НА П’ЕДЭСТАЛЕ ГОНАРУ – ІВЯНЕЦКІЯ ЛЕГКААТЛЕТЫ

Спорт

Трынаццаць перамог, а адпаведна і столькі ж медалёў, атрымалі нашы юныя легкаатлеты на Спартакіядзе школьнікаў Мінскай вобласці сярод дзіцячых і юнацкіх спартыўных школ. Іх прозвішчы ўжо даўно на слыху ў жыхароў Валожыншчыны. Яны неаднаразова былі прызнаны лепшымі спартсменамі года раёна.

Валожынскую ДЮСШ АПФ прадстаўлялі вучні Івянецкай СШ. Дзевяць медалёў у выхаванцаў трэнера А. С. Чарняўскага. Сяргей Халапук заняў 1-е месца на дыстанцыі 800 метраў і 2-е – на дыстанцыі 1500 метраў, Аляксандр Бубен – 3-е на дыстанцыі 2000 метраў з перашкодамі. Дастойна выступілі і дзяўчаты: Дзіяна Сакалоўская была першай на дыстанцыі 2000 метраў, Марына Бубен – трэцяй на трохсотмятроўцы з бар’ерамі, Алёна Альхімовіч заняла 1-е месца на 3000 метраў і 2-е – на 1500 метраў, два другіх месцы заваявала і Ганна Більдзюк – на дыстанцыях 2 і 3 кіламетры спартыўнай хадзьбы.

Чатыры медалі прывезлі легкаатлеты трэнера А. В. Паталей. Другі вынік на тысячамятроўцы і трэці на дзветысячымятроўцы паказаў Уладзімір Княжэвіч, Надзея Лапуцкая была другой, а Галіна Більдзюк – трэцяй на дыстанцыі 1500 метраў. Па выніках гэтага спаборніцтва С. Халапук, А. Альхімовіч, У. Княжэвіч, Д. Сакалоўскі і С. Бурачэўская ўключаны ў склад каманды вобласці і ў чэрвені прымуць удзел у рэспубліканскім старце.

Юныя легкаатлеты з Івянца стартуюць і ў легкаатлетычным кросе, што праводзіцца ў 4 этапы. На першым этапе – адкрытым першынстве ДЮСШ АПФ, які адбыўся на базе Івянецкай СШ і ў якім акрамя івянецкіх прынялі ўдзел пяршайскія і сівіцкія школьнікі, пераможцамі ў сваіх узроставых групах сталі Сняжана Бурачэўская і Артур Сакалоўскі (малодшая група), Яўгенія Радзівонава і Андрэй Лушчэўскі (сярэдняя), Вераніка Ахрэм і Аляксандр Бубен (старэйшая). Паколькі раённы этап сёлета, на жаль, пакуль не праводзіўся, усе яны ў складзе раённай каманды адправіліся на абласную спартакіяду школьнікаў па веснавым легкаатлетычным кросе ў Лагойск. Каманда выступіла дастойна, набраўшы 111 ачкоў, і заняла 1-е агульнакаманднае месца, абышоўшы моцных легкаатлетаў з Маладзечна (106 ачкоў) і Стоўбцаў (99 ачкоў).

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий