АПІТЭРАПІЯ ДЛЯ ПРАЦАВІТАЙ НАТУРЫ

Культура

Больш за 130 вуллёў на пасецы лясгаса знаходзіцца пад клапатлівай апекай Г. М. Стасяловіч, якая жыве ў вёсцы Янішкі Вішнеўскага сельсавета.

Яе дзяцінства было мядовае. Бацька Мечыслаў Уладзіміравіч на ўласнай сядзібе трымаў вялікую пасеку. Але крылатых насякомых, што ляталі ў квяцістым садзе, Галіна заўсёды пабойвалася, хаця пчолкі яе джалілі радзей, чым іншых дзяцей. Куды больш жывую цікавасць выклікалі тады ў дзяўчынкі не драўляныя вуллі, якія загадкава-басіста гудзелі ў цёплае надвор’е, а янтарныя соты з духмяным, цягучым мядком. Галіна пільна ўглядалася ў гэтыя шасцігранныя ячэйкі і не верыла бацькаваму расказу, што пчолы могуць быць такімі выдатнымі архітэктарамі. Калі скончыла школу, вырашыла больш даведацца пра гэтых карысных насякомых. Паступіла вучыцца ў Малабераставіцкае вучылішча, а потым скончыла Смілавіцкі сельгастэхнікум. Але тых ведаў у практычнай рабоце аказалася недастаткова. Калі пачала самастойна працаваць, засела за спецыяльную літаратуру, але і бацькавым практычным вопытам не грэбавала…

Нібы пчолкі ў дружны вулей, сабраліся яе працоўныя дзянькі ў вялікі прафесіянальны ўзятак: як-ніяк ужо больш за 33 гады працуе на пасецы, што належыць валожынскаму лясгасу.

132 вуллі на лясгасаўскіх угоддзях ля вёскі Клім – працоўная вотчына Галіны Мечыславаўны і яе памочніка Вітольда Завадскага. Штодзень, акрамя выхадных, вось ужо 10 гадоў дабіраецца ён на матацыкле на працу з суседняга Іўеўскага раёна. На няблізкую дарогу ўжо не звяртае ніякай увагі: так “прыкіпеў” да работы, хоць і няпростая, турботная гэта справа – догляд крылатых руплівіц.

Асабліва гарачая пара для Галіны Мечыславаўны і Вітольда наступае вясной і доўжыцца да позняй восені. Ды і зімой патрэбны кантроль за пасекай.

У пару актыўнага медазбору гэтыя работнікі “качуюць” разам з вуллямі ў пошуках меданосаў для сваіх падапечных. Не менш чым за пяць, а то і больш кіламетраў, перавозяць пчаліныя домікі ад старой да новай “стаянкі”.

Шмат клопату пчалярам дастаўляе, вядома, і барацьба з кляшчамі, рознымі хваробамі. У апошнія гады наступ іх стаў больш агрэсіўны. З’явіліся, на жаль, і новыя, дагэтуль невядомыя, хваробы пчол. Каб даследаваць лабараторныя пробы, часам патрэбны вялікія грошы, таму не ўсе аналізы ўдаецца тэрмінова зрабіць – прыходзіцца спадзявацца толькі на літасць маці-прыроды.

Лясных, лугавых меданосаў для пчол цяпер скупавата. Таму важна, каб сельгаспрадрыемствы пры сяўбе розных культур абавязкова ўлічвалі гэты фактар. Рапс, грэчка, канюшына, фацэлія і іншыя культуры спрыяюць высокаму ўраджаю на пасецы. Радуе, што мясцовыя сельгаспрадпрыемствы ў гэтай справе таксама вельмі выгадныя партнёры.

Дзякуючы руплівай працы вопытных пчаляроў, наш лясгас штогод у сярэднім нарыхтоўвае звыш 2 тон янтарнага лекавага прадукту.

…Галіна Мечыславаўна за свой вялікі прафесіянальны стаж назапасіла пра пчол багата энцыклапедычных ведаў. Яна пераканана, што практычныя навыкі для паспяховага пчалярства – найпершая і абавязковая ўмова. Жанчына добра ведае не толькі сакрэты развядзення пчол, але і эфектыўныя спосабы лячэння розных хвароб дзякуючы розным мядовым рэцэптам.  Г. М. Стасяловіч дасціпна раскажа і пра тое, як з дапамогай фітатэрапіі зняць пякучы боль ад нечаканых пчаліных укусаў. А яшчэ шматгадовыя назіранні за паводзінамі гэтых насякомых дапамаглі жанчыне зрабіць некаторыя прагнозныя абгрунтаванні. Пчолкі беспамылкова прадказваюць, якая выдасца зіма ўжо па тым, як выглядаюць ляткі іх вуллёў. Калі ўваход у вулей старанна заліты пропалісам, або пчолы восенню празмерна запасаюцца цукровым сіропам – чакай наступлення сцюдзёнай зімы. Суровае надвор’е для пчалінай сям’і – сапраўднае выпрабаванне, а нярэдка і пагібель.

Я пераканана, што калі такія руплівыя людзі, як на лясгасаўскай пасецы даглядаюць пчол, то і ў пчалінай “хатцы”, нават анамальнай зімой, заўсёды будзе толькі добрае надвор’е.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *