, запэўніў, што маладое пакаленне сваёй самаадданай працай забяспечыць незалежнасць і бяспеку краіны і ніколі не забудзе, якой цаной здабыты мір і спакой.

Ад імя ветэранаў слова трымаў былы франтавік, заслужаны ўрач БССР, кандыдат медыцынскіх навук Міхаіл Міхайлавіч Ляйкоўскі, ён прыгадаў падзеі ваеннага часу, павіншаваў сваіх баявых сяброў, падзякаваў раённай уладзе за клопат і падтрымку. Ад афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь словы віншавання франтавікам перадаў камандзір радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння падпалкоўнік С. В. Галіеў. Запрасілі да мікрафона і моладзь – удзельнікаў агітбрыгады піянерскай дружыны “Пунсовыя ветразі” СШ № 2. Урачысты мітынг завяршыўся ўскладаннем кветак і вянкоў да помніка загінуўшым і ваенным парадам.

У чарадзе святочных мерапрыемстваў, напэўна, найбольш запамінальнымі для гараджан сталі канцэртная праграма ў РЦК, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, спартыўныя спаборніцтвы на пляцоўцы каля гарадскога возера, дзіцячыя атракцыёны.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий