13 мая — Дзень Дзяржаўнага ГЕРБА і Дзяржаўнага сцяга Рэспублiкi Беларусь

Общество

Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь заснаваны на гераічнай гісторыі нашай краіны і ў сваім мастацкім афармленні адпавядаюць як традыцыям і памкненням беларускага народа, так і міжнародным геральдычным нормам і правілам.

Палажэнні аб Дзяржаўным гербе і Дзяржаўным сцягу нашай краіны былі зацверджаны 7 чэрвеня 1995 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкам на аснове рашэння рэспубліканскага рэферэндуму, які адбыўся ў маі 1995 г.

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе прамавугольнае палотнішча з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру ў 2/3 і ніжняй – зялёнага колеру ў 1/3 шырыні сцяга. Ля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, якое складае 1/9 даўжыні сцяга. Адносіны шырыні сцяга да яго даўжыні – 1 : 2.

Асноўныя рысы Дзяржаўнага сцяга – чырвоная, зялёная і аздобленая арнаментам белая палосы, якія маюць гістарычныя і нацыянальныя карані. Чырвоны колер спрадвечна займаў ганаровае месца ў светапоглядзе славян. У геральдычным выкананні ён азначае храбрасць, мужнасць, бясстрашнасць. З ХIХ ст. чырвоны набывае значэнне свабодалюбства, рэвалюцыйнасці, барацьбы супраць прыгнятальнікаў.

Традыцыя шанавання зялёнага колеру таксама вельмі старажытная. Продкі беларусаў абагаўлялі навакольны свет і прыроду. Зеляніна азначала перамогу жыцця, вясенняе абуджэнне прыроды пасля доўгага зімовага сну. Гэта сімвал маладосці і энергіі, веры і надзеі ў невычэрпную моц прыроды.

Вертыкальная белая паласа з чырвоным арнаментам – характэрны знак для славянскіх народаў. Белы колер азначае бязгрэшнасць, чысціню, надзею на здзяйсненне жаданняў. Гэта колер прымірэння, веры і адданасці, а таксама мудрасці і ведаў. Асноўны элемент арнаменту – выцянуты па вертыкалі ромб – сімвал узыходзячага сонца і звязанай з ім урадлівасці зямлі. Дзве крыжападобныя перасечаныя лініі ў цэнтры ромба з чатырма кропкамі паміж імі сімвалізуюць засеянае поле.

 



Добавить комментарий