Парушальнікаў пакаралі рублём

Общество

У састаў адміністрацыйнай камісіі пры райвыканкаме, якую ўзначальвае кіраўнік спраў А. М. Уланчык, уваходзяць 9 членаў. Па меры неабходнасці састаў яе абнаўляецца. У верасні, напрыклад, уведзена новы галоўны архітэктар раёна Т.А. Чупрыс і выведзены яе папярэдніца, а таксама прадстаўнік РАНС.

За 10 месяцаў адбылося 11 пасяджэнняў камісіі. Збіраецца яна па меры паступлення пратаколаў, бо яны павінны быць разгледжаны ў 15-дзённы тэрмін. Таму ў лютым, маі, чэрвені і жніўні праходзілі двойчы. Увогуле, з пачатку года разгледжаны 35 пратаколаў. Сума накладзеных штрафаў склала каля 12 мільёнаў рублёў.Найбольш часта на камісію выклікаліся парушальнікі артыкула 17.4 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях за ўцягванне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны – 17 пратаколаў. А гэта значыць, што канкрэтныя дарослыя былі заўважаны за сумесным распіваннем спіртных напіткаў і піва разам з непаўналетнімі. Адзначаны і зусім абсурдны факт: маці разам з непаўналетнім сынам у гасцях на роўных распівалі спіртныя напіткі, за што той потым давялося раскашэліцца. Часцей жа за ўсё спакушальнікамі і спакушанымі з’яўляюцца навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя, трапляюцца і зусім выпадковыя дарослыя сабутэльнікі.

Некалькі разоў караліся прадаўцы, якія адпускалі непаўналетнім алкагольную і слабаалкагольную прадукцыю, а таксама піва. Па артыкуле 12.17. “Парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг” (частка 6) разглядаліся 8 пратаколаў. Прадаўцы часта спасылаюцца на тое, што пакупнік выглядаў старэйшым за свой біялагічны ўзрост, а аказаўся непаўналетнім. У работнікаў прылаўка ёсць права патрабаваць пашпарт пры продажы алкаголю і піва, а таксама цыгарэт і карт. Як толькі ўзнікла сумненне, варта такі дакумент патрабаваць да прад’яўлення, і тады не ўзнікне праблем з законам.

Да 10 базавых велічынь можа каштаваць грэбаванне правіламі ўтрымання дамашняй жывёлы. У бягучым годзе на камісіі разглядаліся шэсць пратаколаў. У асноўным гэта былі скаргі на гаспадароў, якія не навязваюць сваіх сабак, не ўтрымліваюць іх на закрытай тэрыторыі, а тыя ў сваю чаргу ствараюць небяспеку для прахожых, суседзяў.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий