З ШЭРСЦІ НАРАДЖАЮЦЦА ЦУДЫ

Культура

У Ноевым каўчэгу ўсім жывёлам было цеснавата, таму авечкі стараліся трымацца дружна. Ад ёрзання іх кучаравая шэрсць падала на падлогу, намакала і ўзбівалася капытамі. Такім чынам, паводле легенды, з’явіўся першы валены дыван.

Людзі з тых часоў па заслугах ацанілі ўнікальныя якасці шэрсці, ператварыўшы валенне ў тэкстыльнае мастацтва, якое жыве ўжо каля васьмі тысяч гадоў і становіцца цяпер незвычайна папулярным.

Маленькія модніцы нашага горада з запалам наведваюць Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Тут працуе гурток па тэхніцы валення шэрсці, дзе майстрыха і тэхнолаг па адукацыі Н. А. Перападзя адкрывае сваім падапечным яркі свет старажытнага мастацтва.

Працаваць з шэрсцю школьніцам асабліва прыемна. Матэрыял мяккі, цёплы і жывы, бо падзяліліся ім з чалавекам падстрыжаныя рахманыя авечкі. Дзяўчынкі-рукадзельніцы старанна апрацоўваюць гэтыя рознакаляровыя лёгкія камячкі, ператвараючы іх у пацешных звяркоў, дзіўную біжутэрыю, стыльныя і ўнікальныя аксесуары, сумкі. Гэтыя работы ўжо не раз займалі першыя месцы на абласных конкурсах дзіцячай творчасці.

Кіраўнік гуртка Наталля Аляксандраўна ў сілу вопыту ўмее рабіць з шэрсці больш складаныя рэчы: шапкі, гаржэткі, валёнкі, тапачкі. І усё гэта з поспехам ужываецца ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, ранняй вясной яна носіць элегантны капялюшык і эксклюзіўны шалік з шэрсці англійскага мерыноса.

– З шэрсці можна ствараць усё, на што толькі здольная фантазія. Вельмі творчыя ў мяне Таня Ліштван, Ангеліна Талькоўская, Таня Матус, Оля Бобрык, Наташа Зайцава, Насця Стэльмах, Наташа Арцюкевіч, Дзіна Сакалоўская, Алёна Цаюн, Дыяна Рудовіч, Ліза Бобрык, Дыяна Барбашынская. Тэхніку валення асвоіць кожны, калі ўзяўся за справу з душой, – упэўнена кіраўнік гуртка Наталля Аляксандраўна.

– Раскажыце, калі ласка, як зваляць аб’ёмны шарык? Я бачу, дзяўчынкі нават носяць завушніцы з шэрсці.

– Для гэтага выкарыстоўваюць спосаб сухога валення. Ушчыльняем камячкі шэрсці з дапамогай спецыяльных іголак. Іголкі вельмі вострыя, маюць зазубіны, якія падчэпліваюць і змешваюць, зблытваюць валокны шэрсці. На тоўсты паралонавы дыванок кладзём шчыльны камячок шэрсці і пачынаем пратыкаць яго іголкай наскрозь з розных бакоў. У выніку ён памяншаецца ў 3-5 разоў. Такім спосабам робім аб’ёмныя цацкі, лялькі, біжутэрыю, набіваем узоры на лямцы.

– А для чаго вам чайнік з вадой, мыла і ручнік?

– Гэта для тэхнікі мокрага валення, яна досыць працаёмкая. Гэты працэс можна апісаць так: валокны на шаблоне размяшчаюцца крыжападобна адно да аднаго, паліваюцца гарачай вадой і намыльваюцца. Уся справа ў тым, што натуральная шэрсць “скурчваецца” у гарачай вадзе. Мокрае валенне падыходзіць для плоскіх вырабаў: адзення, пано.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий