ТАЛЕНТ СВЕЧКАЮ ГАРЫЦЬ І ЯГО НЕ ПАТУШЫЦЬ

Официально

Даўно заўважана, што калі чалавек ідзе паўз чужога дома, яму чамусьці заўсёды хочацца паглядзець у акно. Цікава, а што там адбываецца?! А тут раптам такі спосаб шчырай адкрытасці: у госці да сябе запрасілі ўсіх жадаючых сем’і, якія прыехалі ў Валожын 19 мая з розных куткоў Міншчыны.

Свае візітныя карткі яны прадставілі на плошчы Свабоды райцэнтра, бо сустракалі гасцей на імправізаваных падворках. Нават гэты невялікі ачаг дапамог адчуць цёплую, добразычлівую атмасферу, якая пануе ў шматдзетных сем’ях. І хоць у мерапрыемства быў сфармуляваны дакладны кантэкст – здаровы лад жыцця, – кожная сям’я прадставіла сябе даволі шматгранна. На інфармацыйных стэндах госці пераканаўча прадэманстравалі ўтульнасць дамашняга ачага, распавялі пра свае шматлікія захапленні, прывезлі кулінарныя стравы з яўнай прэтэнзіяй на эксклюзіў. Завітаўшы на падворак, можна было пазнаёміцца з фотаінфармацыйным матэрыялам пра ўдзел сем’яў у розных конкурсах, даведацца пра правядзенне вольнага часу.

Як правіла, амаль усе ўдзельнікі заключ-нага этапу абласной акцыі – гэта шматдзетныя сем’і. У некаторых падрастае па трое і нават пяцёра дзяцей. Радуе, што няўрымслівыя дарослыя праяўляюць столькі старання і фантазіі, каб рознабакова выхоўваць сваіх дзетак. Ды і самі не абмяжоўваюцца каардынатамі прыватнай сядзібы ды асноўнай працай. Бацькі і дзеці ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці, многія перамагаюць у розных рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах. Усе без выключэння сябруюць са спортам, з карысцю праводзяць выхадныя дні. Паездкі летам у Крым, Чэхію, Турцыю, у славуты Парыж сталі звыклымі ў раскладзе многіх сем’яў, якія жывуць у вёсках. Пра гэта сведчылі аматарскія фотаздымкі.

Цешыць тое, што дзяцей змалку вучаць працавітасці, пашане да бацькоў. Асабіста я з вялікім інтарэсам пагартала шматстаронкавы ілюстраваны расказ Ганначкі Гусевай з вёскі Зялёны Бор Смалявіцкага раёна пра свайго бацьку, які працуе ў сельскім доме культуры. Прафесійныя абавязкі і сямейныя клопаты ён удала спалучае. Добраўпарадкаваў дом, ён заўзяты турыст, займаецца спортам, захапляецца рыбалкай, “заразіў” зімовай лоўляй рыбы і сваю дачку-падлетка.

На фоне шматлікіх удзельнікаў абласной акцыі, якія стаялі каля галоўнай сцэны ў чаканні сваёй чаргі перад творчай справаздачай, здалёк выдзяляўся святар у сутане з гітарай за спінай. Як потым аказалася, пад акампанемент гэтага музычнага інструмента айцец Павел, настаяцель Кіявіцкага прыхода Капыльскага раёна, здольны выканаць песні, якія запамінаюцца гледачам эмацыянальнай выразнасцю. Дапамагаюць яму ў гэтым на канцэртах матушка і дзеткі, а іх у сям’і пяцёра.

Пад агульным аптымістычным дэвізам абласной акцыі ў імя здаровага ладу жыцця з іншымі аб’ядналася і сям’я Г. А. Жалтка з Івянца. Для яго мінулы выхадны быў падвоеным святам: акурат прыпаў Дзень работнікаў фізкультуры і спорту, а Генадзь Альфонсавіч працуе настаўнікам фізкультуры, кіруе аматарскім клубам “Івянецкія маржы”.

Разам з жонкай яны выхоўваюць чацвёра дзяцей. Таццяна Леанідаўна – цырульнік па прафесіі, яна не толькі клапатлівая гаспадыня і пяшчотная матуля, а і чэмпіён раёна па дартсе і настольным тэнісе.

Парадавала гледачоў арыгінальнасцю мастацкага рашэння нумара сям’я Дарошка з Жодзіна. На матыў арабскай казкі, дзе, як вядома, заўсёды пераважае і перамагае гарачае каханне, паклалі яны сваю сямейную гісторыю.

Кожная сям’я на заключным этапе аблас-нога свята “Здаровая сям’я” ў Валожыне атрымала каштоўныя падарункі ад Мінскага аблвыканкама. Заахвочаны і метадычныя аб’яднанні раёнаў, якія аказалі значную дапамогу ў правядзенні мерапрыемства. Валожынскі РЦК таксама быў у іх ліку.

Падзяка прагучала і ў адрас нашых вядучых – Максіма Палуйчыка і Хрысціны Лямбовіч-Палуйчык з Ракава і іх юнага памочніка – сыночка Андрусіка.

 

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий