Другое жыццё старадаўняга палаца

Культура

Доўгі час мазоліў вочы паўразбураны палац на хутары Кропаўшчына, што ля вёскі Люціна. Найбольш дасведчаныя шкадавалі, што не трапіўся ён на вочы кінематаграфістам, бо мог лёс яго быць больш удалым. Але, гавораць, знайшліся ўсё ж разумныя людзі і рашыліся надаць руінам другое жыццё. Ужо мінулым летам вяліся падрыхтоўчыя работы ўнутры будынка. Магчыма, сёлета будуць зроблены першыя крокі па яго рэстаўрацыі, і некалі палац паўстане ва ўсёй былой прыгажосці і будзе ўключаны ў турыстычны маршрут «Тупальшчына – Малая Люцінка». Беларускія краявіды заўсёды былі цікавыя для вока іншаземцаў, ды і маладое пакаленне нашых людзей ужо мала ўяўляе сабе жыццё продкаў удалечыні ад цывілізацыі. І тое, што пачалося аднаўленне закінутых панскіх сядзіб, якія затым служаць у якасці аграсядзіб, – вельмі добрая і нават высакародная справа.
Цікавая гісторыя гэтага маёнтка. Хачу падзяліцца тым, што даведалася, з чытачамі раёнкі. Першым гаспадаром быў Врольд Зэль, па ўсім відаць, чалавек неардынарны, бо сябраваў з нашчадкамі В. І. Дуніна-Марцінкевіча. Пасля яго смерці, з 1934 года кіравала гаспадаркай дачка Зося Зэль. Старажылы ўспамінаюць, што яна любіла ездзіць вярхом на кані, трымала вялікую ферму, мела млячарню. Вясковыя людзі любілі маладую паненку, называлі яе ласкава: «Пані Зэлёва». У 1939 годзе Зося ўзяла шлюб з польскім афіцэрам. Цырымонія адбывалася ў тупальскай капліцы. Дзве дзяўчынкі з Падневічаў падтрымлівалі доўгі вэлюм паненкі. Малады муж неўзабаве апынуўся на польска-германскай вайне. А ў 1940 годзе ў «Зэлішкі» савецкая ўлада канфіскавала ўсю маёмасць. Бедная жанчына са старэнькай маці нейкі час туліліся ў добрых людзей, потым яны выехалі ў Польшчу. Далейшы лёс гаспадыні палаца вяскоўцам невядомы.
Трагічны лёс напаткаў і іх сямейнае гняздо. У 1943 годзе партызаны з Налібоцкай пушчы спалілі будынак, баючыся, што ён стане надзейнай крэпасцю для ворагаў.

Наталля КАПУСТА, жыхарка вёскі Урублеўшчына.
Фота аўтара.



Добавить комментарий