У НОВЫМ СЕЗОНЕ НАПАТКАЕ ПОСПЕХ

Спорт

2011 год для каманды футбалістаў «Валожын-2010» аказаўся няўдалым. Каб развівацца, трэба рухацца наперад, шліфаваць майстэрства, каб дасягнуць такой мэты, трэба гэтага жадаць. Пакуль жа, здаецца, у камандзе задавольваюцца дасягнутым. Выснова пра няздольнасць валожынцаў змагацца за выхад у першую лігу чэмпіянату Міншчыны пацвярджаецца на 100 працэнтаў. Спартсменам не хапіла ні майстэрства, ні характару…

Людзі хочуць бачыць відовішча, цікавы футбол з яркімі асобамі на полі. Калі такіх няма, балельшчыкі перастаюць прыходзіць на трыбуны. На жаль, летам футбалісты не паказалі вынікаў, нібыта нешта зламалася ў зладжаным камандным механізме. Знайшоўшы, нарэшце, «сваю» каманду, Косця Мазура стаў выконваць у ёй ці не галоўную ролю. Неяк нават пачуў ад балельшчыкаў, што ў камандзе «Валожын-2010» ёсць два ігракі – Канстанцін Мазура і Павел Тарасевіч. А вось дэфіцыт нападаючых адчуваецца.

Будзем спадзявацца, што футбалісты парадуюць прыхільнікаў сёлета. Бо каманду ўзначаліў новы трэнер – валожынец Сяргей Юр’евіч Ланько. Ён вопытны спартсмен, які выступаў за вядомыя каманды: «Дынама» з Брэста, жодзінскую «Тарпеда», ФК «Смаргонь», а таксама за каманду «Іслач» з Валожына ў 90-я гады. Калі Сяргею Ланько ўдасца пазбавіць сваіх падапечных ад прабелаў у майстэрстве, каманда зайграе ў поўную сілу. Галоўнае – прымусіць ігракоў паскорыцца. Быць «зараджанымі» на ўдар па варотах саперніка.

Мікалай РАБЦАЎ,

суддзя I катэгорыі па футболе.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *