У ПРЫЗЁРАЎ ТРОЙЦЫ – «ПАТРЫЁТ»

Молодежный курьер

Ваенна-патрыятычная гульня «Бастыёны мужнасці» чарговы раз прайшла на Валожыншчыне. На гэты раз тэрыторыя воінскай часці 30695 стала месцам збору пяці каманд-удзельніц з Валожына, Вілейкі, Маладзечна, Мядзеля і Стоўбцаў.

Традыцыйна «Бастыёны мужнасці» сумяшчаюць у сабе комплекс спаборніцтваў, прызначаных выпрабаваць на практыцы атрыманыя юнакамі і дзяўчатамі веды па дапрызыўнай падрыхтоўцы, паралельна развіваючы спрыт і спартыўны азарт, уменне  правільна дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях. Спрэчка за лідарства пачалася з агляду-конкурсу строю і песні, падчас якога каманды агучылі свае дэвізы і ўпэўнена прамаршыравалі па вайсковым пляцы.

Таксама ўдзельнікі гульняў прайшлі праз ваенізаваную эстафету, дзе выконвалі нарматывы баявой і спецыяльнай падрыхтоўкі. Тут былі і «змейка-лабірынт», і бег, і пераадоленне аконнага праёма. Пасля гэтага каманды прыступалі да другога этапу: апраналі на хуткасць на сябе агульнавайсковы ахоўны комплекс, укамплектоўвалі салдацкія рэчавыя мяшкі. Тут жа дзяўчаты пад наглядам афіцэраў з судзейскай каманды ўпэўнена расказвалі і дэманстравалі, якім званням адпавядаюць пэўныя пагоны, а юнакі спрытна і хутка разбіралі і збіралі аўтаматы, разраджалі і зноў зараджалі аўтаматныя магазіны вучэбнымі патронамі.

Не меншым ажыятажам і хваляваннем удзельнікаў «Бастыёнаў мужнасці» суправаджаліся конкурсы на кіданне гранаты, перанос умоўна параненага і аказанне яму першай медыцынскай дапамогі ў залежнасці ад цяжкасці «ранення». Як толькі заканчвалі гэты этап, імчалі ставіць турыстычную палатку: для перамогі рашаючай была кожная секунда. Не менш важным этапам стала вызначэнне трапнасці стральбы з пнеўматычнай зброі. У гэтым конкурсе ад кожнай каманды выступалі па тры чалавекі.

Пакуль стомленыя маладыя людзі пасля праходжання ўсіх эстафет і этапаў ваенна-патрыятычнай гульні бралі кароткую паўзу на перадых, суддзі падводзілі вынікі. Найбольш удалым сёлетняе выступленне стала для каманды маладзечанцаў, яны і занялі першае месца. Другімі па выніках спаборніцтваў сталі мядзельцы, тройку прызёраў замкнула валожынская каманда «Патрыёт».

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий