ЯЕ БУКЕТ ЖЫЦЦЯ З ПАЛЫНОВАЙ ГАРЧЫНКАЙ

Культура

У вёсцы Камень нямала тых, каму даўно за восемдзесят. Гэтыя людзі – бескампрамісныя “эксперты” рэчаіснасці мясцовага маштабу. Яны міжволі параўноўваюць усё, што было некалькі дзесяцігоддзяў з тым, што адбываецца цяпер. І ўсе перамены ацэньваюць сялянскімі меркамі. Нямала думак-перажыванняў і ў 87-гадовай Стафаніі Станіславаўны Лойкі.

У яе роднай вёсцы налічваецца 527 жыхароў, у  90-я гады было больш за 700 чалавек, а  ў тагачасным саўгасе імя Маякоўскага працавалі чатыры жывёлагадоўчыя фермы, цяпер – дзве. Ды і вяскоўцы даўно перайшлі на магазіннае малачко. У Камені толькі некалькі гаспадароў прыватных сядзіб трымаюць уласных кароў, а ў недалёкім мінулым за вёску ў статак прыводзілі больш за сорак рагуль.

…Некаторыя населеныя пункты раёна ўжо даўно зведалі на сабе ўрбаністычна-міграцыйны ўплыў. Паклікаў-паманіў да сябе моладзь з Каменя прыгожы і ўтульны Івянец, а многія ўраджэнцы гэтай вёскі сталі сталічнымі жыхарамі. Тутэйшыя ж жыхары лічаць, што іх малая радзіма найлепшая, і з’язджаць адсюль яны не збіраюцца. Тут ёсць набор усіх сацыяльна важных аб’ектаў, добрыя дарогі, развіта інфраструктура. Думаецца, што многія выпускнікі мясцовай школы таксама прапішуцца ў родных мясцінах назаўсёды. Так у свой час спадзявалася і  С. С. Лойка. Восем дзяцей нарадзіла яна на свет. Дваіх, на жаль, пахавала. У родным Камені засталася жыць толькі адна дачка. Маці ведае, колькі сіл і старання трэба было прыкласці, каб даць дарогу ў самастойнае жыццё дочкам і сынам, якія з’явіліся на свет у нялёгкія пасляваенныя гады. Выраслі дзеці не горшыя, чым у іншых людзей. Бо да працы прывучала з маленства. А на яе руплівых руках не зводзіліся пякучыя мазалі. Доўгі час працавала на паляводстве. Памятае, як вырошчвала бульбу гнездавым спосабам, як завіхалася на льнаводчых палетках. Ужо дужа ахвярная ў працы была яна. Каб ільнотраста хутчэй высахла, а з вялікім вытворчым планам трэба было тэрмінова справіцца, Стафанія Станіславаўна прыносіла лён дахаты, акуратна расстаўляла конусам ля добра напаленай грубкі і старанна сушыла. А потым зноў дастаўляла ў саўгас.

Калі муж Іван працаваў жывёлаводам на ферме ў Камені, жонка падсабляла яму, як толькі магла. Ды і дзетак прывучыла заўсёды дапамагаць бацькам у нялёгкай справе. Ішлі на працу нярэдка ўсёй вялікай сям’ёй. І тады ў Камені з добрай зайздрасцю гаварылі: “Вунь Стафанія на ферму сваю брыгаду павяла: сама, муж і шасцёра дзяцей!”

Даглядалі па 70-80 саўгасных цялят. Прываг высокіх дабіваліся: мінімум 700 грамаў у суткі. Мылі, скрэблі жывёлу ад гною і бруду, каб дагледжана выглядала. Працавалі старанна, як пра сваё ўласнае дбалі, не шкадавалі сіл для дабрабыту саўгаса. Цяпер так не кожны зможа”.

Нібы розныя ніткі ў па-латне, пераплецены ў памяці Стафаніі Станіславаўны шматлікія ўспаміны. Толькі фарбаў для тых нітак-успамінаў сам чалавек не выбірае. А жыццё часта дадае сюды зашмат сумнага чорнага колеру.

У час вайны дом, дзе жыла Стафанія разам са сваімі бацькамі, згарэў датла, прапаў у агні і ўвесь пажытак. Немцы тады знішчылі ў Камені шмат сялянскіх сядзіб. На падмурку разрухі і галечы трэба было нанова адраджаць жыццё. Сродкаў і сіл катастрафічна не ставала. Але сціплую хатку ўсё ж узвяла гэта шматдзетная сям’я. Спачувальныя вяскоўцы, сядзібы якіх не закрануў бязлітасны пажар вайны, дапамагалі хто чым мог. Хто адно бервяно прывёз, хто два… Так паціху і выраслі сцены жытла…

У маладосці мая гераіня мела нямала паклоннікаў. Ганарылася Стафанія такой увагай, пераборліва выбірала жаніхоў. Каханне паміж маладымі людзьмі тады было чыстае, сарамлівае, не на паказ іншым. Ды і знакі ўвагі з боку хлопцаў былі непасрэднымі, шчырымі. То чырванеючы  закаханы хлопец камплімент дзяўчыне скажа, то прыгожы букет палявых кветак уручыць, то, пасучы кароў на лузе, спляце для сваёй будучай нявесты адмысловы лазовы кошык… Гераіня гэтай замалёўкі перажывае, што зараз адносіны паміж людзьмі сталі больш прамалінейныя,  часам грубыя, бо нярэдка ігнаруюцца элементарныя нормы маралі. Такія вывады гэта жанчына зрабіла ацэньваючы жыццё ў роднай вёсцы. А яшчэ больш суму на душы прыбаўляецца, калі паглядзіць праз “расчыненае акно ў вялікі свет”, а такім для адзінокіх пенсіянераў з’яўляецца тэлевізар.

“Якія ж перадачы стараецеся паглядзець?” – цікаўлюся я ў сваёй субяседніцы. У адказ чую: “Люблю фільмы даўнейшыя, выпускі навін. Не прапускаю і “Няхай гавораць” А. Малахава, а таксама шоу “Давай пажэнімся!”. Сказаўшы гэта, мая суразмоўца нечакана замаўкае, нібы сама падвяргае сказанае строгай цэнзуры: “А раптам чаго лішняга нагаварыла пра сябе?! Смяяцца ж будуць людзі са старой бабы…”

Я пачула ад сваёй даволі гаваркой субяседніцы зусім нечаканае прызнанне. Аказваецца, яна абажае калекцыяніраваць лялькі. Ведаючы гэта захапленне, мінскі ўнук на чарговы дзень нараджэння падарыў бабулі адпаведны любімы экспанат.

Чаму такія падарункі ёй так даспадобы? Гэту прычыну і сама жанчына не можа дакладна вытлумачыць. Расказвае, што для адной старой лялькі нядаўна нават спецыяльна новую сукенку пашыла…

Не будзем удавацца ў глыбіні псіхааналізу. Але мне, паслухаўшы шчырую споведзь гэтай жанчыны пра яе жыццё-быццё, падалося, што мець лялькі ў сваім пакоі – гэта для Стафаніі Станіславаўны нібы вяртанне ў тую пару маладосці, калі яна нарадзіла і клапатліва гадавала сваіх васьмярых дзяцей. За сялянскай працай, рознымі вясковымі клопатамі, бясконцымі жыццёвымі праблемамі тады яна, відаць, не змагла, як ні старалася, даць кожнаму свайму дзіцяці тую патрэбную вялікую ласку і вялікую мацярынскую любоў матчынага сэрца. Думае, што, магчыма, найбольш яна абдзяліла такой увагай дачку…

С. С. Лойка заклапочана расказвае карэспандэнту, што ў вёсцы Камень адчувальна стала менш людзей, аднак праблем, на жаль, менш не стала. Па шматлікіх прыступках маладушша, нібы ў бездань, павольна спускаюцца людзі, якія не могуць самастойна пераадолець залежнасць ад алкаголю. Часта не могуць утрымацца ад гэтай спакусы і тыя, хто заняты ў сельгасвытворчасці. Большую частку зарплаты пакідаюць у мясцовым сельмагу, трацячы грошы пераважна на выпіўку і закуску.

Стафаніі Станіславаўне гэты біч сучаснасці знаёмы не са слоў: ніяк не можа пазбавіць родную дачку ад спакусы перад гарэлкай. Выхаваўчыя меры не дапамагаюць, угаворы, ушчуванні таксама не даюць эфекту. Баліць матчына сэрца – не выказаць словамі. Калі  прыходзіць у мясцовы храм, то кожны раз просіць Усявышняга выратаваць дачку ад гэтай згубы і сама сябе суцяшае надзеяй: “Бог за адзін раз не выслухае. Трэба набрацца цярпення. Кожны нясе свой крыж пакут”– разважае мая субяседніца. Жанчына ў адчаі сурова дакарае дачку і тут жа ўсім сэрцам шкадуе яе:

– Яна ж у мяне працавітая! Усё, аб чым папрашу, абавязкова зробіць. І ў хаце, калі трэба, старанна прыбярэ, і па гаспадарцы дапаможа.

У бацькоўскі дом дачка і сапраўды наведваецца часта. А матчына сэрца не падманеш. Яно адчувае, што дачка прыйшла не толькі таму, што хоча праведаць маці… Здараецца, са сціплай пенсіі маці прыходзіцца выкройваць грошы і на пасілак для сям’і дачкі.

Спрабавала старая жан-чына кіраваць і бюджэтам дачкі: каб хапіла ёй і на ежу, і на сціплую абноўку для дамачадцаў. Калі часам не ставала грошай на боты ды куртку для ўнука, міласэрная бабуля заўсёды дадавала сотню-другую са сваіх зберажэнняў…

…Даверліва раскрыўшы ўсё, што ляжыць у яе на сэрцы, С. С. Лойка распавяла многія падрабязнасці, пра якія, каб чарговы раз не траўміраваць чалавека, не будзеш расказваць на старонках газеты. Пасля размовы з гэтай жанчынай міжволі зробіш такі вывад: “Які гэта мацярынскі подзвіг, нягледзячы на сорам і боль працягваць па-сапраўднаму любіць сваё дзіця, настойліва змагацца за тое, каб лёс дачкі прабіўся на светлы, прамы шлях”. Правільна нехта зазначыў пра алкагалізм: “Гэта адзіная на свеце хвароба, якую людзі добраахвотна купляюць самі”.

…Кожная маці нараджае дзіця на свет, каб да скону сваіх дзён бачыць яго толькі шчаслівым, каб ім можна было ганарыцца перад людзьмі.

Сёння Стафанія Станіславаўна ўсю сілу сваю, здаецца, аддала б, каб толькі выбавіць дачку ад залежнасці ад алкаголю. Мацярынскае сэрца можа многае! Яно і сапраўды найлепшы доктар. І так хочацца верыць, што ў глыбокай старасці душа гэтай жанчыны нарэшце перастане пакутаваць, а дачка назаўсёды адрачэцца ад свайго страшнага граху.

…У пакоі, у якім мы вядзем нашу гутарку, чыста і акуратна. Нават сціплы інтэр’ер падкрэслівае нядрэнны густ гэтай жанчыны. Неяк адначасова мы затрымліваем свае позіркі на вокнах, дзе белымі матылькамі трымцяць ажурныя фіранкі, старанна вымытыя і адпрасаваныя спецыяльна да свята Вялікадня. Пасуюць да мэблі і стрыманага тону гардзіны.

Стафанія Станіславаўна дадае: “Раней вельмі любіла на гардзінах яркія квяцістыя ўзоры. А вось апошнія гады яны сталі мяне чамусьці раздражняць. Таму вырашыла купіць новыя, больш спакойныя па афарбоўцы. Яркія кветкі ўжо больш не люблю.”

Што тут скажаш: прычына песімізму гэтай жанчыны зразумелая нават чужому чалавеку, які выпадкова аказаўся ў гэтай хаце і выслухаў сардэчную споведзь яе глыбокай журбы…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий