У ДОБРЫ ШЛЯХ, АБАРОНЦЫ АЙЧЫНЫ!

Общество

Мерапрыемства, прысвечанае чарговаму прызыву на тэрміновую воінскую службу, традыцыйна праходзіла ў раённым Цэнтры культуры.

У зале сядзелі юнакі, наперадзе ў якіх – суровыя армейскія будні ў розных воінскіх фарміраваннях і падраздзяленнях, вялікая работа над фізічным і духоўным узмужаннем. Кожны настройваўся служыць годна і дастойна…

Сёлета на службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь прызываюцца амаль 40 юнакоў з раёна. Упершыню здарылася так, што ў валожынскую брыгаду будзе размеркаваны толькі адзін чалавек, з 15 мая да канца месяца астатнія будуць накіраваны ў Віцебскі, Мар’інагорскі, Мінскі і Пінскі гарнізоны. Пра гэта паведаміў, адкрываючы Дзень прызыўніка, выконваючы абавязкі ваеннага камісара раёна Юрый Вітальевіч Нахай. Ён таксама расказаў юнакам, чаго ім чакаць ад тэрміновай службы. Зарыентаваў, што яны павінны быць гатовы да пэўных складанасцей, але дзякуючы ім толькі загартуюцца, навучацца не пасаваць перад праблемамі. Пранікнёным і вельмі жывым, па-бацькоўску цёплым было выступленне Мікалая Іванавіча Каржа, які трымаў слова ад імя прадстаўнікоў Беларускага Саюза афіцэраў. А затым да будучых вайскоўцаў з наказам ад усіх матуль звярнулася Марына Фёдараўна Русакевіч, якая, як і ўсе матулі, праважаючы сына ў вайсковае жыццё, не змагла стрымаць шчырых слёз.

Неўзабаве паспрачаліся ў спрыце і хуткасці юнакі-прызыўнікі з маладымі вайскоўцамі падчас традыцыйных конкурсаў. А на працягу мерапрыемства ўсёй зале дарылі песні артысты раённага цэнтра культуры. Прачулая музыка, умела падабраны рэпертуар клаліся на душу шчырым пажаданнем: “У добры шлях, абаронцы Айчыны!”.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий