Маленькія вампіры вышлі на паляванне

Общество

Чым небяспечныя?

У апошнія гады сфармаваліся ўстойлівыя прыродныя ачагі цяжкіх інфекцыйных захворванняў, такіх як клешчавы энцэфаліт і клешчавы барэліёз, якія могуць прывесці да інваліднасці. Пераносчыкамі захворванняў з’яўляюцца лясныя і лугавыя кляшчы. Клешчавы энцэфаліт – віруснае захворванне, выклікаць якое можа не толькі ўкус інфіцыраванага іксадавага кляшча, але таксама ўжыванне ў ежу сырога малака ад хворых коз.

Захворванне характарызуецца сімптомамі агульнай інтаксікацыі, галаўным болем, тэмпературай. Клешчавы барэліёз (хвароба Лайма) характарызуецца паражэннем скуры, суставаў, сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм.

Асноўнай прыкметай барэліёзу з’яўляецца чырвоная пляма на месцы ўкусу кляшча, якая павялічваецца ў памерах з цягам часу. Заражэнне людзей адбываецца пры наведванні лесу і лесапаркаў, а таксама на садова-агародных участках, якія прымыкаюць да лясных масіваў.

 

Дзе хаваюцца?

Кляшчы чакаюць “ахвяру”, узлезшы на травяністыя і хмызняковыя расліны, паднімаючыся на вышыню не больш за 40 см ад зямлі. Прысмоктванне кляшча застаецца незаўважаным, бо пры ўкусе ў рану выдзяляюцца абязбольваючыя рэчывы.

Важным у папярэджванні ўкусаў кляшчоў з’яўляецца ачышчэнне дачных участкаў і лясных дарожак ад сухастою, скошванне травы, правядзенне санітарных рубак, недапушчэнне ўтварэння звалак.

Самыя небяспечныя перыяды заражэння – вясна, канец лета – пачатак восені.

 

Як абараніцца?

Каб абараніць сябе ад нападу і ўкусу кляшчоў, варта, ідучы ў лес, апранаць хустку або кепку на галаву, запраўляць у шкарпэткі штаны, манжэты ўшчыльніць гумкай. Кляшчы звычайна напаўзаюць знізу. Адзенне светлых тонаў дапаможа своечасова заўважыць кляшча. Сама- і узаемаагляды варта праводзіць праз 1-2 гадзіны знаходжання ў лесе.

Перад выхадам у лес варта апрацаваць адзенне рэпелентамі (сродкі супраць насякомых) у месцах магчымага перапаўзання з адзежы на цела. У гандлёвай і аптэчнай сетцы можна набыць прэпараты “ДЭТА”, “ДЭФИ-Тайга”, “ОФФ-Экстрым” і іншыя, ахоўныя ўласцівасці якіх захоўваюцца на працягу 3-5 сутак.

Пры выяўленні кляшча варта адразу яго зняць, перавязаўшы ніткай хабаток, якім ён упіваецца ў цела, а затым адарваць яго ад скуры. Можна таксама на кляшча капнуць алею і заляпіць лейкапластырам. З-за адсутнасці кіслароду клешч праз некалькі хвілін пакідае ранку і аказваецца прылепленым да лейкапластыру. Ранку неабходна апрацаваць растворам ёду.

Знятага кляшча варта ў той жа дзень даставіць для бактэрыялагічнага даследавання ў тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, звярнуцца ў амбулаторна-паліклінічную арганізацыю па месцы жыхарства.

 

Хто вінаваты?

На ўчасткі кляшчоў заносяць грызуны. Таму неабходна сістэматычна знішчаць грызуноў. Гэта забяспечыць паніжэнне колькасці або поўную адсутнасць кляшчоў-пераносчыкаў захворванняў. Грызуны з’яўляюцца пераносчыкамі шэрага іншых цяжкіх інфекцый.

Кваліфікаваную і эфектыўную дапамогу ў знішчэнні грызуноў заўсёды акажуць спецыялісты прафдэзаддзела раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі па заяўках таварыстваў і асобных грамадзян, пры неабходнасці правядуць супрацьклешчавую апрацоўку ўчастка лесу, які прымыкае да таварыства.

Віктар ЛЯВІЦКІ,

загадчык аддзела прафілактычнай дэзінфекцыі РЦГіЭ.

 



Добавить комментарий