СПРАВА, ЯКОЙ АДДАДЗЕНА СПАЎНА…

Общество

У тым, што заробак больш за сем мільёнаў рублёў у месяц – гэта рэальнасць, пераканалася аператар машыннага даення з фермы «Залессе» ААТ «Пугачы» на ўласным прыкладзе.

За адзін месяц С. В. Якубовіч зарабіла звыш 7 мільёнаў рублёў.  Пагадзіцеся, што гэта дастойны заробак, бо столькі атрымлівае нават далёка не кожны кіраўнік сельгаспрадпрыемства. Цяпер, праўда, зарплата стала крыху меншая. Бо каровы расцяліліся, маладняк, які трэба было штодзень даглядаць, здадзены на дарошчванне на іншую ферму гаспадаркі. Выплаты за працу аператарам машыннага даення ў ААТ “Пугачы” дыферэнцыраваныя. Яны залежаць ад прадукцыйнасці жывёлы, ад нагрузак, якія выпадаюць даярцы на пэўны перыяд догляду за жывёлай. Святлана Віктараўна на ферме “Залессе” ААТ “Пугачы” працуе на раздоі першацёлак. У перыяд, калі каровы прыводзяць маладняк, зразумела, прыбаўляецца і працы на ферме. Амаль на працягу месяца патрэбна вока ды вока за кволымі яшчэ цяляткамі. Даяркі старанна даглядаюць іх, выпойваюць апетытным сырадоем, а ў зімовую пару нярэдка заварваюць і нясуць з дому умацоўваючыя фітанастоі. У дні ацёлаў кароў, без перабольшання будзе сказаць, адданыя працаўніцы днююць і начуюць на жывёлагадоўчых фермах.

Аднойчы так здарылася, што Святлана Віктараўна вымушана была змяніць свой звыклы працоўны расклад. Здарыўся пералом рукі, спатрэбілася працяглае лячэнне. Ведалі б вы, як яна перажывала: на каго ж пакінуць групу кароў, якая налічвала амаль 70 галоў?! І выйсце знайшла наступнае. Прапанавала кіраўніку гаспадаркі на час яе хваробы перавесці мужа, які працаваў слесарам, на жывёлагадоўчую ферму. Просьба была такая настойлівая і пераканаўчая, што старшыні нічога не заставалася, як падпісаць загад аб такім не радавым часовым кадравым замяшчэнні. Прабыўшы толькі некалькі дзён на бальнічным Святлана Віктараўна ўсё ж не змагла не думаць пра сваю работу, пра кароў. Амаль штодзень наведвала трохразовую дойку і кантралявала, настаўляла мужа-даяра, каб працаваў не горш, чым яна ў свой час. Асабліва непакоілася, каб была старанна падоена кожная першацёлка – да кропелькі малака ў літаральным сэнсе гэтага слова. Бо хто-хто, а яна ведае, што ад якасці даення і ў далейшым будзе залежаць поспех яе работы, малочны патэнцыял кароў, а значыць і яе заработная плата. І так у працоўных клопатах прайшлі ўсе сорак дзён яе бальнічнага…

Паміж жывёлаводкамі ААТ “Пугачы” ідзе неаб’яўленае спаборніцтва: кожная з іх стараецца вызначыцца сваімі поспехамі. Асаблівы клопат даяркі праяўляюць пра захаванне маладняку. Калі ўдаецца забяспечыць амаль стопрацэнтны выхад цялят, не дапусціць іх падзяжу, то і заработная плата будзе высокая. Чакае такіх руплівых даярак і матэрыяльнае заахвочванне. Не дапушчана падзяжу маладняку – атрымлівай у якасці прэміі цяля з фермы гаспадаркі. Ужо тры аператары машыннага даення ў дадатак да высокіх заробкаў заахвочаны за бездакорную працу падобным чынам.

Трохразовае даенне кароў, тым больш у групе, якая складаецца з першацёлак, – нялёгкая праца. Яна пад сілу толькі сапраўдным жывёлаводам-энтузіястам, якія нярэдка працуюць без выхадных, ды і ў водпуск не надта рвуцца.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *