“САЦЫЯЛЬНАЯ ПЕРАДЫШКА” – ДАПАМОГА НА СПРАВЕ

Общество

У Беларусі штогод прызнаюцца інвалідамі каля 30000 дзяцей да 18 гадоў. Цяжкія захворванні, што прыводзяць іх да інваліднасці, з’яўляюцца стрэсам для ўсёй сям’і. Многія бацькі не ў стане справіцца з такімі праблемамі. Нярэдка сем’і распадаюцца…

З 1994 года грамадская дабрачынная арганізацыя “Беларускі дзіцячы хоспіс” аказвае паліятыўную дапамогу сем’ям, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, псіхалагічную, сацыяльную і духоўную дапамогу самім цяжкахворым дзецям. У 2009-2011 гадах Беларускі дзіцячы хоспіс пры падтрымцы Міжнароднага дзіцячага фонду займаўся распрацоўкай новай паслугі – “Сацыяльная перадышка”.

У лютым гэтага года ўступіў у дзеянне Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2012-2016 гады, дзе вялікая ўвага надаецца дапамозе дзецям з інваліднасцю і іх сем’ям. Сюды ўнесены прапановы па распрацоўцы нарматыўнага прававога акта па аказанні паліятыўнай дапамогі дзецям, адкрыцці кабінетаў такой дапамогі на базе дзіцячых паліклінік, арганізацыі прадастаўлення паслугі “Сацыяльная перадышка”. У той час, калі хворае дзіця даглядае вопытны прафесіянал, сям’я можа вырашыць свае бытавыя праблемы: паправіць здароўе, зрабіць рамонт, арганізаваць паездку, больш увагі надаваць іншым дзецям у сям’і.

Зараз арганізацыя пры падтрымцы прадстаўніцтва ЮНІСЭФ рэалізуе праект “Развіццё мадэляў сацыяльнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, у Рэспубліцы Беларусь”. Разам з апрабацыяй і прадастаўленнем паслугі “Сацыяльная перадышка”, адной з асноўных мэтаў праекта з’яўляецца распрацоўка пакета дакументаў, які б рэгуляваў даную паслугу ва ўстановах рознага тыпу – грамадскіх і дзяржаўных. Партнёрам хоспіса па гэтым праекце з’яўляецца і Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Тут ёсць усе ўмовы для забеспячэння якаснага знаходжання такіх дзяцей без бацькоў. Са студзеня 2013 года бацькі дзяцей-інвалідаў Мінскай вобласці змогуць скарыстацца гэтай паслугай.

Ірына БАЙДАКОВА,

галоўны спецыяліст па сацыяльнай рабоце Беларускага дзіцячага хоспіса.

 



Добавить комментарий