ЧУЖЫЯ ПАМЫЛКІ ІНШЫМ НЕ НАВУКА

Общество

Чарговымі аб’ектамі праверкі інспекцыяй Дзяржпажнагляду Валожынскага РАНС у красавіку, у адпаведнасці з каардынацыйным планам кантрольнай дзейнасці на першае паўгоддзе, сталі ААТ “Багданаўскае”, СВК “Лоск” і філіял № 7 ААТ “Белтрубаправодбуд”.

Значныя парушэнні правілаў пажарнай бяспекі адразу былі выяўлены як у адміністрацыйных будынках, так і ў гаспадарчых: зернескладах, піларамах, МТФ і інш.

Не абазначаны спецыяльнымі знакамі шляхі эвакуацыі і няма першасных сродкаў пажаратушэння ў адміністрацыйным будынку СВК “Лоск”. У ААТ “Багданаўскае” будынак не абсталяваны маланкааховай, не абазначаны выхад на дах праз люк з другога паверха, няма таблічкі з указаннем месца захавання ключа. Адсутнічае маланкаахова і на майстэрнях гаспадарак, а таксама няма ўказальнікаў катэгорыі па выбуховапажарнай і пажарнай бяспецы, не ў поўным аб’ёме укамплектаваны сродкі пажаратушэння. Жылы электраправадоў злучаны метадам “халоднай скруткі”. Праводка ў дыспетчарскай СВК “Лоск” пракладзена пад шпалерамі, месцамі зафарбавана. На тэлефонных апаратах адсутнічаюць нумары тэлефонаў выкліку бліжэйшых пажарных аварыйна-выратавальных падраздзяленняў, а таксама нумар “101”. Няма і таблічкі з уканнем прозвішча і пасады адказнай за пажарабяспечны стан будынка асобы. Работнікі гаспадарак кураць у забароненых для гэтага месцах.

Няма маланкааховы і сродкаў тушэння на зернескладах і складах гаруча-змазачных матэрыялаў. З тэрыторый вакол не ўбіраецца сухая трава, што таксама можа стаць прычынай пажару. Шэраг заўваг атрымалі і работнікі малочнатаварных ферм. Тут няма знешняга супрацьпажарнага водазабеспячэння, вадаёмы побач даўно не запаўняюцца. На свяцільніках няма ахоўных каўпакоў з сілікатнага шкла, а гэта не выключае магчымасць выпадзення лямпаў ці гарачых асколкаў на лёгкія на загаранне матэрыялы. Не забяспечана групавое прывязванне жывёлы (у выпадку пажару гэта аблягчае эвакуацыю). Паўсюдна адсутнічаюць указальнікі з прозвішчамі адказных асоб.

У сельгаспрадпрыемствах не праводзяцца заняткі па пажарна-тэхнічнаму мінімуму, на аб’ектах не ўстаноўлены строгі супрацьпажарны рэжым. За дапушчаныя парушэнні кіраўнікі і службовыя асобы гаспадарак будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Віталій МАРШАЛОК,

старшы інжынер

інспекцыі Дзяржпажнагляду.

 



Добавить комментарий