НОВЫЯ ВЯРШЫНІ “ARS LONGA”

Культура

Каўнас і Ракаў. Вы спытаеце, што можа звязваць два гэтыя населеныя пункты ў розных краінах? Вядома, музыка!

Старажытны літоўскі горад стаў месцам правядзення X Міжнароднага конкурсу акардэаністаў “Ascoltate 2012”. Ён праходзіў у залах кансерваторыі імя Ю. Груодзіса. Мерапрыемства сабрала ўдзельнікаў розных творчых катэгорый: салістаў, ансамблі, аркестры. Прымалі ўдзел узроставыя групы ад 10 гадоў з розных краін: Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Расіі, Польшчы, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Аўстрыі, Беларусі і інш.

Інструментальны ансамбль Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў “Ars Longa” прыняў удзел у гэтым конкурсе. Калектыў, у склад якога ўваходзяць настаўнікі школы, ужо добра вядомы як у раёне, так і за яго межамі. Ён неаднаразова станавіўся лаўрэатам розных конкурсаў і фестываляў.

У верасні мінулага года абнавіўся склад ансамбля, з’явіўся новы кіраўнік: працаваць у школу прыйшоў выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Марат Лагутка. Паездка на першы ў гісторыі ансамбля Міжнародны конкурс за мяжу стала своеасаблівым экзаменам не толькі для калектыву, але і для яго кіраўніка.

Напярэдадні ансамбль “Ars Longa” даў шэраг канцэртаў, прапагандуючы сваю творчасць. Яны прайшлі ў раённым Цэнтры культуры, Івянецкай ДШМ, Маладзечне, Стоўбцах, Мінску. І конкурснае выпрабаванне музыканты прайшлі на “выдатна”, вярнуўшыся на радзіму з першым месцам.

Яшчэ адным цікавым творчым праектам стала прапанова арганізатараў конкурсу да ўдзельнікаў інструментальнага ансамбля выступіць з сольным канцэртам у адзін з конкурсных вечароў, што стала дадатковай магчамысцю паказаць сваё майстэрства перад прафесійнай публікай. Прыемна, што водгукі слухачоў былі толькі станоўчыя.

Такім чынам, акрамя ўдзелу ў конкурсе, удзельнікі ансамбля “Ars Longa” атрымалі выдатную магчымасць пазнаёміцца з новымі цікавымі людзьмі, абмяняцца вопытам, наладзіць творчыя кантакты, якія ў будучым дазволяць калектыву пашырыць дыяпазон сваіх канцэртных пляцовак.

Кацярына Сеніна.

 



Добавить комментарий