ДАЦКІЯ ІНВЕСТЫЦЫІ Ў СВІНАГАДОЎЛЮ РАЁНА

Общество

Падрыхтоўчыя земляныя работы, якія цяпер вядуцца за вёскай Даўгулёўшчына нашага раёна, ужо па свайму размаху пераконваюць, што тут неўзабаве пачнецца актыўнае будаўніцтва.

Згодна з рэспубліканскімі інвестыцыйнымі праграмамі тут прапішацца ўнікальнае па сваім маштабе і тэхналагічных магчымасцях прадпрыемства. Вытворчы інтэграваны комплекс са шматлікімі карпусамі зойме 19 гектараў на землях СВК “Пяршаі-2003”.

У рамках інвестыцыйнага праекта, сумарны аб’ём якога складае 50 мільёнаў еўра, за вёскай Даўгулёўшчына размесціцца сучасная вытворчасць беконнай свініны СТАА “Данпрад”. Магутнасць прадпрыемства – 11 тысяч тон прадукцыі ў год.

Пры ўзвядзенні новага свінакомплексу выкарыстоўваюцца сучасныя дацкія тэхналогіі і ноу-хау ў галіне свінагадоўлі. Асноўны аб’ём работ на новай вытворчасці будзе выкананы сёлета. Поўны ж цыкл будаўніцтва  завершыцца да студзеня 2015 года.

Аб’ём рэалізацыі прадукцыі ўражвае сваімі перспектывамі. Калі ў 2014 годзе плануецца рэалізаваць свініны на 10,5 мільёна еўра, то да пачатку 2015 года гэты паказчык амаль падвоіцца.

Аграпрадпрыемства ствараецца па дзеючых нормах і стандартах. Гэта сучасная высокаразвітая тэхналагічна і экалагічна бяспечная вытворчасць. Прынцып функцыянавання будучага аб’екта гарантуе атрыманне Еўрапейскага сертыфікату якасці гатовай прадукцыі.

Вядома, пры ўзвядзенні такіх прадпрыемстваў улічваюцца ўсе шматлікія фактары, у тым ліку і надзейнасць санітарна-ахоўнай зоны, уздзеенне прадпрыемства на навакольнае асяроддзе, даюцца ацэнкі рызыкі для здароўя насельніцтва з улікам лабараторнага кантролю якасці атмасфернага паветра, узроўню фізічнага ўздзеяння. Калі дацкія нормы санітарна-ахоўнай зоны складаюць 300 метраў, то на згаданым аб’екце ў нашым раёне яны, дарэчы, значна павялічаны і складуць 1000 метраў. Перавагі, як бачыце, відавочныя.

Праектна-каштарысная дакументацыя паспяхова прайшла адпаведную экспертызу. Сёння можна адназначна сцвярджаць, што гэта будзе ў Мінскай вобласці самае сучаснае еўрапейскае прадпрыемства па ўзроўні тэхнічнай аснашчанасці, бяспецы эксплуатацыі.

Будучае аграпрадпрыемства ўяўляе сабой комплекс вытворчых будынкаў, размешчаных на адной пляцоўцы. Гэта і непасрэдныя памяшканні для жывёлагадоўлі, дзе кожнаму вытворчаму працэсу будзе адпавядаць асобны корпус, размесцяцца і сіласныя пляцоўкі, камбікормавы завод, майстэрні, гаражы, сістэмы гноевыдалення і інш.

Для абслугоўвання новай вытворчасці адводзіцца 2500 гектараў ворыўнай зямлі і сельгасугоддзяў на прымежных землях трох гаспадарак – СВК “Пяршаі-2003”, ААТ “Агра-Доры”, ААТ “Сугвазды-Агра”. Прадугледжана іх эфектыўнае выкарыстанне.

Новая  вытворчасць – гэта, вядома, і стварэнне дадатковых рабочых месцаў, і рэальная магчымасць мець зайздросна высокія заробкі тым, хто тут будзе працаваць. Ды і харчовы рынак краіны папоўніцца вялікім аб’ёмам высакаякаснай беконнай свініны, якая надзвычай запатрабавана на ўнутраным і на экспартным рынках. Такія прадпрыемствы  – гэта выйгрышны крок і ў інтэнсіўным развіцці эканомікі раёна.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий