“РАДЭА” СТАНЕ ПАЎНАВАРТАСНЫМ ФЕСТЫВАЛЕМ

Общество

Магчыма, сённяшнія дзеці растуць на больш сучасных і значна менш гераічных сюжэтах, аднак я дагэтуль памятаю, як сціскалася калісьці маё хлапечае сэрца, варта было толькі прамовіць запаветныя словы “індзеец”, “каўбой” альбо “дзікі Захад”.  Перад вачыма ўставалі ўлюбёныя кніжныя вобразы. Дастаткова было заплюшчыць вочы, каб пачуць і баявыя індзейскія воклічы, і шаргатанне рэвальверных барабанаў, і, канешне ж, тупат конскіх капытоў па гарачай зямлі…

Тыя, хто захаваў хаця б рэштачку былога захаплення і апынуўся ў канцы красавіка ў вёсачцы Міжрэчча, што ля Ракава, меў неверагодную магчымасць убачыць сваю старую мару, што ажывала перад вачыма. Справа ў тым, што менавіта ў Міжрэччы знаходзіцца конна-гістарычны клуб “Залатая шпора”, які ладзіў у той дзень даволі вялікае коннае свята, прысвечанае тэматыцы вестэрна.

Госці клуба мелі магчымасць на працягу цэлага дня адчуць атмасферу “дзікага Захаду” з яго славутымі капелюшамі-“стэтсанамі”, махрыстымі скуранымі штанамі, абкаванымі жалезам хвацкімі ботамі са звонкімі шпорамі і сапраўднымі коньмі, на якіх удзельнікі “Залатой шпоры” і іх калегі з Беларусі і Расіі дэманстравалі свае кавалерыйскія ўменні.

Першую палову дня занялі спаборніцтвы па “барэл-рэйсінгу” або адмысловых верхавых гонках, у якіх удзельнікі павінны не проста прадэманстраваць хуткасць сваіх коней, але і прайсці, не збаўляючы тэмп, па адмысловай трасе праміж вялізных бочак. Выступалі не толькі дарослыя вершнікі, сярод якіх былі і нашы суайчыннікі, і госці з Расіі, якія спецыяльна наведалі нашу краіну, каб прыняць удзел у спаборніцтвах. Свае вершніцкія таленты прадэманстравалі і дзеці – удзельнікі юніёрскага этапу.

– Прытрымліваючыся добрых старых традыцый, мы назвалі свята “Радэа “Залатой шпоры”, – расказвае арганізатар свята і кіраўнік конна-гістарычнага клуба Павел Калінкаў. – Наш клуб арганізуе падобную падзею ўжо не першы раз, аднак раней яна была адкрыта толькі для ўдзельнікаў спаборніцтваў і сяброў клуба. Гэта лета – наш першы сезон на Валожыншчыне, бо клуб перабраўся ў Міжрэчча зусім нядаўна. І вось, мы ўпершыню зрабілі «радэа» адкрытым для наведвальнікаў.

Весела і дынамічна прайшла і наступная частка свята – абранне каралевы «радэа». Дзяўчаты-ўдзельніцы не толькі дэманстравалі аўтарытэтнаму журы свае касцюмы ды ўменне танчыць так, як калісьці гэта рабілася ў салунах каўбойскіх гарадкоў. Кожная з іх павінна была прадэманстраваць хуткасць, фізічную сілу, а таксама тое, без чаго немагчыма нават уявіць ніводнага жыхара “дзікага Захаду” – уменне знайсці “агульную мову” з канём.

На працягу ўсяго дня – у прамежках паміж спаборніцтвамі і конкурсамі – кожны з гасцей мог прыняць удзел у шматлікіх гістарычных забавах і навучыцца не толькі страляць з індзейскага лука, але і авалодаць сапраўдным каўбойскім ласо, упраўляцца з даўжэзнай скураной пугай ці плаваць на каноэ па сажалцы, на беразе якой прытуліліся сапраўдныя індзейскія буданы з жэрдак ды тканіны. Спевы ж веснавых птушак увесь дзень мяшаліся з гукамі музыкі “кантры”.

Кульмінацыяй дня стала паказальнае выступленне сяброў клуба “Залатая шпора”. На гарачым пяску трэніровачнага пляца разгарнулася коннае прадстаўленне, падчас якога каварныя індзейцы выкрадалі каўбойскіх дзяўчат, адважны шэрыф дэманстраваў сваё непараўнальнае валоданне не толькі зброяй, але і коньмі. А напрыканцы конны атрад пад гістарычным сцягам амерыканскай канфедэрацыі адважна біўся з дзёрзкімі выкрадальнікамі.  Пыл уздымаўся з-пад капытоў добра падрыхтаваных жвавых коней. Гледачы ў захапленні назіралі за выступленнем.

Паводле слоў арганізатара і вядучага Паўла Калінкава, праведзенае свята – толькі спроба. «Сёлета  мы ўпершыню паказалі наша “радэа” публіцы. Спадзяюся, што ў наступным годзе “радэа” стане паўнавартасным фестывалем, што зможа прыняць большую колькасць людзей, якім блізкая тэматыка вестэрна, і якія любяць коней так, як любім іх мы!» – выказаў сваю веру ў поспех П. Калінкаў.

Едучы на “радэа”, я – чалавек, якому выпала ў жыцці арганізаваць і правесці не адзін вялікі фэст, крыху баяўся таго, што высакароднай задуме нашых землякоў чагосьці не хопіць для таго, каб свята атрымалася сапраўды цікавым. Ужо ў вечаровых прыцемках, вяртаючыся па Віленскай шашы на свой хутар, я злавіў сябе на тым, што з задавальненнем “пракручваю” ў памяці розныя эпізоды свята. Мне стала зразумела – арганізатарам хапіла і таленту, і прафесіяналізму, і сапраўднага захаплення любімай справай, каб “радэа” стала сапраўднай запамінальнай падзеяй. Да таго ж было прыемна, што прытулак яшчэ аднаму будучаму беларускаму фестывалю дала менавіта наша валожынская зямля.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий