МЕМАРЫЯЛЬНАЯ ДОШКА Ў ГОНАР РУШЧЫЦА

Культура

У Багданаўскім касцёле ўстаноўлена мемарыяльная дошка славутага мастака Фердынанда Рушчыца (1870–1936), вядомага майстра сімвалічнага пейзажа, арганізатара мастацкай адукацыі і аніматара пластычнай культуры.

Рупіцца пра належнае ўшанаванне памяці вялікага багданаўца (Рушчыц нарадзіўся і памёр у тым самым бацькоўскім маёнтку) пачалі каля 10 гадоў таму. На жаль, паступова гэтая ініцыятыва амаль заняпала. І толькі нядаўна адрадзілася зноў. З Божай ласкі да справы падключыліся шаноўныя фундатары – унук мастака, таксама Фердынанд Рушчыц і яго сын Эдвард з Варшавы (у гэтым, родзе ўжо шмат пакаленняў па мужчынскай лініі чаргуюцца імёны Фердынанд і Эдвард).

Яны ўнеслі неабходныя сродкі, якія дазволілі беларускаму скульптару Валерыю Калясінскаму скончыць гэтую пачэсную працу. Да яе рэалізацыі таксама істотна прычыніліся новы багданаўскі пробашч Ігар Лашук і мінскі мастак і мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Як кажа апошні, «16 красавіка В. Калясінскі ўласнаруч прывёз і ўсталяваў першую шыльду ў інтэр’еры касцёла на бакавым муры паміж “стацый», прысвечаных этапам Крыжовага шляху Езуса на Галгофу.

У мемарыяльнай кампазіцыі В. Калясінскага адлюстраваны партрэтны вобраз Ф. Рушчыца ў сваеасаблівым картушы, які нагадвае абрысы дрэва пад парывамі ветру. У хуткім часе ў двары касцёла, на тым самым месцы, з якога Ф. Рушчыц намаляваў у 1899 г. сваю вядомую карціну “Ля касцёла” (у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея), будзе ўсталявана другая шыльда ў памяць пра стварэнне гэтага жывапіснага шэдэўра, а трэцяя – будзе ўмацавана на каменным муры вакол касцёла, што быў узведзены 110 гадоў па фундацыі Рушчыцаў.

Варта задумацца пра стварэнне своеасаблівага санктуарыя, або запаведніка Рушчыца ў гэтых мясцінах. Нават са стратай улюбёнага дома мастака, які быў яго частым “героем”, і быў знішчаны летам 1944 года гітлераўцамі пры адступленні, навакольны пейзаж, які мала змяніўся за амаль 70 гадоў, прымушае ўспомніць кампазіцыі многіх яго карцін, пачынаючы ад геніяльнай “Зямлі”.

Аднак, ці ведаюць грамадзяне сучаснай Беларусі Рушчыца? Пакуль, на жаль, імя Фердынанда Рушчыца значна лепш вядома ў Польшчы, а таксама ў Вільні, але вельмі слаба на яго малой радзіме…

Алесь БЕЛЫ.

 



Добавить комментарий