Ракаўскімі сцяжынамі песняроў

Культура

У артыкуле “У гэтых мясцінах мог нарадзіцца будучы геній” (“Працоўная слава”, 13.04.2012, № 57-58) я ўжо расказаў пра жыццё і працу ў Паморшчыне бацькоў Янкі Купалы перад самым нараджэннем песняра. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць мемарыяльная дошка, устаноўленая ў 2002 г. пры ўваходзе ў бровар, на якім бацькі будучага песняра працавалі ў 1879–1882 гг. Сённяшняя вуліца, якая носіць імя Янкі Купалы, злучыла колішнюю вёсачку Паморшчыну з мястэчкам Ракаў. А ці наведваў пясняр тую мясціну, дзе калісьці маці люляла яго ў сваім лоне? Пра гэта – крыху пазней…

А што да Якуба Коласа, то не толькі яго блізкіх родзічаў, але і самога аўтара “Новай зямлі” даволі часта бачылі на Ракаўшчыне з пачатку 1950-х гг. да самай яго смерці ў жніўні 1956 г. Мой бацька Пётр Іосіфавіч, у тыя гады рахункавод мясцовага калгаса, расказваў, як сустрэўся з Канстанцінам Міхайлавічам у бузуноўскага каваля Букрэя (суседняя вёска Бузуны знаходзіцца за 5 км ад Ракава). Народны паэт прасіў тады каваля выкаваць яму невялікі тапорык, каб з ім зручна было хадзіць у лес. Пазней, як казаў бацька, Якуб Колас не толькі добра заплаціў за работу (ажно 100 рублёў “адваліў”!), але і стаў браць да сябе ў Мінск у якасці хатняй прыслугі кавалёвых дочак. “Возьме, а праз некаторы час замуж выдасць, пры гэтым пасаг добры дасць… Так усіх трох і вывеў у людзі”.

Хочацца прывесці тут і словы-ўспаміны  нашага земляка заслужанага артыста Беларусі, колішняга дырэктара Віцебскага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа  Рыгора Шацькі.

Карэспандэнт “Звязды” сустрэўся з ім  у 2001 годзе, калі тэатру споўнілася 75 год. Да свайго юбілею тэатр паставіў спектакль “Зямля” паводле славутай “Новай зямлі”. У спектаклі Р. Шацька іграў галоўную ролю. Вось невялікі ўрывак з газетнага інтэрв’ю:

Карэспандэнт: Досыць сімвалічна: дырэктар тэатра імя Якуба Коласа іграе самога Якуба Коласа.

Р. Шацька: Многія сцвярджаюць, што я вельмі падобны да яго.

Карэспандэнт: Сапраўды, магу пацвердзіць!

Р. Шацька: Я пачаў дапытвацца ў сваёй радні, у бабуль-дзядоў, чаму так. Бацька расказаў: Колас кожную раніцу калісьці заходзіў да майго дзеда – у яго была дача ў Палачанцы пад Мінскам, а хутар майго дзеда знаходзіўся побач. Дзед трымаў 40 калод пчол – кожную раніцу Колас заходзіў, ласаваўся мёдам, выпіваў чарачку самагонкі… Нават ёсць у яго радкі:

І Шацька мёдам пачастуе,

І чарку поўную налье…

Гэта пра дзеда… Дарэчы, дужа не любіла Коласа мая бабуля – таму што “зранку спорціць чалавека, а сам пайшоў у бярэтцы сваёй” (смяецца)” (“Звязда”. 2001. 21 лістапада).

Не станем высвятляць, дзе тут праўда, а дзе мастацкі домысел. Сапраўды, недзе на пачатку 1950-х гг. Якуб Колас наняў пад лецішча ў недалёкай ад Ракава Палачанцы крайнюю ад дарогі хату калгасніка Мікалая Фёдаравіча Букрэя (1916–1983). Хату тады толькі што пабудавалі. Радавалі вока светлая дранка страхі, свежапагабляваная падлога, жоўта-васковыя сцены, якія пахлі сасновай смалой. Паэт папрасіў гаспадароў не тынкаваць, не абклейваць сцены, не фарбаваць падлогу, пакінуць усё ў натуральным выглядзе. Яны ўлічылі просьбу. Жылі самі ў старой хаціне, а ў новы дом перабіраліся  восенню, там зімавалі, нічога не змяняючы, а летам зноў уступалі месца радні паэта.

А летавалі тут некалькі гадоў падрад сыны Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч і Міхась Канстанцінавіч са сваімі сем’ямі. Міхась Канстанцінавіч прыгадвае, што Якуб Колас прыязджаў у Палачанку, любіў хадзіць па лесе, збіраць грыбы, якіх у тыя часы  “было тут процьма”.  Дый да гэтага часу палачанкаўскія лясы лічацца, бадай, самымі грыбнымі на Ракаўшчыне. Летам 2002 г., збіраючы матэрыял па літаратурным краязнаўстве, я наведаў Палачанку. Як аказалася, маладыя гаспадары хаты сын Мікалая Фёдаравіча Марцін, яго жонка Леакадзія Уладзіміраўна, тым больш іх дачка Таццяна ведалі пра “дачнікаў” толькі па сямейных пераказах. Затое сусед, колішні млынар Фёдар Мікалаевіч Юрынок добра помніў і сыноў паэтавых, і яго нявестак, дый самога Канстанціна Міхайлавіча. Галава ў яго была светлая, нягледзячы на старэчы ўзрост і хваробу, што прыкавала да ложка.              – Якуб Колас часта раніцай заходзіў у млын – пагутарыць са мной, з ваколічнымі сялянамі і… ўзважыцца. У мяне стаялі вялікія вагі, на якіх я важыў збожжа і змолатую муку, вось на іх станавіўся паэт, і я яго ўзважваў, – прыгадваў Фёдар Мікалаевіч. –  У Якуба Коласа было хворае сэрца і, як ён казаў, урачы раілі яму сачыць за вагой цела. Калі трохі худнеў – радаваўся, калі хоць крыху паўнеў – азмрочваўся.

Млына, што стаяў на беразе невялікай рачулкі Палачанкі, даўно няма. А як ён упрыгожваў і акультурваў гэты куток!

Ды і азярцо рыбнае было, што паіла вадой прыбярэжныя агароды, палі і сенажаці. Якуб Колас любіў пасядзець з вудачкай, пахадзіць з кавенькай яго берагамі. А цяпер няма возера, сама рэчка абмялела…

Пытаюся пра лёс млына. Аказваецца, калісьці належаў ён Здзяхоўскім, у якіх арандаваў яго яўрэй Рухім Меір, што ў час вайны загінуў у ракаўскім гета. Пасля вайны ўласнікам млына стаў Радашковіцкі прамкамбінат. Тады ж Фёдар Мікалаевіч і стаў працаваць млынаром. Працаваў да варварскага, нічым не апраўданага разбурэння млына ў 1961 годзе…

Пра Якуба Коласа стары млынар згадваў з выразнай павагай. Як пра ганаровага сталічнага субяседніка, які, аднак, ніколі не паказваў сваю перавагу над іншымі. Як пра чалавека з тыповай сялянскай псіхалогіяй. Як пра частага і жаданага госця ў Палачанцы.

– Стала ў Палачанцы не жыў, часцей на некалькі дзён завітваў. Да яго сюды прыязджалі пісьменнікі. Помню Лужаніна, Калачынскага… Аднойчы застаўся на тыдні два. Тады яго тут наведаў Уладзімір Дубоўка – высокі, шыракаплечы, з доўгай барадой. Папрасіў у канцы майго агарода, каля рэчкі, паставіць палатку, атабарыўся ў ёй на ўвесь час, пакуль тут Колас быў. З Коласам яны хадзілі  і гаварылі цэлымі днямі, пра што – не скажу, не чуў. А мне Дубоўка расказваў, што сын яго на вайне загінуў, што сам быў рэпрэсіраваны, вывезены ў Сібір больш чым на дваццаць гадоў…

Чым прывабіла Якуба Коласа пасляваенная Палачанка?

Мясціна – прыгожая, лясная, грыбная, прычым зусім недалёка ад Мінска. Да яе вяла бойкая (хоць і надта пашкоджаная вайной) Ракаўская шаша. Да ўсяго, Ракаў і яго ваколіцы – гэта ўжо былая Заходняя Беларусь, дзе і жылі нават пасля ваенных падзей значна багацей, чым ва ўсходняй частцы Беларусі, і ў Бога верылі, а таму і мараль на больш высокім узроўні трымалася. У Ракаве штотыдзень праходзіў славуты кірмаш, на якім значна танней, чым на мінскіх кірмашах, можна было купіць харчовыя прадукты, розныя прылады працы, вопратку. Для Якуба Коласа, апрача іншага, Палачанка, магчыма, нагадвала сугучную ёй Балачанку – вёску ў Пухавіцкім раёне, дзе ён таксама любіў улетку адпачываць…

А можа, пра Ракаў і выдатныя суседнія мясціны ён пачуў ад пісьменніка Уры Фінкеля, які нарадзіўся і вырас у Ракаве? Тут варта прыгадаць, што ваенны лёс закінуў Фінкеля, як і Якуба Коласа, у далёкую Сярэднюю Азію, ва Узбекістан, але не ў Ташкент, а ў Самарканд. Горкі лёс бежанскага пакутніка выпаў на долю Уры Фінкеля. Вайна застала яго ў Мінску, а радню яго – бацькоў, жонку і дзвюх дачок – за “лініяй Сталіна”, у Ракаве. Каб вывезці іх адтуль, не было і гаворкі: на “лініі”, як і да 1939 года,  стаялі савецкія пагранічнікі, для праезду ў “западную” трэба было мець спецыяльны дазвол. А дзе можна было ўзяць яго пры такім імклівым наступленні немцаў (у Мінску яны былі ўжо на пяты дзень вайны)? Ледзь сам вырваўся з палаючага горада. А радня ўся загінула ў лютым 1942 г. у ракаўскім гета… Пра трагічны лёс сваёй сям’і Уры Фінкель даведаўся пасля таго, як Ракаў быў вызвалены ад фашыстаў. Магчыма, расказаў пасля вайны пра гэта і Якубу Коласу, з якім яны сустракаліся на розных пісьменніцкіх сходах. А тады, на пачатку 1943 г., даведаўшыся аб аднаўленні працы Акадэміі навук Беларусі, ён з надзеяй атрымаць хоць нейкую пасаду ў Інстытуце літаратуры напісаў з Самарканда [вул Стадыённая, д. 8] ліст Якубу Коласу ў Ташкент (вул. Пушкінская, д. 84).  Праз некалькі дзён атрымаў наступны адказ ад песняра, які выконваў тады абавязкі віцэ-прэзідэнта АН БССР:

«26. 1. 1943 г.

Дорогой товарищ!

Я лично ничего не имею против зачисления Вас в Институт литературы. Но сделать это сейчас я не могу. Надо подождать возвращения  тов. Горева [тагачасны прэзідэнт Акадэміі навук БССР. – В. Р.] из Москвы: он уехал 7 января в Москву. По его возвращении я напомню ему о Вас и Вашем заявлении. Не знаю, насколько это возможно в настоящее время: наши штаты ограничены. Крепитесь. Всего лучшего.

Ваш Якуб Колас» .

Як бы там ні было, а ў пачатку 1950-х гг. Якуб Колас для адпачынку сваіх сямейнікаў і сябе асабіста выбраў менавіта Палачанку.

Знамянальна, што ў гэты час родзічы другога нашага вялікага песняра – Янкі Купалы – лецішча нанялі таксама ў гэтых жа ракаўскіх мясцінах, толькі ўжо ў Міхалове – двух-трох кіламетрах ад Палачанкі.

Зусім верагодна, што гэтаму паспрыялі цесныя кантакты Луцэвічаў, у прыватнасці Уладзіславы Францаўны – жонкі Янкі Купалы, з Міцкевічамі, у прыватнасці з самім Якубам Коласам. Родныя сёстры Янкі Купалы Ганна Дамінікаўна Луцэвіч (1886–1962), Марыя Дамінікаўна Луцэвіч-Аўлачынская (1887–1966) і Леакадзія Дамінікаўна Луцэвіч-Раманоўская (1890–1970) разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі асталяваліся ў Міхалове ў толькі што пабудаванай хаце Більманаў. У адрозненне ад палачанцаў, міхалоўцы добра памяталі сваіх дачнікаў-“купалянят”. Гаспадыня хаты Браніслава Сямёнаўна Більман, якой на пачатку ХХ ст. пайшоў быў дзявяты дзясятак, а таксама яе дачка Галіна Мікалаеўна Більман-Савельева  аказаліся словаахвотлівымі суразмоўцамі. Хата іх стаіць пры самай шашы Мінск-Гродна (калісьці дарога гэта праходзіла ўвогуле каля самай хаты). Калі яе нагледзелі родзічы Янкі Купалы, хату толькі што пабудавалі. У гаспадарцы былі карова, свінні, куры, гусі… Значыць, на месцы можна было набыць малако і ўсе малочныя прадукты, агародніну, садавіну, яйкі… А калі чаго не хапала – побач, у Міжрэччы, масласырзавод (на ім, дарэчы, працаваў гаспадар хаты), а за чатыры кіламетры – Ракаў: крамы, кірмаш…

Перад паездкай у Міхалова я сустрэўся ў Мінску з пляменнікамі Янкі Купалы Уладзіславам Юльянавічам і Ядзвігай Юльянаўнай Раманоўскімі. Ім час тады ўжо адлічваў па восьмым дзясятку, але памяць у абодвух была проста выдатнай. Яны з захапленнем успаміналі летаванне ў ваколіцах Ракава, прагулкі заліўнымі лугамі ўздоўж Іслачы  (Лумкі – мясцовая назва), паходы ў грыбы і ягады, цёплыя ўзаемаадносіны з міхалоўцамі. Ядзвіга Юльянаўна пераказала расказаны ёй калісьці яе маці – сястрой Янкі Купалы – эпізод. У 1913 г. у Радашковічах з вялікім трыумфам прайшоў спектакль па п’есе “Паўлінка”. Іван Дамінікавіч з сястрой Леакадзіяй не засталіся на шыкоўным балі з той нагоды, што ладзіў рэдактар “Нашай Нівы” Аляксандр Уласаў, а нанялі гарцука (таннага балагола)  і праз Ракаў  паехалі ў Нешату, што каля Рубяжэвічаў, – абрадаваць гэтай навіной бабцю Кацярыну з Шаблоўскіх і родных трох дзядзькоў Міхала, Антонія і Франака. Расказала Ядзвіга Юльянаўна і пра тое, як у кастрычніку 1939 г. праз Ракаў і паўз Міхалова ехаў Янка Купала ў Беласток на знакамітае пасяджэнне Народнага сходу, на якім прымалася просьба-заява аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР. У Беласток народны паэт ехаў на “Эмцы”, з Беластока – на шыкоўным “Шэўрале”, падараваным яму беластаччанамі… Відавочна, па дарозе спыняўся – не мог не спыніцца! – і ў Ракаве. Ён жа ведаў і пра Здзяхоўскіх (а іх панскі двор тады яшчэ быў у поўнай красе), і пра колішняе жыццё тут сваіх бацькоў. Маці ж яго, Бянігна Іванаўна, тады жыла разам з ім, і яна не магла не пацікавіцца пра  знаёмыя мясціны…

Уладзіслаў Юльянавіч таксама прыгадаў выпадак – як яны з Браніславай Сямёнаўнай хадзілі на Ракаўскі кірмаш купляць карову. І вельмі ўдала купілі яе, хоць і не былі ў гэтым “спецамі”…

Успаміны, згадкі… Адзін след, другі, трэці… А там, глядзіш, ужо і сцяжыны праляглі. Ракаўскія сцяжыны песняроў.

Браніслава Сямёнаўна Більман добра помніла прыезды ў Міхалова “Купаліхі” – Уладзіславы Францаўны, жонкі Янкі Купалы.

– Бывала, прыедзе, возьме мяне пад руку і кажа: “Пойдзем прагуляемся”. Паходзім мы каля Іслачы, па лузе, па лесе. А потым яна будзе казаць: “А цяпер давай паямо”. Любіла надта нашу мясцовую вэнджанку – паляндвіцу, кумпяк, вэнджаную кілбасу. Цяпер няма, а тады хапала… Я, бывала, ёй і з сабой дам. Дзякавала шчыра. Добры чалавек быў! Вясёлы, парадачны! Аднаго разу цэлы адрэз на паліто маёй Галіне падарыла. А быў і такі смешны выпадак. Неяк яна прыехала з Мінска, з пакункамі ў абедзвюх руках заходзіць у хату, ды забылася пра парог і – расцягнулася на ўсю падлогу. Па падлозе разляцеліся пакункі, шыкоўны пірог. Другая пачала б злавацца, абвінавачваць сябе ці іншых. А яна ляжыць на падлозе, грузная, непаваротлівая, і смяецца: “Вось і прыехала, вось і прывіталася! Так і трэба падхаліму!”.

Запытаўся, як карову куплялі, Пра гэта расказвае ўжо Галіна Мікалаеўна:

– Лань звалі тую карову. Чорная ўся была. Калі куплялі, баяліся прагадаць: вымя слабое было. Але не памыліліся. Малака ад Лані хапала не толькі нам, але і ўсёй Купалавай радні…

Вячаслаў РАГОЙША,

доктар філалагічных навук, прафесар, ураджэнец в. Ракаў.

 



Добавить комментарий