Ў БУДНІ, І Ў СВЯТЫ ВЫЦІНАНКАЮ ЗАНЯТЫ

Культура

Сапраўднае мастацтва ніколі не знікае, не сыходзіць у нябыт, нават незаслужана забытае, яно вяртаецца да нас у новым стылі, у новым творчым выкананні. Перш за ўсё гэта тычыцца выцінанак – узораў з паперы.

Вядома, што мастацкае стварэнне ажурных узораў са шматразова складзенай паперы нарадзілася даўно, а асаблівы ўздым атрымала пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі не хапала тканых рэчаў. Ажурныя папяровыя ўзоры можна было ўбачыць амаль у кожнай хаце.

Зараз тэхналогія вырабу выцінанак не толькі не страчана, але ўзнята на новы высокамастацкі ўзровень. Нядаўна ў Маладзечне прайшло III абласное свята-конкурс выцінанкі “Папяровыя карункі”, якое сабрала каля 50 удзельнікаў з усіх куточкаў Міншчыны. Сярод іх – і добра вядомыя майстры выцінанкі, і тыя, хто ўдзельнічаў упершыню, але ў прафесіяналізме не саступае сваім знакамітым настаўнікам.

Наш раён дастойна прадставілі ўжо добра вядомыя ўмельцы, удзельнікі народнага аб’яднання “Скарбніца” раённага Цэнтра культуры: член Беларускага саюза майстроў Вольга Харлінская, Алена Мурашова і Наталля Рэут – пераможца абласнога конкурсу “Папяровы сусвет” і рэспубліканскага “Чароўныя нажніцы”. Разам з Наталляй удзельнічала і яе дачушка Мілана, якой усяго тры з паловай гады.

Творчыя магчымасці майстроў не абмяжоўваліся, але пры падвядзенні вынікаў журы ўлічвала беражлівае стаўленне да традыцый, пачуццё меры, мастацкі ўзровень, дасканаласць тэхнікі. Кампетэнтнае журы, якое ўзначальваў старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Міхайлавіч Сахута, дало высокую ацэнку работам нашых умельцаў. Н. Рэут прызнана пераможцам конкурсу і атрымала гран-пры за высокае майстэрства, мастацкі густ і асабісты ўклад у развіццё традыцый выцінанкі. Дыплом і падарунак як самы малады ўдзельнік свята атрымала і яе дачушка.

В. Харлінскай, работы якой адметныя стылістычнай вобразнасцю, было прысуджана I месца ў намінацыі “За захаванне мастацкіх традыцый выцінанкі”. Прыемна ўразілі журы сваёй складанасцю кампазіцыі, сюжэтна-тэматычным характарам і работы А. Мурашовай. Яна таксама заняла I месца ў намінацыі “За арыгінальнасць мастацкага вырашэння твора ў тэхніцы выцінанкі”. Пераможцы атрымалі памятныя падарункі.

Таццяна ЛАНЬКО,

метадыст народнага аб’яднання

“Скарбніца” РЦК.

 



Добавить комментарий