БЭБІ-БУМ ПА-ВАЛОЖЫНСКУ

Общество

Апошнім часам дэмаграфічная сітуацыя на тэрыторыі Валожынскага сельсавета пачала выпраўляцца.

Работнікі сельвыканкама з радасцю канстатуюць: у мінулым годзе нарадзілася 29 дзетак, і сёлета выдатная тэндэнцыя працягваецца.

У мінулую пятніцу ў сям’і Міхаіла Сака з вёскі Аўгустова нарадзіўся другі сынок. Маленькі жыхар раёна стаў дванаццатым дзіцем, чыё з’яўленне зарэгістравана з пачатку бягучага года. Абнадзейвае аптымістычны настрой і іншых сем’яў: большасць тых, у каго ўжо гадуюцца двое крывінак, гатовы падняць на ножкі яшчэ і трэцяга.

Як адзначаюць спецыялісты сельвыканкама, на 2012 год было заяўлена 9 вяселляў, 6 маладых сем’яў ужо ступілі на шлях самастойнасці. Гэта лічба абяцае неўзабаве падрасці: многія маладыя пары, якія пакуль афіцыйна не аформілі адносін, але маюць на гэта разлік, імкнуцца сёння набыць участкі для будаўніцтва жылля менавіта ў блізляжачых да райцэнтра вёсках. А значыць, будуць яшчэ вяселлі, разам з імі заканамерна будзе ўмацоўвацца і дэмаграфія.

 

ЗАРАБЛЯЦЬ, КАБ УМЕЛА СПАЖЫВАЦЬ…

Паступова ўмацоўвае матэрыяльна-тэхнічную базу КСУП “Падбярэззе”. Дзякуючы ўмеламу і ініцыятыўнаму падыходу кіраўніцтва, гаспадарка стала на шлях упэўненага развіцця.

У бягучым годзе гаспадарка набыла ў лізінг трактар “МТЗ-82” і грэбнеўтваральнік “ГВР-2,8” лідскай вытворчасці, новая тэхніка ўжо праходзіць апрабацыю на пасадцы бульбы. Нямала навінак куплена і за ўласныя сродкі сельгаспрадпрыемства. Сярод іх касілка “КДН-2,1”, спецыялізаваны прычэп “ПТС-4” для адвозу арганікі, 9-тонная бочка для падвозу мінеральных угнаенняў. Акрамя таго, у недалёкім будучым тут плануюць набыць яшчэ спецыяльную прыстаўку для ўборкі кукурузы да камбайна і 6-метровы дыскатар. Клапоціцца кіраўніцтва і пра жывёлагадоўлю. Восенню плануецца ўвод рэканструяванай адпаведна з сучаснымі патрабаваннямі фермы, падрыхтоўчыя работы вядуцца ўласнымі сіламі і з дапамогай філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”.

Неабходныя сродкі ў КСУП “Падбярэззе” вучацца зарабляць самастойна. Прыбыткі прынесла здача жывёлы дзяржаве, вялікія дывідэнды прыносіць і рэалізацыя малака. Да прыкладу, сёлета прырост да валавага надою ў параўнанні з мінулым годам склаў 122,3 працэнта, а продаж малака вышэйшым гатункам дасягнуў 92 працэнтаў.

 

ДАРОГА РОЎНАЙ СТУЖКАЙ УЕЦЦА…

Работа філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” — “ДРБУ № 167” сёння сканцэнтравана на рамонце дарог з дрэнным станам асфальта-бетоннага пакрыцця, агульная працягласць якіх у раёне складае каля 80 кіламетраў. Хутка гэта лічба зменшыцца яшчэ на 2,3 кіламетра.

Менавіта такая адлегласць паміж аўтадарогай Валожын-Вішнева і вёскай Адамова. Кожны аўтаўладальнік, які тут праязджаў, “узнагароджваў” гэты прамежак порцыяй абгрунтаваных скаргаў: колы шматлікіх аўтамабіляў, доўгія гады, а таксама дажджы зрабілі праезд да цэнтральнай сядзібы філіяла ААТ “Белтрубаправодбуд” некамфортным, пагражальным для асноўных вузлоў падвесак транспартных сродкаў. Дзякуючы работнікам дарожных службаў, сітуацыя мяняецца на вачах ужо цяпер. На аднаўленне дарогі на дадзены момант зрасходавана 1200 тон асфальтабетоннай сумесі з неабходных для гэтай мэты 2700 тон. Рамонт вядзецца ў два этапы: дарожныя майстры сёння закладаюць так званы выраўноўваючы слой, пасля зверху будзе пакладзена асноўнае, больш трывалае пакрыццё таўшчынёй у 3,5 сантыметра.

Вядома, якасная работа патрабуе адпаведных фінансавых укладанняў. Пры дзеючых цэнах адна тона асфальтабетоннай сумесі каштуе каля 750 тысяч рублёў. Няцяжка падлічыць, што рамонт 2,3 кіламетра трасы, якая зноў верай і праўдай доўгі час будзе служыць жыхарам і гасцям вёсак Адамова, Няровы, Кібы, Савічы, абыдзецца больш чым у 2 мільярды. Неабходныя сродкі выдзелены з абласнога бюджэту.

Падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий