Новыя назначэнні

Общество

Ужо больш за месяц на новай пасадзе працуе былы галоўны інжынер філіяла “Аўтамабільны парк № 14” ААТ “Мінаблаўтатранс” Аляксандр Уладзіміравіч Ляуш. Ён узначаліў калектыў названага вышэй прадпрыемства.

Нарадзіўся ў горадзе Валожыне. У 1981 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, у гэтай навучальнай установе працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам. Затым яго біяграфія была звязана з аддзелам па рабоце з моладдзю Валожынскага райвыканкама. Са снежня 1999 года па жнівень 2004 года Аляксандр Уладзіміравіч узначальваў калектыў жылкамунгаса, а пазней перайшоў на працу ў аўтапарк № 14.

З пачатку гэтага месяца новы кіраўнік і ў калектыве раённага Цэнтра культуры. Дырэктарам гэтай установы назначана Алена Іванаўна Конаўка. Нарадзілася ў вёсцы Люташ Багданаўскага сельсавета. Алена Іванаўна – прафесіянальны культработнік. У 1989 годзе скончыла тагачасны Мінскі інстытут культуры. Яе агульны працоўны стаж складае 23 гады.

 

Мерыдыяны супрацоўніцтва

У творчую вандроўку ў Літву адправіўся заслужаны аматарскі калектыў, фальклорны гурт “Гасцінец” з Ракава, узначальвае які Лізавета Станіславаўна Пятроўская. Мы ў чарговы раз можам ганарыцца славутымі землякамі. На Міжнародным фестывалі ў Каўнасе гэты  самабытны калектыў прадставіць не толькі сталічную вобласць, а і скарбы нацыянальнай культуры Беларусі.

Фальклорны фестываль праходзіць у суседняй краіне з 25 па 27 мая. Прысвечаны ён вясельнай тэматыцы, будуць прадэманстраваны этнаграфічныя нумары на аснове рэгіянальных традыцый.

 

Працоўная сталасць калектыву

Да 65-годдзя з дня заснавання, якое адзначаецца 1 чэрвеня бягучага года, рыхтуецца калектыў валожынскага філіяла ААТ  “Белпласт”, які размешчаны на вуліцы Леніна райцэнтра.

Гэта прадпрыемства даўно ўвайшло ў гісторыю раёна дзякуючы выпуску сваёй брэндавай прадукцыі – наборам з пластмасы для ванных пакояў. Цяпер асартымент значна павялічаны. Больш за 40 відаў пластмасавых і іншых відаў прадукцыі сыходзіць з вытворчага канвеера. Калектыў філіяла налічвае 74 чалавекі. За мінулы месяц выпушчана прадукцыі з пластмасы больш чым на 800 мільёнаў рублёў. Па заказу навукова-вытворчага таварыства з абмежаванай адказнасцю ”Энергажылпрамбуд” белпластаўцы паспяхова асвоілі і вытворчасць металапрадукцыі. У красавіку яе рэалізавана на 260 мільёнаў рублёў.

 

Лета падорыць здароўе

На чарговым пасяджэнні райвыканкама абмеркавана арганізацыя летняга аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння дзяцей. Зацверджаны спіс аб’ектаў, на базе якіх будуць адкрыты лагеры працы і адпачынку, спартыўныя профільныя лагеры з дзённым прабываннем і аналагічныя ўстановы з кругласутачным знаходжаннем падлеткаў.

З рэзервовага фонду райвыканкама выдзелена 21,6 мільёна рублёў на даплату да поўнага кошту пуцёвак для катэгорыі дзяцей, якія маюць гарантаваныя фінансавыя льготы.

Для непаўналетніх традыцыйна адкрыецца двухзменны спартыўна-аздараўленчы лагер “Патрыёт”. У летніках будуць створаны аптымальныя ўмовы для лячэбна-прафілактычнай работы, забяспечаны ўстаноўленыя санітарныя нормы.

 

Вярнуліся з узнагародамі

На абласным свяце-конкурсе “Млечны шлях ад рук бабулі” на Капыльшчыне ўдзельнічалі і майстры з нашага раёна. Творчае спаборніцтва вялося ў шматлікіх намінацыях. Сваім спрытам з ткачамі-віртуозамі сталічнай вобласці мераліся Вітольд Малютка (3-е месца) з Каменя і яго здольны паслядоўнік Уладзіслаў Роман з Каменскай школы. Наталля Хаванская, мастацкі кіраўнік Сакаўшчынскага Дома культуры, па выніках конкурсу ўзнагароджана Ганаровым дыпломам за 1-е месца за актыўную перадачу майстэрства ткацтва маладому пакаленню. Яе здольныя выхаванкі – школьніцы Кацярына Карповіч і Марына Зошчык – занялі 3-е месца за ткацтва паясоў на ніту (з дапамогай нагі).

Да друку падрыхтавала Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий