Маўклівага і непаваротлівага гадаванца з італьянскімі каранямі мае трэцякласнік Саша Абрамчык з Сакаўшчынскай СШ.
Вінаградны смоўж – далікатэс, незаменны біялагічны матэрыял у медыцыне і аб’ект эксперыментаў хлопчыка. Каб смоўж самавольна не пусціўся ў падарожжа, хлопчык трымае яго ў пластмасавай клетачцы. У такім няхітрым збудаванні малюск па мянушцы Уля жыве ўжо трэці год.
– Саша, чым зацікавіў цябе гэты малюск?
– Ну хаця б тым, што рожкі слімакоў – гэта нос навыварат. Улю я прывёз з Навагрудскага раёна, займаюся яе вывучэннем. Даведаўся, што ў смаўжа каля 25 тысяч зубоў. Размешчаны яны ў выглядзе “таркі”, якая перацірае ежу. Мяркуецца, што слімакі не бачаць, а толькі адрозніваюць святло і цемру.
Ракавіна-хатка абараняе смаўжа ад ворагаў, яна можа вытрымаць ціск да 13,5 кілаграма. Калі ракавіна пашкоджаная, Уля хутка “адрамантуе” яе, спецыяльнай вадкасцю зацэментуе пралом, і праз тыдзень ракавіна ў поўным парадку.
– Ці багаты стол смаўжа, якая любімая страва Улі?
– Зімой яна нічога не есць, бо на тры месяцы кладзецца спаць. Дарэчы, смаўжы не баяцца марозу, яны могуць пераносіць тэмпературу мінус 7 градусаў. Вясной абуджаецца. Якіх толькі страў не есць! Морква, яблык, агуркі, шчаўе, любіць лісце лясных суніц, трыпутніку, дзьмухаўца, лопуху, крапівы, капусты, рэдзькі.
– Саша, ты ўдзельнічаў у конкурсе “Я – даследчык”, дзе прадставіў сваю работу па вывучэнні вінаграднага смаўжа? Чым праславіў сябе гэты малюск?
– Напрыклад, са смаўжоў робяць лекі. У некаторых краінах Еўропы нават ёсць смаўжовыя фермы. Гэтых малюскаў спецыяльна вырошчваюць і ядуць, бо ў іх мясе ўтрымліваецца больш бялку, чым у курыным яйцы. Максімальная хуткасць вінаграднага смаўжа 7 см у хвіліну. У засушлівае лета смаўжы становяцца млявымі, бяздзейнымі. Таму, каб не страціць з цела вільгаць, залазяць у ракавіны і адгароджваюцца ад навакольнага асяроддзя тонкай празрыстай плёнкай, падобнай на цэлафан. Вылазяць з ракавіны, як толькі выпадуць дажджы.
Алена ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.