У кантэксце надзённых пытанняў…

Официально

5 лістапада прыём грамадзян у Валожыне правёў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь А. В. Праляскоўскі.

Міністэрства інфармацыі – дзяржаўная ўстанова публічная па сваёй унікальнай магчымасці пастаянна наладжваць камунікатыўныя адносіны з людзьмі. Многія вектары яго работы маюць выразную сацыяльна значную накіраванасць. І таму не выпадкова, што кожнаму, хто 5 лістапада завітаў на прыём да кіраўніка рэспубліканскага ведамства – Алега Вітольдавіча ПРАЛЯСКОЎСКАГА, было пра што паразважаць.

Дыялог, які вёў міністр час прыёму грамадзян у Валожыне, меў узаемную карысць. Міністру было цікава даведацца, што найбольш хвалюе людзей у глыбінцы, і, як сам пазней прызнаўся, яму вельмі імпанавала, што валожынцы ўзнімалі не праблемы асабістага характару, а разважалі пра тое, што непакоіць большасць з нас. Маладая маці з райцэнтра Вераніка Загорская, напрыклад, лічыць, што на  нацыянальных тэлеканалах пакуль яшчэ недастаткова праграм і праектаў пазнавальнага, забаўляльнага зместу, адрасаваных дзіцячай аўдыторыі. Ветэран педагагічнай справы, адна з самых актыўных наведвальніц раённай бібліятэкі, Марыя Пятроўна Чэпік таксама прадоўжыла тэму духоўнасці. Яе хвалюе паслабленне з боку дзяцей  інтарэсу да кнігі, амаль пагалоўнае іх захапленне камп’ютарамі. А кніжную духоўную, асветніцкую скарбніцу не заменіш нічым!  У якасці ўмацавання  гэтага інтэлектуальнага звяна педагог з вялікім стажам папрасіла, каб Міністэрства інфармацыі пасадзейнічала, і на перыферыі, а не толькі ў сталіцы, працавалі перасоўныя кніжныя выставы, каб людзі ўвачавідкі маглі пазнаёміцца з найбольш значнымі айчыннымі экспанатамі –  удзельнікамі Міжнародных кніжных выстаў. А. В. Праляскоўскі пагадзіўся, што любоў да кнігі, асабліва сярод маладых людзей, варта стымуляваць рознымі магчымымі спосабамі. Успомніў нават рускую класіку – абавязковы для вывучэння твор школьнай праграмы “Вайна і мір” – і пашкадаваў, што замест таго, каб  цалкам пачытаць геніяльна напісаную эпапею, сучасныя школьнікі цяпер абыходзяцца кнігай-канспектам аб’ёмам усяго ў 50 старонак. “Наступны год, – падзяліўся планамі міністр, – ёсць намер абвясціць Годам чытання, Годам роднай літаратуры”.

У час прыёму грамадзян было абмеркавана і пытанне далейшых перспектыў валожынскага ўчастка Маладзечанскай друкарні “Перамога”, якім кіруе Васіль Мікалаевіч Голас. Міністр інфармацыі абнадзеіў, што, нягледзячы на невялікі па колькасці калектыў, участак па-ранейшаму захаваюць, будзе аказана і адпаведная падтрымка, але, каб зарабляць грошы, развівацца, трэба валожынскім друкарам і самім круціцца.

…Тое, што грамадзян хвалююць сацыяльна значныя пытанні, сведчыць, што  яны імкнуцца да ўдзелу ў дзяржаўным кіраванні. А гэта шлях, які вядзе да дэмакратыі. Ды і ў Міністэрства на прыём часта прыходзяць простыя людзі з тым, што ў іх набалела на душы. “Наўрад ці ёсць у свеце краіна больш даступная і адкрытая, чым наша Беларусь”, – зазначыў А. В. Праляскоўскі.

Пра многія падрабязнасці тэлевізійнай “кухні”,  сучасныя маркетынгавыя аспекты работы электронных СМІ,  вялікую залежнасць іх фінансавай стабільнасці ад рэкламы разважаў міністр, калі сярод зададзеных яму пытанняў прагучала тое, што закранала  негатыўнае ўздзеянне некаторых рэкламных ролікаў на здароўе грамадства, на трываласць маральных пастулатаў. У ліку іх рэклама піва, залішне разняволеныя сцэны ў некаторых фільмах і музычных кліпах і многія “праблемныя” кадры. У прыватнасці, гэту і іншыя праблемы ўзнімала ў час сустрэчы метадыст Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя, першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі Ірына Сяргееўна Каваленка.

Прыём наведвальнікаў не быў падобны на стандартны дзелавы сцэнарый: задаў пытанне – атрымаў лаканічны адказ. Адчувалася, што людзям было вельмі цікава паразмаўляць са сталічным чыноўнікам такога высокага рангу. Падкупляла інтэлігентнасць Алега Вітольдавіча, яго падкрэслена паважлівыя адносіны да наведвальнікаў. Калі да яго рабочага стала падыходзілі жанчыны, то ён вітаў іх стоячы.

На прыёме грамадзян у Валожыне прысутнічала больш за 10 журналістаў розных сродкаў масавай інфармацыі.  Яны не маглі не скарыстаць магчымасць, каб таксама не задаць пытанні, якія найбольш непакояць. Гэта і падрыхтоўка да выбараў Прэзідэнта краіны, і перспектывы рэгіянальных тэлестудый,  развіццё Інтэрнэт-прасторы, работа па стварэнню беларускага партала СМІ,  а таксама не заўсёды высокая  тэхнічная якасць тэлевізійнага вяшчання ў некаторых рэгіёнах і многае іншае. Міністр інфармацыі не раз падкрэсліваў, што ў нашай краіне адкрытая інфармацыйная прастора. Напрыклад, толькі ў кабельных сетках вяшчаюць 120 каналаў. Тры мільёны карыстальнікаў Інтэрнэту налічваецца ў Беларусі.  Адзін мільён экзэмпляраў складае агульны разавы тыраж рэгіянальнай прэсы. За два апошнія гады не закрылася ніводная недзяржаўная газета, нягледзячы на тое, што з боку рэдакцый былі дапушчаны сур’ёзныя парушэнні…

У той жа дзень міністр інфармацыі Алег Вітольдавіч Праляскоўскі наведаў і калектыў рэдакцыі газеты “Працоўная слава”. Ён станоўча ацаніў работу творчага калектыву па выпуску 24- палоснага штотыднёвіка, электронную  версію раёнкі, зазначыўшы, што менавіта ў такім напрамку  і на такім якасным узроўні ён і хацеў, каб развівалася рэгіянальная прэса. Безумоўна, будучыня за АйЦі-тэхналогіямі. Але і друкаваную прадукцыю, газеты, якія даюць людзям хвалюючае адчуванне радасці, калі яны бяруць у рукі новую кнігу ці свежы нумар перыёдыкі і з хваляваннем перажываюць хвіліны спазнання новых адкрыццяў, яшчэ пакуль таксама рана спісваць у архіў…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея Бобрыка.



Добавить комментарий