Общество

Віктар Канстанцінавіч ПРАЛАТ з ААТ «Пугачы» з кагорты тых механізатараў, якім кіраўніцтва смела можа даверыць любую справу: праца будзе выканана бездакорна і ў тэрмін. Адметныя рысы характару – непахісную надзейнасць і руплівасць – Віктар Канстанцінавіч выхоўвае ў сабе з далёкага 83-га, у якім уладкаваўся ў гаспадарку. Напэўна, няма такой работы на ўрадлівых пугачоўскіх палетках, шчодрай раллі, багатых сенажацях, якую б не выконваў у свой час гэты вопытны і дасведчаны чалавек-гаспадар. Калі таго патрабавалі абставіны, выязджаў на давераным МТЗ і ўночы – сяўба не той час, калі можна спакойна спаць, сама прырода патрабуе завяршыць вясновы цыкл як мага хутчэй… Віктар Канстанцінавіч заўсёды ладзіць працу сугучна з яе імклівым крокам. Неўзабаве механізатар змяніў культыватар «КНС-6,3» на раскідальнік і прыступіў да не менш важнай справы па павышэнні ўрадлівасці сельгасугоддзяў. Сёння работнік задзейнічаны на ўнясенні арганікі, па стане на 17 мая ён вывез на палі 4829 тон угнаенняў.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий