ВАКЦЫНАЦЫЯ — АДЗІНЫ ПАРАТУНАК

Общество

Шаленства — вострае інфекцыйнае захворванне, якое прыводзіць да смерці. Выклікаецца яно спецыфічным вірусам, які цяжка паражае нервовую сістэму. Да шаленства ўспрымальныя ўсе цеплакроўныя істоты.

Першымі ў зону рызыкі трапляюць дзікія жывёлы, яны ж найчасцей заражаюць і дамашніх гадаванцаў. Характэрная прыкмета захворвання – змена паводзін. Злая жывёла становіцца ласкавай, добрая – злой, дзікая ахвотна ідзе на кантакт з чалавекам. Людзям захворванне перадаецца праз укусы, драпіны, асліненне скуранога покрыва, слізістую абалонку вачэй, поласцей роту і носу, нават дотык да прадметаў, на якія трапіла сліна хворай жывёлы.

Калі вас пакусала ці падрапала жывёла, неабходна добра прамыць раны вадой з мылам. Шчолач, якая ў ім утрымліваецца, забівае вірус шаленства. Калі сліна трапіла ў вочы, іх таксама трэба вымыць і неадкладна звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Курс вакцынацыі цяпер складаецца з 6 прышчэпак па вызначанай схеме.

Каб пазбегнуць непрыемнасцей са здароўем, трэба пазбягаць кантактаў з дзікімі і «нічыйнымі» жывёламі, не датыкацца да іх трупаў (калі здарыўся падзеж – адразу ж паведаміце аб гэтым ветэрынарнай службе). Таксама варта прытрымлівацца правілаў утрымання хатніх жывёл, выгульваць сабак, катоў у спецыяльна прызначаных для гэтага месцах, дастаўляць іх у ветэрынарна-прафілактычныя арганізацыі для агляду, правядзення вакцынацыі і інш.

Тэрыторыя нашага раёна лічыцца нядобранадзейнай па рэгістрацыі выпадкаў захворвання жывёл на шаленства. Прышчэпкі – адзіны спосаб, які абароніць вашых гадаванцаў (а значыць, і вас саміх) ад небяспечнага захворвання.

Рыма ГАСЦІЛОВІЧ,

памочнік урача-эпідэміёлага РЦГіЭ.

 



Добавить комментарий